Помнікі воінам-інтэрнацыяналістам
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Помнікі воінам-інтэрнацыяналістам

PDF Печать E-mail

 Помнікі воінам-інтэрнацыяналістам

гісторыка-архітэктурная даведка

У Кобрынскім раёне пражывае больш за 500 воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія прымалі ўдзел у вайне ў Афганістане (1979-1989). 10 ваеннаслужачых Кобрынскай авіябазы і 8 кабрынчан загінулі ў гэтай вайне.

Горад Кобрын

У нашым горадзе дыслацыравалася верталётная авіябаза, якая прайшла  вогненныя сцежкі Афганістана з пачатку да канца вайны. Баявыя заслугі верталетчыкаў - частка гісторыі нашага горада, якую трэба памятаць і перадаваць з пакалення ў пакаленне.

Мемарыяльны комплекс воінам-інтэрнацыяналістам

Лётчыкі 65-га асобнага верталётнага палка, які размяшчаўся ў горадзе Кобрыне, былі ў ліку першых, каго камандзіравалі для выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістан. 10 вайскоўцаў не вярнуліся з той вайны. У журботным спісе загінуўшых у Афганістане і 8 жыхароў Кобрынскага раёна.

15 лютага 2010 г. у Кобрыне адкрыты мемарыяльны комплекс дзеля ўвекавечвання подзвігаў воінаў-інтэрнацыяналістаў і захавання памяці пра 40-гадовае знаходжанне на тэрыторыі раёна верталётнай базы. Ён знаходзіцца ў Кобрыне-2, на ўездзе ў былы ваенны гарадок.

У скверы Воінскай славы аб'яднаны ў адзіную кампазіцыю верталёт МІ-8 на пастаменце; скульптурная кампазіцыя "Скала" як знак афганскіх гор, на якой змешчаны муляж аўтамата Калашнікава, салдацкая каска і два чорныя цюльпаны; алея славы з імёнамі загінуўшых кабрынчан і вайскоўцаў (у жалобным спісе - 8 кабрынчан і 10 ваеннаслужачых Кобрынскай авіябазы) і памятны камень, каля якога раней праводзіліся мітынгі ў парку імя Суворава, а таксама мемарыяльны знак "Памяць" у выглядзе стылізаванай капліцы са званом як сімвал смутку пра загінуўшых. Тут закладзена капсула-пасланне нашым далёкім нашчадкам, у якой сабрана зямля з месцаў пахаванняў воінаў-афганцаў у Кобрынскім раёне.

Побач з магутным сапраўдным верталётам (спісаны МІ-8 былой мясцовай авіяэскадрыллі) размешчаны купалападобны сімвалічны помнік са знакам Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, аўтар помніка - лідскі скульптар Рычард Груша. А ўвесь праект распрацаваны галоўным спецыялістам аддзела па кіраванню будаўнічым комплексам і архітэктуры райвыканкама Мікалаем Ральцам.

Узвядзеннем комплексу займаліся спецыялісты Кобрынскага ПМК-16, ААТ "Будмантаж", ЗАТ "Аптымалсэрвіс" і іншыя арганізацыі пад кіраўніцтвам Кобрынскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане", а таксама Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта. 

Помнік савецкім воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны і пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан. Размешчаны ў раёне Кобрынскага аэрадрома у выглядзе трох лопасцяў верталёта, пастаўленых на зямлю.

Надпіс на мемарыяльнай дошцы гаворыць аб тым, што гэты помнік з верталётных лопасцей – дань памяці і павагі савецкім воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, і воінам-інтэрна-цыяналістам. Першы надпіс: «Советским воинам погибшим в годы Великой Отечественной войны и при выполнении интернационального долга в РА»». Другі надпіс: «Здесь 22 июня 1941 года базировались штабы 4 армии Западного Особого военного округа 10 авиационной дивизии 123 истребительный авиационный полк 944 отдельный батальон связи.»

Усталяваны ў1987 г. У канцы 2015 г. – першай палове 2016 г. актывісты раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" заняліся добраўпарадкаваннем мемарыяла на тэрыторыі былога ваеннага гарадка. Падчас рамонтных прац былі часткова рэстаўраваны металічныя стэлы-лопасці, для надання помніку выгляду мемарыяла былі ўсталявалі на пліце зорка і імітацыя Вечнага агню. Працаўнікамі Кобрынскай ЖКГ былі пасаджаны дэкаратыўныя хмызнякі і кветкі, а таксама высыпана зямлёй і засеяна газонной травой пляцоўка, дзе потым з'явіцца жывая агароджа сквера памяці.

Пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста Лесняка С. П. (помнік на гарадскіх могілках)

Лясняк Сяргей Пятровіч, радавы, вадзіцель бронетранспарцёра. Нарадзіўся 3.11.1964 г. у Кобрыне. У 1979 г. закончыў 8 класаў кобрынскай сярэдняй школы № 6. У 1982 г. - Кобрынскае ПТВ № 102 будаўнікоў. Працаваў газазваршчыкам на птушкафабрыцы ў Кобрыне. Прайшоў падрыхтоўку ў Брэсцкай аўташколе ДТСААФ. У маі 1983 г. быў прызваны ў Савецкую армію ў Туркестанскую ваенную акругу.

У кастрычніку 1983 г. быў накіраваны ў Афганістан у якасці вадзіцеля БТР. Загінуў 7.11.1983 г. Узнагароджаны медалём. Пахаваны на могілках горада Кобрына.

Пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста Мельнікава А. А (помнік на гарадскіх могілках)

Мельнікаў Аляксандр Аляксандравіч, прапаршчык. Нарадзіўся 16.11.1960 г. у в. Дубрава Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1976 г. закончыў 8 класаў Кобрынскай сярэдняй школы № 2, у 1979 г.- Белаазёрскае ПТВ № 82. Працаваў слесарам-мантажнікам Смаленскага мантажнага ўчастка трэста «Цэнтрэнергамантаж». У 1981 г. прызваны ў Савецкую армію. Пасля тэрміновай службы працаваў мантажнікам у міжкалгасным сельскім будаўнічым камбінаце г. Кобрына. У 1985 г. зноў звязаў свой лёс з арміяй. Прапаршчык А .А. Мельнікаў загінуў у Афганістане 29.11.1986 г. Самалёт, у якім ляцеў у размяшчэнне часці Аляксандр, быў збіты. Пахаваны А. А. Мельнікаў на могілках г. Кобрына. У музеі баявой славы СШ № 2 г. Кобрына яму прысвечана экспазіцыя.

 Бародзічы

Пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста Тунчыка К. У. (помнік)

      Тунчык Канстанцін Уладзіміравіч, радавы, механік-вадзіцель баявой машыны пяхоты. Нарадзіўся 3.08.1967 г. у в. Залескі Кобрынскага раёна. У 1982 г. закончыў 8 класаў Аніскавіцкай сярэдняй школы, у 1984 г. - Брэсцкае ПТВ № 27 чыгуначнага транспарту. Працаваў на чыгуначнай станцыі Брэст. У красавіку 1985 г. прызваны ў Савецкую армію, служыў у Беларускай ваеннай акрузе. У лістападзе 1986 г. накіраваны ў Афганістан у якасці механіка-вадзіцеля БМП. 12.07.1987 г. радавы К. У. Тунчык загінуў у баі пад г. Кандагар. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна), медалём. 

 Гарадзец

    Пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста Дземідовіча М. М.

Дземідовіч Мікалай Мікалаевіч, радавы. Нарадзіўся 17.12.1964 г. у в. Гарадзец Кобрынскага раёна. У 1982 г. закончыў Гарадзецкую сярэднюю школу, дапрызыўную падрыхтоўку прайшоў у Брэсцкай аўташколе ДТСААФ. У сакавіку 1983 г. прызваны ў Савецкую арміію, служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе. У кастрычніку 1983 г. быў накіраваны ў Афганістан. 25 снежня 1984 г. Мікалай разам з баявымі сябрамі суправаджаў транспартную калону. Пачаўся абстрэл. Снарад трапіў у бронетранспарцёр, і вадзіцель М. М. Дземідовіч загінуў. Узнагароджаны медалём. Пахаваны на могілках в. Гарадзец. 

  Лелікава

Мемарыяльная дошка Шапецюку У. В.

Шапяцюк Уладзімір Васільевіч нарадзіўся 26.8.1958 г. у в. Лелікава Кобрынскага раёна. У 1975 г. закончыў Лелікаўскую сярэднюю школу. У 1976 г. вучыўся ў Саратаўскім авіяцыйным вучэбным цэнтры. У 1978 г. стаў курсантам Вязнікаўскага авіяцыйнага цэнтра ДТСААФ. У 1979 г. закончыў Саратаўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, атрымаў сярэднюю ваенна-спецыяльную адукацыю пілота-тэхніка. Служыў у Грузіі.

З мая 1980 г. - у Афганістане. 18.10.1980 г. у час баявога вылету ў складзе экіпажа верталёта лейтэнант У. В. Шапяцюк загінуў. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна), медалём.

З 2004 г. Лелікаўская сярэдняя школа носіць імя У. В. Шапецюка. У 2006 г. на школе, у якой вучыўся У. Шапяцюк, устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста Шапецюка У. В.    

Помнік з лопасцю шрубакрылай машыны, сімвалізуючай апошні палёт Уладзіміра Шапецюка

Пахаваны У. Шапяцюк на могілках в. Лелікава. На магіле героя побач з мармуровым помнікам узвышаецца лопасць шрубакрылай машыны, якая сімвалізуе апошні палёт малодшага лейтэнанта Уладзіміра Шапецюка. На лопасці – ахоўны знак “Рэспубліка Беларусь. Воінскае пахаванне. Прычыненне шкоды караецца законам”.

На дарогах раёна і вуліцах горада можна  ўбачыць аўтобус, на якім буйнымі літарамі  напісана “Уладзімір Шапяцюк”, а вышэй меньшымі, што гэты аўтобус названы ў гонар нашага земляка – ваеннага лётчыка, які загінуў восенню 1980 года ў небе Афганістана, і зроблены з металічнага лому, сабранага піянерамі Кобрыншчыны.

 Пецькі

Пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста Хабібуліна М. Н.

Хабібулін Мансур Набіулавіч, маёр. Нарадзіўся 2.08.1948 г. у г. Новасібірску (Расія). У 1963 г. закончыў 8 класаў Новасібірскай сярэдняй школы № 95. У 1967 г. - Новасібірскі тэхнікум лёгкай прамысловасці і паступіў у Новасібірскі філіял Маскоўскага інстытута лёгкай прамысловасці. У 1968 г. паступіў у Чэлябінскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, якое закончыў у 1972 г. Служыў у Беларускай ваеннай акрузе. Прымаў удзел у ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, за што ўзнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» ІІІ ступені. З 1987 г. у Афганістане. Старшы штурман палка маёр М. Н. Хабібулін загінуў 16.02.1988 г. у час выканання баявога задання. Верталёт, у якім ён знаходзіўся, быў збіты. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пахаваны на могілках в. Пецькі Кобрынскага раёна.

Тэўлі

Пахаванне воіна-інтэрнацыяналістаКорнева В. І.

Корнеў Віктар Іванавіч, старшы прапаршчык. Нарадзіўся 5.07.1960 г. у в. Дзевяткі Кобрынскага раёна. У 1980 г. закончыў 11 класаў Кобрынскай завочнай школы. Прайшоў падрых-тоўку ў Брэсцкай школе ДТСААФ па спецыяльнасці вадзіцель аўтамашыны. Працаваў шафёрам у Брэсцкай спецаўтабазе. У 1980 годзе прызваны ў Савецкую армію і накіраваны ў групу савецкіх войскаў у Германіі. У 1982 г. пасля заканчэння школы прапаршчыкаў прызначаны камандзірам узвода і застаўся на звыштэрміновай службе. У лютым 1985 г. быў накіраваны ў Афганістан. 15.12.1986 г. знаходзіўся ў складзе ўзвода па ахове каманднага пункта брыгады, які быў атакаваны. Віктар загінуў. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна) і медалём. Пахаваны на могілках в. Тэўлі.

Хабовічы

       Пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста Кірысюка М. М.

Кірысюк Міхаіл Мікалаевіч, малодшы сяржант. Нарадзіўся 7.09.1964 г. у в. Хабовічы Кобрынскага раёна. У 1979 г. закончыў Хабовіцкую васьмігадовую школу, у 1980 г. - ПТВ № 102 г. Кобрына, пасля працаваў у ПМК № 70. У маі 1983 г. прызваны ў рады Савецкай арміі, служыў у Беларускай ваеннай акрузе. Пасля заканчэння вучэбнага падраздзялення ў верасні 1983 г. быў накіраваны ў Афганістан у якасці камандзіра аддзялення. Памёр 1.03.1984 г. Пахаваны на могілках в. Хабовічы. 

 

Яндекс.Метрика