Курачук, С. Хатыні вогненныя сёстры: 22 сакавіка – 70 гадоў з часу знішчэння в. Хатынь: [Напярэдадні трагічнай даты ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі пад такой назвай арганізавана выстава-боль]/ Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2013. – 20 сак
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

223

PDF Печать E-mail

Хатыні вогненныя сёстры

 

Час здольны на многае. Ён здымае боль страт і загойвае раны. І толькі чалавечая памяць непадуладна гадам…

Набліжаецца трагічная дата… 70 гадоў таму – 22 сакавіка 1943 года – вёска Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці была спалена разам з жыхарамі, знікла з геаграфічнай карты Беларусі. І стала сімвалам трагедыі беларускага народа, журботнай старонкай гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Больш як пяць тысяч беларускіх вёсак спалілі разам з усім насельніцтвам ці яго часткай нямецкія акупанты, з іх 628 поўнасцю падзялілі лёс Хатыні. 186 вёсак так і не былі адноўлены пасля вайны, не адрадзіліся…

У журботным спісу спаленых вёсак, падобна Хатыні, ёсць і вёскі Кобрынскага раёна.

Цяпер на карце Кобрыншчыны вы не знойдзеце вёску з прыгожай назвай Арол. Яна знікла ў час Вялікай Айчыннай, калі была спалена разам з жыхарамі. Толькі помнік-абеліск на беразе ракі сведчыць пра тое, што некалі на яго месцы былі расстраляны і спалены людзі. Аднавіць вёску не ўдалося.

Крывавым зарывам полымя ўвайшоў у гісторыю Кобрыншчыны верасень 1942 года. У попал былі ператвораны тры вёскі : Каменка, Рэчыца, Барысаўка, жыхары якіх сталі ахвярамі знішчальнай нямецка-фашысцкай аперацыі «Трохкутнік». Самыя вялікія чалавечыя і матэрыяльныя страты панесла Барысаўка, у якой загінула 217 чалавек, спалена 225 двароў. На месцы расстрэлу людзей у вёсцы пастаўлены помнік-скульптура маці ў жалобе, а на магільных плітах высечаны імёны тых, хто загінуў ад зброі карнікаў.

Помнікі, мемарыяльныя комплексы памяці ўстаноўлены ў вёсках Боркі, Лука, Навасёлкі (Астроміцкага сельсавета), Чаравачыцы. Смерць і агонь уварваліся ў гэтыя вёскі ў 1943 годзе: уратаваліся нямногія, загінулі цэлыя сем’і, дзеці, спалены забудовы.

Хатынь стала ўвасабленнем усіх вогненных вёсак, незлічоных ахвяр-пагарэльцаў, увасабленнем ідэі мужнасці, непахіснасці беларускага народа.

Напярэдадні трагічнай даты ў чытальным зале цэнтральнай бібліятэцы арганізавана выстава-боль “Хатыні вогненныя сёстры”. Прадстаўляюць выставу два разделы: першы “Хатынь: усенародныя боль і памяць: 70 гадоў з часу знішчэння нямецкімі захопнікамі вёскі ”, і другі - “Агнём вайны адзначаны: Вогненныя вёскі Кобрыншчыны”. Асноўная мэта выставы – напамін аб чорным мінулым, якое не павінна паўтарыцца нідзе і ніколі.

 

Святлана Курачук,

галоўны бібліёграф Кобрынскай

                                                 цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Яндекс.Метрика