Помнікі гісторыі 1812 года
гісторыка-архітэктурная даведка
Кобрын
Помнік у гонар перамогі рускіх войск над французамі ў 1812 г.
Для горада Кобрына помнік першай перамогі рускіх войскаў у 1812 г. стаў своеасаблівай візітнай карткай. Не толькі ў юбілейны год 200-годдзя вайны, але і раней на турыстычных брашурах і буклетах нароўні з гербам горада і бюстам А. В. Суворава ўвесь час прысутнічала фатаграфія гэтага манументальнага помніка, які з'яўляецца адным з самых наведвальных у горадзе і раёне аб'ектаў. Шматлікія жыхары Кобрына лічаць яго чымсьці непарушным, ды і не ўсім наведвальнікам горада расказваюць пра складаны лёс гэтага манумента, які падзяліў усе перыпетыі той гісторыі.
У вайну 1812 г. у г. Кобрын і яго наваколлі 15 ліпеня (па старым стылі) адбыўся бой паміж расійскімі дывізіямі К. В. Ламберта і Я. І. Чапліца 3-й Заходняй арміі А. П. Тармасава і атрадам саксонскага корпуса Ж. Л. Рэнье.
5 ліпеня, выконваючы загад выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле французскай арміі, Тармасаў загадаў К. В. Ламберту і А. Р. Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асноўныя сілы 3-й арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войскаў ад Кобрына, асобны атрад генерала А. П. Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 13 ліпеня атрад А. Р. Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта. Раніцай 15 ліпеня яны падышлі да Кобрына. Ламберт зрабіў захады, каб закрыць дарогу для адступлення саксонцаў у напрамку Пружан і Брэста. Пасля падыходу перадавога атрада
3-й расійскай арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. Саксонцы вымушаны былі адступіць з горада, які загарэўся, і здацца. У выніку 9-гадзіннага бою было забіта каля 2 тысяч саксонцаў, захоплены ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чалавек ніжніх чыноў; страты расійскіх войскаў склалі 77 чалавек забітымі і 182 параненымі.
Маральнае значэнне першай значнай перамогі рускай арміі было велізарным. Кобрынскі бой стаў першай з пачатку вайны перамогай расійскіх войскаў. У выніку супраць арміі Тармасава французы павінны былі трымаць значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы. У гонар гэтай перамогі са сцен Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу быў дадзены першы пераможны салют.
Роўна праз сотню гадоў у ліпені 1912 г. з гэтае нагоды ў Кобрыне закладзены помнік у адзначэнне “першай перамогі рускіх войскаў у 1812 г.”. Створаны ён быў на сродкі, сабраныя салдатамі і афіцэрамі частак 38-й пяхотнай дывізіі і 38-й артылерыйскай брыгады, якія дыслацыраваліся ў наваколлі горада, а таксама на ахвяраванні жыхароў Гродзеншчыны і палкоў, якія ўдзельнічалі ў баях.
Першы помнік некалькі адрозніваўся ад таго, які мы бачым сёння. Каменную кампа-зіцыю на пастаменце завяршаў горды двухгаловы арол з распасцёртымі кры-ламі як сімвал перамогі і велічы, які кіпцюрамі раздзірае вянок з лацінскай літарай "N". Аўтарам першапачатковага помніка перамогі рускай арміі над Напалеонам быў кобрынскі грамадскі інжынер Д. Маркаў. Ён жа бясплатна кіраваў будаўнічымі работамі і ажыццяўляў аўтарскі нагляд. Камень апрацоўваў брэсцкі майстра Ярасінскі, бронзавага арла і мемарыяльную дошку стварыў вядомы варшаўскі скульптар Зыгмунд Ота.
Адкрыты манумент быў роўна цераз год. 15 ліпеня 1913 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё выдатнага манумента ў выглядзе гранітнай скалы з бронзавай постаццю двухгаловага арла. Помнік атрымаўся велічным. Перад помнікам, акружаным ланцугом, былі ўсталяваны чатыры марціры перыяду 1812 г. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі войскаў Варшаўскай ваеннай акругі, мясцовыя ўлады, духавенства і жыхары Гродзенскай губерні.
Пад час Першай Сусветнай вайны помнік зведаў частковыя разбурэнні. Немцы, якія акупавалі Кобрын, знялі арла і адправілі на пераплаўленне, былі зняты і мемарыяльныя дошкі. Абедзве бакавыя дошкі былі пабіты. Цудам уцалела толькі асабовая мармуровая пліта. У такім збрыджаным выглядзе помнік прастаяў каля 15 гадоў.
Яшчэ праз пяць гадоў польскія ўлады, змяніўшыя германскія, загадалі замест прыбранай фасаднай мемарыяльнай пліты на помніку ўсталяваць бетонную плітку з надпісам па-польску: "Кобрын адабраны ў маскалёў 13 верасня 1920 года".
У 1930 г. на пустуючы пастамент узнялі бюст Т. Касцюшкі. Выкананы ён быў скульптарам Б. Відацкай, якая жыла ў Кобрыне. Але помнік з бюстам Т. Касцюшкі прастаяў нядоўга. 22 верасня 1939 года ў Кобрын увайшла Чырвоная Армія. У ходзе сацыялістычных пераўтварэнняў бюст быў зняты з п'едысталу. Статуя Т. Касцюшкі была перададзена ў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей (цяпер гэты бюст усталяваны ў в. Малыя Сяхновічы, што ў Жабінкоўскім раёне, дзе ў радавым маёнтку спачатку ў юным узросце, а затым на схіле гадоў жыў генерал Тадэвуш Касцюшка. Калі казаць пра Тадэвуша Касцюшка, то несумненным застаецца тое, што гэта гістарычная асоба сусветнага маштабу назаўжды застанецца часткай нашай гісторыі - гісторыі Кобрыншчыны).
У такім выглядзе помнік прастаяў да 1951 года. Напярэдадні 140-годдзя Айчыннай вайны 1812 года было вырашана аднавіць першапачатковы выгляд помніка, і ў 1951 г. ён быў амаль цалкам адноўлены. Постаць арла з вянком выканаў мінскі скульптар М. Керзін. Па замыслу скульптара быў створаны новы варыянт арла з непашкоджаным лаўровым вянком без вензеля Напалеона. Ён складаецца з пастамента, зробленага з гранітных валуноў, які нагадвае скалу, і ўстаноўленага на ім бронзавага арла з распасцёртымі крыламі і лаўровым вянком у кіпцюрах, абапал - марціры з пірамідкамі ядраў. На фасадзе і бакавых гранях пастамента - тры мармуровыя мемарыяльныя дошкі. На пярэдняй дошцы (шэра - зялёнага колеру) - мемарыяльны надпіс «Рускім воінам, якія атрымалі першую перамогу над войскамі Напалеона ў межах Расіі 15 ліпепя 1812 г.”. На бакавых таблічках (белага колеру) пералічаны палкі, часці рускай арміі, што ўдзельнічалі ў Кобрынскай бітве, узятыя імі трафеі і колькасць палонных, а таксама спонсары, на сродкі якіх збудаваны помнік.
Так, па задуме скульптара М. Керзина, які стварыў новы варыянт бронзавага арла з непашкоджаным лаўровым вянком без вензеля Напалеона, гэты вянок сімвалізуе славу рускай зброі ў гэтым баі.
Кампазіцыя помніка вызначаецца яснасцю, пластычнай цэласнасцю архітэктурнай і скульптурнай формы. Праўда, новы бронзавы арол ужо з адной галавой. Менавіта такім ён сустракае кабрынчан і гасцей горада сёння.
У самым Кобрыне пра падзеі 1812 г. дадаткова нагадваюць дзве мема-рыяльныя дошкі. Адна ўмацавана на будынку сабора, збудаванага на брацкай магіле рускіх воінаў-герояў, загінуўшых у Кобрынскім баі. Другая - на будынку Спаскага манастыра, поруч якога складалі зброю да ног пераможцаў войскі генерала Кленгеля. "Хвалебны год гэты мінуў, але не пройдуць зробленыя ў ім подзвігі" - напісана на памятным медалі ўдзельнікаў Айчыннай вайны 1812 г.
У наш час помнік у гонар перамогі 1812 года з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.
На Кобрыншчыне былі ўсталяваны і іншыя помнікі
ў гонар падзей 1812 года.
в. Ляскова (Буховіцкі сельсавет)
Помнік у в. Ляскова на магіле рускіх воінаў, загінуўшых 13.07.1812 г. у баях з арміяй Напалеона
Помнік знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі Ляскова. У 1986 г. на магіле насыпаны курган вышынёй 1,5 м, на якім усталявана стэла з малюнкам помніка Перамогі 1812 г., які знаходзіцца ў г. Кобрыне на вул. Леніна.
в. Стрыгава Тэвельскі сельсавет
Абеліск у гонар перамогі 1812 года
31 чэрвеня 1812 г. каля вёсак Гарадзечна і Паддубнае адбыўся бой паміж рускімі войскамі і аўстрасаксонскімі корпусамі напалеонаўскай арміі. 38-ы егерскі полк рускага войска адбіў масіраваны наступ напалеонаўскай кавалерыі. Аўстра-саксонцы панеслі вялікія страты і вымушаны былі адступіць.
У 1962 г. у гонар 150-годдзя перамогі 1812 г. у в. Стрыгава пастаўлены абеліск. Абеліск з'яўляецца копіяй аналагічнага помніка ў в. Паддубнае Пружанскага раёна.