Чытайка
23.02.2023 14:53
У Дзень роднай мовы ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся конкурс чытання тэкстаў на беларускай мове “Чытайка”.
Арганізатарам незвычайнага спаборніцтва выступіла Наталля Кандрашук – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаратурнага клуба “ПаэтыКо”, які працуе пры бібліятэцы.
Шаснаццаць канкурсантаў без падрыхтоўкі чыталі тэксты, якія выцягвалі, як экзаменацыйныя білеты. Конкурс складаўся з двух тураў: паэзія і проза. Адметнасць мерапрыемства ў тым, што ўсе прапанаваныя для канкурсантаў тэксты належалі пяру кобрынскіх аўтараў. Гэта вершы Наталлі Кандрашук, Надзеі Момлік, Марыны Міхалюк, Зінаіды Навасад, Алены Котавай, Жанны Елізаравай, Валянціны Пігас, Ніны Пучык і проза члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоля Брытуна, які некалі вучыўся ў Верхалесскай школе.
Па выніках работы журы вызначыліся 3 пераможцы: Дар’я Мартынчук (1 месца), Валянціна Кірыеўская (2 месца), Паліна Семянчук (3 месца). Яны разам з прызамі атрымалі дыпломы ад Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, а ўсе ўдзельнікі конкурсу, у тым ліку і пераможцы, узнагароджаны сертыфікатамі на бясплатнае карыстанне кнігамі павышанага попыту.