Каляндар гістарычных фактаў і падзей
Курачук, С. Каляндар гістарычных фактаў і падзей / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. - 2012. - 7 красавіка. - С. 10.
Папулярнасцю ў чытачоў цэнтральнай бібліятэкі карыстаецца “Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны”.
Каляндар гістарычных фактаў і падзей
У карыстальнікаў, краязнаўцаў атрымаў прызнанне выпускаемы бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі ўжо трэці год запар "Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны". Даты, уключаныя ў краязнаўчы каляндар, адлюстроўваюць падзеі і факты гісторыі, грамадскага, палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця рэгіёна; памятныя даты вядомых людзей, жыццё і дзейнасць якіх звязана з краем. Бібліятэка штогод удакладняе і дапаўняе новымі звесткамі спісы знакамітых людзей Кобрынскага раёна.
Краязнаўча-бібліяграфічны каляндар змяшчае кароткія гістарычныя даведкі і бібліяграфічныя спісы крыніц аб той ці іншай падзеі. Спісы да юбілейных дат уключаюць кнігі і артыкулы з газет і часопісаў. Матэрыял у календару размешчаны ў адваротна- храналагічным парадку: спачатку кнігі, потым артыкулы з газет і часопісаў.
У бягучым годзе таксама складзены і выдадзены краязнаўчы каляндар, які змяшчае звесткі аб знамянальных датах Кобрыншчыны на 2012 год.
2012 год для Кобрына і раёна багаты на памятныя падзеі, даты. Так, спаўняецца 725 гадоў з часу першага ўпамінання Кобрына ў Іпацьеўскім летапісу, 200 гадоў з часу перамогі рускіх войск у вайне 1812 г. (Кобрынскі бой), 10 гадоў з часу выдання гісторыка - дакументальнай хронікі Кобрынскага раёна "Памяць".
Сярод юбілейных дат вядомых людзей, жыццё і дзейнасць якіх звязана з краем, - Г.А. Антанюк, беларускі філосаф, доктар філасофскіх навук, прафесар (70 гадоў) з в. Мацы; В.І. Іўчанкаў, мовазнавец, лінгвіст, выдатнік адукацыі Беларусі, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў "Залатое пяро"(50 гадоў) з в. Хадынічы; А. І. Марозаў, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне, Герой Савецкага Саюза, імем якога названы сквер, вуліца ў г. Кобрыне (90 гадоў); В. С.Селівонік, дзеяч нацыянальна- вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, Ганаровы грамадзянін г. Брэста (105 гадоў) з в. Літвінкі; І.А. Чарота, літаратуразнавец, крытык, перакладчык, акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне", Міжнароднай прэміі імя К. Астрожскага, прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі (60 гадоў) з в. Лышчыкі і інш.
Юбілейныя даты ў бягучым годзе адзначаць прадпрыемства і ўстановы горада і раёна : ААТ "Беларусбанк", ААТ "Кобрынскі мясакамбінат", ААТ «Кобрынская птушкафабрыка» ; шэраг медыцынскіх устаноў раёна (філіял "Радзільны дом" УЗ "Кобрынская ЦРБ", Павіццеўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі); установы культуры (узорная цыркавая студыя "Сонейка" , узорная тэатральная студыя "Рытм" УК "Кобрынскі Палац культуры, Гарадзецкі сельскі клуб; установы адукацыі раёна (ДУА " Кобрынскі прафесійна-тэхнічны каледж выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў", шэраг сельскіх школ).
Гэта далёка не поўны пералік знамянальных дат і падзей Кобрыншчыны на 2012 год. Падрабязна пазнаёміцца з гэтым выданнем можна ў цэнтральнай бібліятэцы, а таксама на сайце www.krcls.bу
Каляндар адрасуецца ўсім, хто займаецца вывучэннем роднага краю, цікавіцца сваёй малой радзімай ці выкарыстоўвае краязнаўчыя звесткі ў прафесійнай дзейнасці.
Галоўны бібліёграф
Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі
Святлана Курачук