Помнікі часоў Першай сусветнай вайны
Помнікі часоў Першай сусветнай вайны (1914-1918 гг.) і савецка-польскай вайны
гісторыка-архітэктурная даведка
У грамадскай свядомасці беларусаў Першая сусветная вайна не стала самай вызначальнай падзеяй эпохі, таму што яна злілася ў адну шматгадовую паласу гора, смерцяў і хаосу, звязаную з наступнымі не менш жахлівымі падзеямі – рэвалюцыяй, грамадзянскай і савецка-польскай войнамі.
1 жніўня 1914 г. Германія аб’явіла вайну Расіі. З першых дзён вайны ў заходніх губернях Расійскай імперыі было ўведзена ваеннае становішча. Устанаўліваўся жорсткі ваенна-палітычны рэжым. У Кобрыне, які лічыўся стратэгічна важным пунктам, паколькі тут праходзіла чыгунка, адразу былі ўведзены ваеннае становішча, каменданцкая гадзіна і падоўжаны рабочы дзень. 6 жніўня пачалася мабілізацыя. Неад’емнай з’явай вайны 1914-1918 гг. на Беларусі было бежанства. У ліпені - жніўні, калі фронт наблізіўся да Кобрына, многія гараджане пакінулі свае дамы.
Наступленне нямецкіх войскаў на Брэст-Літоўскім напрамку ўзначальвалі Гальвіц, прынц Леапольд Баварскі і Макензен. Яшчэ раней армія Макензена была падзелена на 11-ю і «Буг». Ужо 18 жніўня генерал-фельдмаршал фон Макензен падышоў да Брэст-Літоўска. На ўсход ад яго, на тэрыторыі сучаснага Кобрынскага раёна, руская армія вяла ўпартыя баі. Аднак ужо 22 жніўня 1915 г. Кобрын быў узяты арміяй “Буг”.
Пад час Першай сусветнай вайны, у пачаку жніўня 1915 года, немцы пачалі моцны наступ на ковельскім, віленскім і мінскім напрамках. Баючыся акружэння, руская армія пакінула Польшчу, Літву і Заходнюю Беларусь, па дарозе руйнуючы чыгунку. Разам з арміяй з гэтых тэрыторый пацягнулася і мірнае насельніцтва. Каб прыкрыць адыход, у некаторых месцах былі пакінуты вайсковыя часці, якія і ўступалі ў баі з кайзераўскімі салдатамі. Там жа многія з іх былі забіты і пахаваны.
У заходніх абласцях нашай краіны знаходзіцца вялікая колькасць ваенных пахаванняў часоў Першай Сусветнай вайны. І гэта не дзіўна. Менавіта тут у гады вайны спыніўся руска-нямецкі фронт і адбываліся кровапралітныя баі. Адным з месцаў, дзе ў 1915 г. сустрэліся ў смяротным баі салдаты кайзера і байцы Рускага Імператарскага войска, з'яўляецца Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці. У жніўні пад Кобрынам адбываліся бязлітасныя баі, пра маштабы якіх сведчаць нямецкія і рускія ваенныя могілкі ў Паляцічах, Тэўлях, Каташах, Балотах-Гірск, Бародзічах, Ізабеліне з сотнямі пахаванняў на кожным.
Дарэчы, сёння на тэрыторыі Беларусі вядомыя 202 воінскія пахаванні Першай сусветнай вайны, з іх 53 знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці.
Бародзічы
Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны. Пахаваны рускія і нямецкія салдаты. У верасні 1915 г. паміж Бародзічамі і мястэчкам Гарадзец на беразе Дняпроўска-Бугскага канала адбыўся бой паміж немцамі і рускімі. Рускія адступілі, а немцы пахавалі сваіх у глыбокай траншэі на беразе канала, дзе ўсталявалі высокі круглы бетонны слуп з надпісам па колу на нямецкай мове.
Бетонны слуп з часам быў знішчаны, верагодна, мясцовымі жыхарамі для закладкі фундаменту сваіх будынкаў. Такім чынам, пахаванне немцаў у Бародзічах загубілася.
Пахаванне рускіх вайскоўцаў 1915 г. размяшчалася на невя-лікім узгорку паблізу вёскі. Прыкладна ў 1970 г. пры будаўніцтве новай дарогі на Бародзічы экскаватар падняў на паверхню чалавечыя чарапы і косткі рускіх вайскоўцаў. Пры гэтым прысутнічалі настаўнік гісторыі з Гарадца Васіль Міхайлавіч Чарчук і дырэктар Кобрынскага музея Аляксей Міхайлавіч Мартынаў. Акрамя чарапоў і костак былі знойдзены набойкі ад ботаў, патрантаж з патронамі ад рускай вінтоўкі (датаваны 1909-1911 гг.), запісная кніжка на імя нейкага Громава, гільзы ад нямецкіх патронаў. Чарапы амаль усе прастрэлены (каля 80 штук), што сведчыць пра верагодны расстрэл палонных. Рэшткі жаўнераў сабралі і перапахавалі. Цяпер узгорак зроўнены з зямлёй і парослы кустоўем.
Наступствы згаданага вышэй бою паміж Бародзічамі і Гарадцом таксама прымусілі немцаў пахаваць частку сваіх каля сцяны Гарадзецкага касцёла, пабудаванай у пачатку ХІХ ст. Сцяна была каля 100 метраў шырынёй і каля 1 метра вышынёй, складзена з камення. Зверху ў яе цэглу было ўмуравана бітае шкло. З унутранага боку касцёла хавалі настаяцеляў храма, мясцовую шляхту (там жа знаходзіліся рэшткі бацькоў вядомай пісьменніцы Марыі Радзевіч, ураджэнкі суседняга сяла Грушава, а таксама пахаванні рускіх часоў 1812 г.). З другога боку сцяны кайзераўцы пахавалі сваіх забітых жаўнераў 1915 г. На магілы паклалі пліты з надпісамі на нямецкай мове. У 1962 г. улада перадала касцёл мясцоваму калгасу пад склад мінеральных угнаенняў. Потым храм знеслі, а разам з ім і сцяну.
Балоты-Гірск
Помнікі на магілах нямецкіх салдат паміж вёскамі Балоты і Гірск
Паміж вёскамі Балоты і Гірск знаходзяцца вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны, Брацкая магіла чырвона-армейцаў. Пахаваны 62 воіны рускай арміі, нямецкія салдаты і 20 чырвонаармейцаў.
Пахаванні кайзераўскіх жаўнераў датуюцца 1915 годам і размяшчаюцца ў форме кола побач з мясцовымі могілкамі, зачыненымі напачатку ХХ ст. Кайзераўскія салдаты ляжаць на вялікім крузе. Праз кожныя паўметра пакладзены бетонныя пліты з надпісамі на нямецкай мове, датаваныя 1915 годам. Пахаванні нямецкіх салдат у ідэальным стане і, паводле пэўнай інфармацыі, даглядаюцца валанцёрамі.
Згодна афіцыйнай інфармацыі рускіх пахаванняў на могілках няма, аднак варта дапусціць, што іх маглі пахаваць у цэнтры. Сведкаў падзеяў не засталося, бо амаль усе жыхары былі ў тыя часы ў бежанстве. Але ёсць меркаванне, што рускіх салдат пахавалі ў цэнтры нямецкага пахавання або на старых вясковых могілках недалёка ад нямецкіх магілаў. Найбольш старая частка гэтых мясцовых пахаванняў зарасла кустоўем і бэзам, месцамі з зямлі выдаюцца надмагільныя помнікі.
Ізабелін
Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны. Тут нямецкія і рускія салдаты былі пахаваны асобна: рускія ў цэнтры, а кайзераўскія - па крузе. Увесь некропаль быў абкапаны глыбокім ірвом і абкладзены каменнем, а ў цэнтры паставілі вялізны дубовы крыж. У 1937 ці 1938 годзе з Германіі прыехалі вайскоўцы, раскапалі магілу і вывезлі на радзіму астанкі нямецкіх салдат. Пахаванні рускіх засталіся некранутымі. З цягам часу курган зарос травой, хмызняком і падлескам, а крыж даўно згніў. Толькі ў 2006 годзе мясцовы калгас «Узыходзячая зара» гэтае пахаванне добраўпарадкаваў, а ў цэнтры паставіў новы драўляны крыж. Курган можна ўбачыць каля дарогі Кобрын-Ізабелін.
Каташы
Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны. Адно з пахаванняў знаходзіцца каля вёскі Каташы (Чайкоўка). Старажылы і сёння памятаюць бетонны помнік з шыльдай на нямецкай мове каля дарогі Кобрын-Маларыта, на якой была пазначана дата “1915 год”. У тыя дні тут адбыўся бой, і з абодвух бакоў былі значныя страты. Калі рускія адступалі ў напрамку Кобрына, нямецкі пахавальны ўзвод прысыпаў загінуўшых - як рускіх, так і сваіх - на месцах іх гібелі. Мясцовыя жыхары разам з нямецкімі салдатамі сабралі і звезлі загінуўшых у некалькі глыбокіх ірвоў, выкапаных каля шашы. На месцы пахавання быў узведзены бетонны манумент, які праіснаваў больш за паўстагоддзе. Прыкладна ў 1943 годзе фашысты сагналі мясцовае насельніцтва і ваеннапалонных, адкапалі рэшткі сваіх салдат і вывезлі на перапахаванне ў Германію, а ірвы з рэшткамі рускіх салдатаў так і пакінулі не засыпанымі. Пасля вызвалення Кобрына савецкія салдаты пачалі звозіць у гэтыя канавы снарады і патроны ў скрынях і ўзарвалі іх. Ад гэтага выбуху пацярпеў і бетонны манумент.
Паляцічы
Фрагмент вайсковых могілак у Паляцічах
Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны знаходзяцца каля шашы Кобрын - Батчы, пры павароце на в. Паляцічы. З дарогі відаць дагле-джаныя дарожкі, надмагільныя камяні на пахаваннях 1915 і 1920 гадоў. Тут, акрамя нямецкіх салдатаў, пахаваны таксама польскія жаўнеры і чырвонаармейцы.
У чэрвені 1915 г. войскі Германіі і Аўстра-Венгрыі перайшлі ў наступленне на рускім фронце. У час баёў у жніўні 1915 г. у раёне в. Паляцічы загінула 126 салдат рускай арміі. У 1916 г. на іх магілах устаноўлены надмагіллі. У апошнія гады гэтыя пахаванні даглядаюць валанцёры, што прыязджаюць з Германіі. Кажуць, на гэтых могілках пахаваныя таксама і рускія салдаты Першай сусветнай вайны.
У ліпені 1920 г. воіны Чырвонай Арміі вялі баі за вызваленне тэрыторыі Кобрыншчыны ад польскіх інтэрвентаў. Каля в. Паляцічы загінула 67 чырвонаармейцаў. У 1920 г. устаноўлена надмагілле.
Брацкая магіла чырвонаармейцаў.
На паўночнай ускраіне вёскі. Пахаваны 33 чырвонаармейцы, якія загінулі ў баі супраць польскіх інтэрвентаў у 1920 г. Невялікі атрад чырвонаармейцаў выра-шыў знішчыць браняпоезд, што прыкрываў адступ-ленне польскіх войск. Байцы былі ўзброены вінтоўкамі і мелі абмежаваны запас патронаў. Пры спробе ўзарваць чыгуначны мост каля в. Паляцічы завязаўся бой, у якім чырвонаармейцы загінулі. Калі Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай буржуазнай Польшчы, ля магілы чырвонаармейцаў моладзь навакольных вёсак наладжвала мітынгі ў дні рэвалюцыйных свят.
У 1965 г. па магіле пастаўлены абеліск.
Тэўлі
Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны ў в. Тэўлі.
Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны ў в. Тэўлі знаходзяцца за 0,5 км ад вёскі, каля вясковых могілак. Брацкая магіла чырвонаармейцаў. Пахаваны 200 воінаў рускай арміі, нямецкія салдаты і 50 чырвонаармейцаў.
У Першую сусветную вайну ў жніўні 1915 г. у баях супраць войск кайзераўскай Германіі каля в. Тэўлі загінула каля 200 салдат рускай арміі. У 1916 г. на брацкіх і індывідуальных магілах устаноўлены надмагіллі.
У ліпепі 1920 г. у баях супраць польскіх інтэрвентаў каля вёскі загінулі 50 чырвонаармейцаў. Яны пахаваны ў трох брацкіх магілах. У 1920 г. устаноўлены надмагіллі.
У 1970-х гадах вайсковыя пахаванні засыпалі, а праз некаторы час гэты некропаль добраўпарадкавалі, а ў цэнтры паставілі вялізны крыж і стэлу. Праўда, невядома, куды знік вялізны камень з надпісам на нямецкай мове, што ў 1915 годзе тут разам з нямецкімі пахаваныя і рускія салдаты. Толькі ў 1990-я гады на могілках паставілі стэлу з надпісам на рускай мове, што тут пахаваныя 200 воінаў рускай арміі, 50 чырвонаармейцаў і нямецкія салдаты.