Помнікі археалогіі
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Помнікі археалогіі

PDF Печать E-mail

Помнікі археалогіі

гісторыка-археалагічная даведка

1

Тысячагадовую гісторыю мае Кобрыншчына. Яе землі пачалі засяляцца яшчэ да нашай эры. Наш край багаты разнастайнымі стаянкамі i селішчамі, курганнымі i грунтавымі могільнікамі i іншымі археалагічнымі помнікамі – матэрыяльнымі сведчаннямі жыццядзейнасці нашых далёкіх продкаў. Раскопкі археалагічных помнікаў дазваляюць значна папоўніць веды пра гісторыю Кобрыншчыны, атрымаць звесткі пра народную матэрыяльную i духоўную культуру, побытавыя рэаліі. Археалагічныя помнікі – адзіная крыніца фактаў з дапісьмовай эпохі Кобрыншчыны, i ў гэтым іx неацэннае значэнне.

Паводле археалагічных звестак, у межах раёна налічваецца больш за 20 населеных пунктаў, каля якіх размяшчаліся старажытныя стаянкі. Археалагічныя пошукі ўпершыню былі праведзены ў 1889 г. паводле распараджэння галоўнага кіраўніцтва паветаў па Гродзенскай губерні. Мясцовымі жыхарамі і вучонымі была сабрана значная калекцыя прылад працы, прадметаў побыту, зброі і іншых рэчаў першабытнага чалавека.

За 5 км на паўночны ўсход ад вёскі Дзівін, на пясчаных узгорках каля воз. Любань, ва ўрочышчы Града (Дзівінскія пяскі) захавалася неалітычная стаянка. Выявілі ў 1938 г. Данілевіч і Абухоўскі, абследаваў у 1963-1964 гг. У. Ф. Ісаенка. На стаянцы знойдзены наканечнікі стрэл, крамянёвыя прылады працы, мікраліты. Стаянка адносіцца да мезаліту і неаліту.

Неалітычныя старажытнасці на тэрыторыі Кобрынскага раёна выяўлены ў некалькіх месцах: крамянёвыя наканечнікі стрэл і іншыя прылады знойдзены ў згаданай стаянцы каля Дзівіна і ў пясчаных кар’ерах каля в. Хабовічы. У Варшаўскім археалагічным музеі захоўваецца касцяны наканечнік стралы, знойдзены ў тарфяніку каля в. Літвінкі. Неалітычнае паселішча складалася з некалькіх жытлаў-хацін, у якіх маглі жыць да дзесяці чалавек.

За 3,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Біндзюга на ўсходнім беразе воз. Любань, на пясчаным узвышшы (3 м над узроўнем вады ў возеры) захавалася паселішча, плошча якога каля 0,5 га. Выявіў у 1981 годзе М. У. Бычкоў. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і фрагменты ляпной керамікі бронзавага веку. У агаленнях выяўлены культурны пласт магутнасцю 0,1-0,2 м, у ім знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнік стралы трохвугольнай формы, 2 скоблі, 2 скрабкі, 3 пласціны, нуклеус) і фрагменты ляпной керамікі бронзавага веку. Матэрыялы зберагаюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР (НАН РБ).

На Кобрыншчыне захавалася 5 могільнікаў, у якіх налічваецца больш за 20 курганоў. Гэта невялікія круглыя насыпы вышынёй ад 0,4 да 1,5 м, дыяметрам 4-15 м. Самы вялікі могільнік знаходзіцца каля в. Засімы. На жаль, большасць курганоў не захавалася. Яны паступова разбураліся прыродай і асабліва гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Менавіта ў апошнія дзесяцігоддзі зніклі могільнікі каля вёсак Басяч, Грушава, Мацы. Адзінкавыя пахаванні засталіся яшчэ каля вёсак Залессе і Ілаўск.

У 3,5 км ад вёсцы Агароднікі, Батчанскі сельсавет, захаваўся парны могільнік. Адзін насып захаваўся добра, але пашкоджаны. Вышыня да 3 м, дыяметр да 20 м. Другі насып разараны.

У цэнтры вёскі Бародзічы, Гарадзецкі сельсавет, з заходняга боку – валун, на якім праглядаюцца надпісы. З паўночнага боку пры ўездзе ў вёску – надмагільны камень з чырвонага граніту, з надпісамі з заходняга боку.

2На каменнай глыбе, што ў вёсцы Бярозна, Астроміцкі сельсавет, выразаны язычніцкія знакі пакуль дакладна не расшыфраваныя. Каменны комплекс з выявамі і надпісамі (1803 г.).



У вёсцы Дзямідаўшчына, Гарадзецкі сельсавет, захаваўся цэлы каменны комплекс з крыжам язычніцкай багіні смерці. У цэнтры вёскі – прамавугольны, з двухбаковымі надпісамі, з усходняга боку - каталіцкі крыж, з заходняга – стылізаваная абрэвіятура ІНS –таварыства Ісуса Хрыста – сімвал іезуітаў.

У вёсцы Закросніца, Залескі сельсавет, на беразе Мухаўцаадзіночны курган.

За 3,3 км на паўночны ўсход ад вёскі Залессе, цэнтр сельсавета, у лесе, за 0,35 км ад скрыжавання лясных дарог ёсць курган “Дайніца”. Вышыня яго складае 0,5 м, дыяметр 8 м. Вядомы з канца 19 ст. Абследаваў у 1970 г. М. А. Ткачоў.

У вёсцы Засімы, Буховіцкі сельсавет, 2 курганных могільнікі. Курганны могільнік-1 размешчаны за 250 м на ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Дахлаўка. Вядомы з 19 ст. Абследавалі ў 1961 г. В. В. Сядоў, у 1970 г. М. А. Ткачоў, у 1981 г. М. У. Бычкоў. Могільнік з 29 насыпаў у адзін рад цягнецца ўздоўж берага ракі Дахлаўкі і лясной дарогі. Курганы авальныя ў плане (вышыня 1-1,5 м, дыяметр 12-15 м, самага вялікага адпаведна 1,7 м і 20 м). Насыпы пясчаныя.

Курганны могільнік-2. За 1 км ад вёскі, ва ўрочышчы Шараеў лес знаходзяцца 7 курганаў-насыпаў. Вышыня 0,4 -1,5 м, дыяметр – 3,6-5,3 м. Вядомы з канца 19 ст. Абследавалі ў 1961 г. В. Сядоў, у 1970 г. М. А. Ткачоў.

На паўднёвы захад ад вёскі в. Ілаўск, Астроміцкі сельсавет, злева ад дарогі, за 600 м ад павароту на вёску – курганны могільнік (2 насыпы). Вышыня – 1,1 м, дыяметр -15 м. Адкрыў і абследаваў у 1970 г. М. А. Ткачоў.

У вёсцы Каменка, Буховіцкі сельсавет, два каменныя комплексы (Каменка-1, Каменка-2) з выявамі і надпісамі (1848).

У вёсцы Кісялёўцы, цэнтр сельсавета, курганны могільнік. За 3 км ад вёскі, ва ўрочышчы Ямішча. 8 насыпаў. Вышыня курганоў. 0,5-1 м, дыяметр 10-20 м. Выявіў у 1960 г. М. А. Салей, абследаваў у 1970 г. М. А. Ткачоў.

3За 3 км на поўдзень ад вёскі Ляхчыцы, Хідрынскі сельсавет, на прыродным пагорку – старажытнае пахаванне – Курган “Княжая гара”. На вяршыні пагорка – крыж. Упершыню ўпамінаецца ў 1563 г.

На сённяшні час на ўзгадненнi знаходзiцца праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь”, у адпаведнасці з якім статус і катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь надаецца тапанімічнаму аб’екту “Княжая гара”.

У 1 км на поўдзень ад в. Паўлава (Залескі сельсавет), каля шашы Кобрын – Пінск знаходзіцца самы старажатны з даследаваных адзіночны надмагільны камень – В. Нічыпаровіча (1637 г.). Ён уяўляе сабой неапрацаваны валун авальнай формы – вышынёй каля 90 см, шырынёй каля 85 см, а таўшчынёй каля 50 см. Камень шэра-ружовага колеру. Надпісы захаваліся з паўднёвага боку. У наш час надмагільны камень агароджаны.

Яндекс.Метрика