Кожную вёску прадставілі краязнаўцы (а ў вёсках гэта, як правіла, бібліятэкары), а таксама жыхары. Яны падрыхтавалі невялічкія цікавыя апавяданні пра сваю мясцовасць. Падарожжа праходзіла ў мультымедыйным фармаце. Гледачы маглі ацаніць фільм пра Лелікава, паназіраць за прэзентацыяй з Плянты ці Імянін, даведацца, чаму так называюцца гэтыя вёскі, якія песні спяваюць жыхары, якія чытаюць кнігі і расказваюць байкі.
- Кожны з выступаўшых расказаў пра сваё бачанне вёскі, - дзеліцца ўражаннямі Святлана Курачук.
- Нехта распавядаў пра мінулае сваёй мясцовасці. І мы бачым, якое яно багатае ў вёскі Лелікава. Дарэчы, мала хто ведае, што вёска ўпаміналася ў летапісе ўпершыню ў 1546-м годзе. Якраз-такі Лелікава бачыла і Вялікае Княства Літоўскае, і Рэч Паспаліту.
Таксама чытачам шырока была прадстаўлена кніжная выстава "Падарожжа па карце Кобрыншчыны", дзе госці маглі азнаёміцца з найбольш цікавай краязнаўчай літаратурай, якая ёсць у бібліятэцы.
А напрыканцы з дапамогай віктарыны сярод удзельнікаў быў вызначаны самы ўважлівы. Ён атрымаў памятны падарунак.
Увогуле за мінулы месяц у бібліятэцы прайшоў шэраг краязнаўчых мерапрыемстваў. Адкрыўся месячнік знаёмствам іншагародніх навучэнцаў каледжаў і ліцэя з Кобрынам. У сярэдзіне месяца на базе Кобрынскай раённай бібліятэкі прайшла сустрэча кіраўнікоў краязнаўчых аб'яднанняў вучняў і кіраўнікоў школьных музеяў. У межах гэтага семінара адбылася прэзентацыя краязнаўчых выданняў, што ёсць у бібліятэцы, выстава "3 літаратурнай крыніцы Кобрыншчыны" і г.д.
- Увогуле, краязнаўства ўжо даўно стала адным з прыярытэтных накірункаў нашай дзейнасці, - адзначае Святлана Курачук. - Менавіта краязнаўства спрыяе выхаванню ў маладога пакалення пачуцця любові, гонару за свой край, а таксама фарміраванню патрыёта і грамадзяніна.
Настасся ЗАНЬКО.