Лірычны настрой
17.05.2022 10:22
У Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя другога выпуску літаратурнага альманаха “Лірычны настрой”, які пабачыў свет у выдаўца Ефціфеевай Наталлі Пятроўны.
У зборніку размешчаны творы 14-ці паэтаў і празаікаў; усе аўтары – члены літаратурнага клуба “ПаэтыКо”, які працуе пры бібліятэцы. На імпрэзу завіталі сябры і знаёмыя літаратараў, прадстаўнікі сістэмы адукацыі Кобрыншчыны і школьнікі.
Напачатку мерапрыемства дырэктар Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ларыса Легацюк расказала пра літаратурны клуб, яго работу і дасягненні. А затым паэты адзін за адным расказвалі пра сябе і чыталі свае вершы. Вядучай прэзентацыі, кіраўніком клуба “ПаэтыКо”, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Кандрашук (Ефціфеевай) быў прадстаўлены кожны аўтар альманаха, нават тыя, у каго не атрымалася прыйсці асабіста (іх вершы чыталі іншыя людзі). Упрыгожваннем імпрэзы сталі аўтарскія песні на словы кобрынскіх паэтаў. Дапоўнілі творчы вобраз літаратурнага клуба кніжная выстава “ПАЭТЫчны КОбрын” і выстаўка рукадзельных работ “паэтыкаўцаў”.