ЗОРКА МАКСІМА ЎЗЫШЛА...
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

223

ЗОРКА МАКСІМА ЎЗЫШЛА...

PDF Печать E-mail

Бакун, А. Зорка Максіма ўзышла ... / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. - 2016. — 28 снежня. — С. 3.

У рамках акцыі "Чытаем Багдановіча разам" супрацоўнікамі Кобрынскай цэнтральнай бібліятэкі сумесна з раённай кінавідэасеткай падрыхтаваны цыкл мерапрыемстваў.

 

 

ЗОРКА МАКСІМА ЎЗЫШЛА...

 

Падыходзіць да свайго заканчэння абвешчаны Годам культуры 2016 год, які выдаўся сапраўды багатым на разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да культурнай тэматыкі. Пэўна, нездарма на Год культуры выпала такая важная для ўсяго беларускага народа дата, як 125-годдзе з дня нараджэння адной з найярчэйшых зорак на небасхіле беларускай паэзіі - Максіма Багдановіча.

Не засталася ўбаку ад гэтай падзеі і культурная Кобрышчына. На працягу двух тыдняў - з 6 па 16 снежня - Кобрынская раённая кінавідэасетка сумесна з Кобрынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай прымалі ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Чытаем Багдановіча разам", у рамках якой для вучняў старэйшых класаў Кобрына быдо падрыхтавана цікавае мерапрыемства.

На адным з іх пашчасціла прысутнічаць і мне. Запоўненая яшчэ да прыезду гасцей настаўнікамі і вучнямі актавая зала дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына сведчыла, што дакрануцца да свету прыгожага ў адзін з снежаньскіх дзён з'явіла жаданне не толькі я. "Зорка Венера ўзышла над зямлёй..." - загучалі са сцэны радкі з вядомага верша Максіма Багдановіча, і сціхла зала, пакораная вялікім талентам Песняра і ахопленая мелодыяй беларускага слова, і раскрыла сваю душу святлу, думкам і разважанням над сапраўднымі каштоўнасцямі жыцця, над самой постаццю паэта. Літаратурная гадзіна "I свеціцца зорная постаць Максіма" і прэзентацыя, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Кобрынскай цэнтральнай бібліятэкі, праляцелі як адно імгненне, напоўненае яскравымі малюнкамі і эпізодамі з жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Як працяг цікавай сустрэчы стаў фільм "Зорны шлях", прадэманстраваны супрацоўнікамі кінатэатра "Вясёлка".

Вучаніцы 11 "Б" класа дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына Ксенія Налівайка і Дар'я Кучынская з задавальненнем падзяліліся сваімі эмоцыямі пасля сустрэчы:

- Сёння нам выпала цудоўная магчымасць пабыць у ролі ўдумлівых гледачоў... Малазнаёмыя факты, згаданыя ў прэзентацыі, цікавы эпізод размовы (пошукаў паразумення) паміж бацькам і сынам у прагледжаным фільме прымушаюць нас перагарнуць старонкі біяграфіі Максіма Багдановіча яшчэ раз, узяць у рўкі адзіны яго зборнік "Вянок" і няспешна падумаць над кожным словам і вобразам, увекавечанымі ў вершах.

Дырэктар гэтай жа ўстановы Алёна Фігурына, падхапіўшы размову дзяўчынак, выказала сваё меркаванне:

- Праект, безумоўна, цікавы і карысны і мае месца на далейшае існаванне. Далучыць сучасных дзяцей да кнігі, мастацкага слова, прывіць ім любоў да духоўнай і культурнай спадчыны сваёй краіны - агульная задача грамадства. Рабіць гэта з дапамогай сродкаў візуальнага мастацтва, як было прадэманстравана сёння нашымі гасцямі, - яшчэ адзін шлях дастукацца да дзіцячых сэрцаў.

 

Алена БАКУН.

Яндекс.Метрика