Рагін, Я. Чужых талерак нам не трэба!
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

223

Рагін, Я. Чужых талерак нам не трэба!

PDF Печать E-mail

Рагін, Я. Чужых талерак нам не трэба! Як сваю знайсці?.. / Яўген Рагін // Культура. – 2015. – 29 жніўня. – С. 7. - Адаптацыя сённяшніх маладых спецыялістаў культурных устаноў, сярод якіх бібліятэкар Кобрынскай ЦБ Лілія Туруцько.

Чужых талерак нам не трэба!
Як сваю знайсці?..


Не будзем шукаць адказ на пытанне "Колькі маладых спецыялістаў не даязджаюць штогод да першага рабочага месца?". Няма сэнсу. Нават калі і знойдзем "дэзерціраў"... У дадзеным выпадку пытанні хутчэй узнікаюць у адрас навучальных устаноў, што іншым разам набіраюць студэнтаў ці не з вуліцы. Безумоўна, частка таленавітых выпускнікоў вырашае працягнуць навучанне па профілі. Дай ім Бог. Астатнія дыпламаваныя (што не даехалі і не даедуць) будуць працаваць па спецыяльнасці хіба што пад прымусам, што цалкам выключае любыя праявы творчасці. Нам гэта трэба? А гаворка сёння пра тых, хто ўчора занёс у райцэнтраўскі інтэрнат чамаданы, а сёння ўпершыню прыступіў да выканання працоўных абавязкаў і не надта ведае, як сябе паводзіць, каб працаваць не на згубу сваіх і чужых нерваў, а на ўласны аўтарытэт... Рэдакцыя вырашыла, што такім маладым спецыялістам ад культуры якраз дарэчы прыдадуцца парады тых бібліятэкараў ды клубнікаў, што пасля адпрацоўкі засталіся там, дзе і пачыналі творчую кар'еру.
Я патэлефанаваў наўскідку ў некалькі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раёнаў краіны. Падкрэслю: нідзе не адмовілі, паўсюль былі работнікі, што з годнасцю прайшлі выпрабаванне на першым месцы працы, бо і зарэкамендаваць сябе паспелі, і расці пачалі, і прыкіпелі да калектываў, што паспелі стаць роднымі. Пазнаёмцеся з маімі суразмоўцамі, караценькія маналогі якіх звернуты да сённяшніх маладых спецыялістаў, што толькі спрабуюць станавіцца на крыло.


Аньтанка для чытання
Лілія Туруцько родам з Кобрына. У 2012 годзе "бюджэтніцай" скончыла факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКІМ. Год адпрацоўвала ў бібліятэцы Мінскага гандлёвага каледжа. У 2013-м стала бібліятэкарам першай катэгорыі Кобрынскай цэнтральнай райбібліятэкі. Цяпер — загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі дадзенай установы. - Летась прайшла перападрыхтоўку ў сталічным Эканамічным універсітэце, набыла спецыяльнасць эканаміста-менеджара. Але прафесію мяняць не збіраецца.
— Адчуваю сябе ў сваёй талерцы, — запэўнівае Лілія. — Гэта — галоўнае. Прынялі мяне з душой. Як, дарэчы, і яшчэ чатырох маладых спецыялістаў, што прыйшлі ў бібліятэку амаль адначасова са мной. Адразу з'явілася жаданне паказаць сябе з самага лепшага боку. Гэта нармальнае жаданне для творцы. Так што парада да маладых работнікаў культуры ў мяне адзіная: не баяцца заявіць аб сабе і пацвердзіць словы справай. Не хачу хваліцца, але мяне ўжо праз год кіраўніцтва аддзела ўзнагародзіла граматай за паказчыкі ў працы і за актыўную жыццёвую пазіцыю.
Чым мы, маладыя бібліятэкары, узялі? Нестандартнай прапагандай кнігі. Гэта былі не сумныя лекцыі, а маштабныя шоу ў школах і каледжы, дзе мы займаемся тэатралізацыяй і спяваем разам з моладдзю горада, якую прыцягваем да сумесных дзеянняў праз сацыяльныя сеткі. (Я асабіста сумяшчаю бібліятэчную справу з тым, што спяваю і сольна, і ў трыа "Арнамент"). Цяпер на носе ў нас, да прыкладу, гарадская акцыя "Малады чытач года".
Дадае аптымізму і тое, што старшыня гарвыканкама Аляксандр Зазуля заўжды ідзе нам насустрач. Гэта па яго ініцыятыве ў пешаходнай зоне Кобрына ўзнікла Альтанка для буккросінга. Там не толькі кніжку можна ўзяць, але і проста пачытаць стала модным... Так што, паўтаруся, будзьце смелымі ў сваіх творчых пачынаннях! Гэта сумныя нічога, апрача суму, не выклікаюць, а вас абавязкова заўважаць!..


Зазірнуць у "Калейдаскоп"
Андрэй Чабан — з Докшыцкага раёна. Скончыў Віцебскі дзяржаўны каледж мастацтваў і віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пятра Машэрава (спецыяльнасць — музычнае мастацтва). У 2008 годзе пачаў працаваць акампаніятарам Докшыцкага ГЦК. На сёння — мастацкі кіраўнік народнага калектыву эстраднай студыі "Каледайскоп", што дзейнічае пры Докшыцкім гарадскім цэнтры культуры. Грае на акардыёне, і не толькі па нотах. Калі я патэлефанаваў Андрэю, ён знаходзіўся ў водпуску, але не на пляжы песціўся, а ў студыі гуказапісу рыхтаваўся да Дня горада, што мае адбыцца ў верасні. Хлопец таксама з тых, хто гатовы працэваць і па выхадных.
— Люблю абраную справу,— зазначае Андрэй. — А сапачатку ўсе маладыя, па сабе ведаю, пачынаюць на першым месцы працы спрабаваць качаць свае правы, напрыклад, наконт працягласці рабочага дня. Дык вось, кажу сённяшнім пачаткоўцам ад культуры: падобныя спрэчкі — дарэмныя, бессэнсоўныя. Я зразумеў: у культуры няма часавых абмежаванняў. Працуем іншым разам зранку і да глыбокай ночы. Чым не доказ таго, што мы пастаянна патрэбны людзям? I мне падабаецца гэты рытм. Так, варта штодня даказваць, што ты — прафесіянал, што ты — здольны на многае...
У "Калейдаскопе" — каля 15 чалавек. Хтосьці прыходзіць і сыходзіць, а хтосьці застаецца надоўга. Мы часта гастралюем з канцэртамі па Беларусі, няблага выступілі, да прыкладу, у Маладзечне, на фестывалі беларускай песні і паэзіі. Міхаіл Фінберг пастаянна падкрэслівае, што гэта адзіны на Беларусі фэа, дзе не спяваюць пад фанаграму. Вельмі прыемна вучыцца ў прафесіяналаў.
Я сам не толькі граю на акардыёне, але і спяваю. Урокі вакалу браў у знакамітага беларускага спевака Пятра Ялфімава. У сувязі з гэтым яшчэ адна парада пачаткоўцам: не стамляйцеся ўдасканальвацца. Так, работніку культуры даводзіцца іншым разам і будаўніком працаваць, і прыбіральшчыкам, але ён заўсёды павінен заставацца творцам. Не забывайцеся на гэта...


Пазнаёміцца, ажаніцца і тварыць
Ніна Баклушына — з Дзятлава. БДУКІМ скончыла ў 2011 годзе. Факультэт — менеджменту сацыяльна-культурнай сферы. Спецыяльнасць — культуролаг-менеджар. У бягучым годзе Ніна скончыла яшчэ і Эканамічны ўніверсітэт, у якім вучылася завочна. Набыла (як і Лілія Туруцько з Кобрына) яшчэ адну спецыяльнасць: эканаміст-менеджар. (Нашы дзяўчаты — вельмі прадбачлівыя!) У 2011-м была накіравана па раўзмеркаванні ў Дзятлаўскі РДК. Стала працаваць загадчыкам сектара па рабоце з моладдзю. Праз паўгода становіцца дырэктарам Раённага дома культуры. Далей лёс дзяўчыны дае даволі стандартны для многіх маладых выкрунтас.
— Пасля адпрацоўкі належнага тэрміну, — прызнаецца Ніна, — я была на такой хвалі творчага ўздыму, што падавалася: скару любую вяршыню. Таму ў пошуку далейшага творчага ўдасканалення з'ехала ў Мінск. Але спачатку распавяду пра тое, чаго дамаглася ў сваім Дзятлаўскім РДК. Пачала арганізоўваць, да прыкладу, вечары-сустрэчы маладых спецыялістаў раёна. Рэгулярна сустракаемся, знаёмімся, кантактуем з кіраўніцтвам раёна... Ведаю, што дзякуючы такім сустрэчам шмат сямейных пар з'явілася... Яшчэ адна прыдумка: штогадовы конкурс "Грацыя і талент" па вызначэнні лепшых маладых работнікаў з усяго раёна. А яшчэ стварыла дзявочы вакальны гурт, дзе і сама спяваю... Словам, натхненне біла праз край, і на гэтай хвалі паехала ў Мінск. Адразу скажу, нічога ў мяне там не атрымалася. Засумавала па сцэне. Дый будучы муж прымусіў вярнуцца.
Прынялі мяне зноў без праблем, бо ведалі мае здольнасці. Прапанавалі ўзначаліць СДК у аграгарадку "Раклевічы". Пагадзілася і не пашкадавала. Ад Дзятлава вёска знаходзіцца непадалёк. Дом культуры нядаўна адрамантаваны, апаратура — неблагая. Дый заробак у сельскіх работнікаў культуры вышэйшы. Так што я шчаслівая. А маладым магу параіць адно: пабольш энтузіязму ў творчых пачынаннях. Калі вакол — спрэс аднадумцы, усё павінна атрымацца....


Узяць адказнасць на сябе
Вось такія, вельмі шчырыя маналогі пра сябе і культуру, пра здабыткі, памылкі і шлях да ўсведамлення асабістай ролі ў захаванні нацыянальнай культуры.
Звярніце ўвагу на партрэты герояў гэтага матэрыялу. Дзве дзяўчыны, адзін хлопец: маладыя, прыгожыя, не баяцца быць упэўненымі. У кожнага — свае напрацоўкі, свае перспектывы... Кажуць, чалавек выбірае прафесію, а не наадварот. Па-мойму, не надта дакладна. Так, спачатку мы яе выбіраем, але потым прэфесія пэўны час прыглядаецца да нас. Прыслухоўваецца, "абкатвае", прыціраецца... Вельмі важны момант і пасля яго, на мой погляд, магчымы тры варыянты. Першы: чалавек разумее, што памыліўся з выбарам справы. Другі: ён становіцца часткай калектыву, не горшай і не лепшай, выконвае свае абавязкі і сумуе, сумуе, сумуе... Трэці: малады спецыяліст імкліва становіцца неад'емнай часткай калектыву, і калектыў, адчуўшы ўплыў "каталізатара", паскарае рытм дзейнасці, паступова, але якасна мяняецца, "амаладжваецца", нават хранічна сумныя пры гэтым крыху весялеюць. Падаецца, сёння мы гаварылі пра трэці варыянт. Пра тых, хто працуе за траіх і атрымлівае задавальненне ад творчасці.
Атрымліваецца, рэцэпт замацавання ў прафесіі вельмі просты: не баяцца ўзяць адказанасць на сябе і ведаць, чаго ты хочаш..
Я дамовіўся з Ліліяй, Андрэем і Нінай, што буду падтрымліваць з імі рэгулярную сувязь. Хто ведае, колькі яшчэ цікавых тэм падкажуць гэтыя маладыя практыкі, якія зусім нядаўна былі зялёнымі пачаткоўцамі. I колькі яшчэ выпрабаванняў-выкрунтасаў прыгатаваў для іх няпросты творчы лёс? Пажывем-пабачым.
Яўген Рагін

Яндекс.Метрика