Сын двух народаў
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Сын двух народаў

PDF Печать E-mail

Сын двух народаў

       Сёлета спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння вядомага паэта, нашага знакамітага земляка Дзмітрыя Нікіфаравіча Фалькоўскага (сапраўднае імя - Дзмітрый Ляўчук). Паэта, які, куды б закідваў яго складаны лёс, заўсёды сэрцам быў з Бацькаўшчынай.

06.11.2013   Жыццевы шлях Дзмітрыя Фалькоўскага - кароткі, але яркі. Нарадзіўся 3 лістапада 1898 года ў вёсцы Лепясы Кобрынскага раёна, закончыў пачатковую школу, потым вучыўся ў Брэст-Літоўскай рускай гімназіі. Але вучоба была перапынена Першай сусветнай вайной, у часы якой будучы паэт уступіў на шлях рэвалюцыйнай барацьбы. У верасні 1918 г. ён становіцца адным з кіраўнікоў падпольнай ячэйкі РКП(б), а ў лістападзе - партызанскага атрада. Змагаючыся з інтэрвентамі, Дзмітрый Ляўчук пераходзіць на нелегальнае становішча, а з прыходам у Кобрын Чырвонай Арміі (20.07.1920) уваходзіць у склад павятовага адцзяленння губчэка. Але ў верасні 1920 г. разам з адступаючымі часцямі Чырвонай Арміі Дзмітрый Ляўчук пакінуў родныя мясціны. І толькі грозная хвароба прымусіла яго зняць вінтоўку з плеч. У 1923 г. па стану здароўя Леўчука камісавалі. 3 гэтага часу ён у Кіеве, дзе і адбылося станаўленне Фалькоўскага як паэта. Менавіта ў Кіеве ён пачынае прафесійна займацца паэзіяй, зрабіўшыся вядомым паэтам Фалькоўскім (псеўданім створаны ад нямецкага “фальк”, што ў перакладзе абазначае “сокал”).

   Гэта быў таленавіты чалавек, які дасканала валодаў пяццю мовамі, іграў на фартэпіяна, пісаў музыку. Але найбольш ярка яго талент раскрыўся ў паэзіі. Фалькоўскі і застаўся ў гісторыі як украінскі паэт. Нягледзячы на тое, што творчая спадчына Дзмітрыя Фалькоўскага невялікая, яго паэзія ўнесла значны ўклад у развіццё ўкраінскай літаратуры 30-40-х гадоў мінулага стагоддзя. Таксама паэт перакладаў вершы з рускай, беларускай і нямецкай моў на ўкраінскую, спрабаваў сябе ў прозе і публіцыстыцы. На жаль, з гэтай спадчынай сучасны чытач практычна незнаёмы.

   Першыя публікацыі вершаў маладога паэта з’явіліся ў 1924 годзе. За сваё кароткае, трагічна абарванае жыццё Дзмітрый Фалькоўскі паспеў выдаць усяго чатыры кніжкі: паэму “Чабан” (1925), паэтычныя зборнікі “Обрыі” (1927), “На пажарышчы” (1928), “Полісся” (1931). Паэт знайшоў у сабе сілу, каб гаварыць праўду ў той час, калі замоўчваліся ўсе жахі братазабойства, узаемнага вынішчэння, нянавісці. Праўдзівае слова паэта адгукнулася ахвярай: у 1934 г. ён быў рэпрэсіраваны і расстраляны. Быў рэабілітаваны ў 1957 годзе, але яшчэ доўгі час імя Фалькоўскага не ўспаміналі ні на Украіне, ні ў Беларусі.

   У 1989 г. у Кіеве ў выдавецтве “Радянський письменник” быў выдадзены зборнік лірыкі, які называўся “Поэзіі”. У яго ўвайшлі лепшыя творы з прыжыццёвых публiкацый ва ўкраiнскай прэсе. У кнізе ёсць цыкл вершаў, прысвечаных родным мясцінам, якія назаўсёды засталіся ў памяці аўтара, як самы светлы ўспамін. Дарэчы, гэты зборнік знаходзіцца ў гісторыка-краязнаўчым цэнтры раённай бібліятэкі.

   Дзмітрый Фалькоўскі звязаў у сваім творчым лёсе Украіну і Беларусь. Вершы паэта гучаць на ўкраінскай мове, а вытокі лірычнага бачання свету, паэтычнага таленту ўраджэнца кобрынскай зямлі пачынаюцца ў родным Палессі. Менавіта Кобрыншчына для яго стала першакрыніцай духоўнага фарміравання. Так склаўся лёс паэта, што мала быў ён у родных мясцінах: паехаў з Лепясоў зусім юнаком, жыў і пісаў на Украіне. Але ў думках Фалькоўскі заўсёды быў са сваім краем. Лепшае, што стварыў паэт, - тонкія лірычныя творы, многiя з якіх прысвечаны родным мясцінам і напісаны блiзкай i зразумелай кабрынчанам мовай. Яго вершы, паэмы - гэта настальгія, незагойная рана, шчырая любоў да Радзімы.

   Кабрынчане ганарацца сваім знакамітым паэтам-земляком і захоўваюць памяць аб ім у песнях, публікацыях аб яго жыцці і творчасці. У пачатку 1990-х гадоў на радзіме Фалькоўскага ўстаноўлены бюст паэта (аўтар - скульптар Уладзімір Харсюк). Адна з вуліц вёскі Лепясы носіць імя Фалькоўскага, а на месцы, дзе некалі стаяла яго родная хата, устаноўлены мемарыяльны знак. Вершы земляка з ахвотай чытаюць у школах, бібліятэках, а берасцейскія паэты плённа перакладаюць творы паэта на беларускую мову.

   Аддаючы належнае паэту-земляку, цэнтральная раённая бібліятэка да 115-годдзя з дня нараджэння Д. Фалькоўскага арганізуе выставу-юбілей “Сын двух народаў”, на якую мы запрашаем усіх тых, хто хоча пазнаёміцца з яго жыццёвым і творчым шляхам.

1 лістапада ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі ў 16 гадзін адбудзецца мерапрыемства, прысвечанае 115-й гадавіне з дня нараджэння Д. Фалькоўскага “Я став співцем свого Полісся”, на якое запрашаем усіх жадаючых дакрануцца да эмацыянальнай, філасофскай лірыкі нашага паэта-земляка.

 

 

                               Святлана Курачук, галоўны бiблiёграф

                                  Кобрынскай цэнтральнай бiблiятэкi 

Яндекс.Метрика