Помнікі пасляваеннай гісторыі
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Помнікі пасляваеннай гісторыі

PDF Печать E-mail

 Помнікі пасляваеннай гісторыі. Помнікі, памятныя мясціны XXI cт.

гісторыка-архітэктурная даведка

Кобрын

Мемарыяльная дошка супрацоўнікам міліцыі. Вул. 17 Верасня, 11. У першыя пасляваенныя гады ў барацьбе з ворагамі Савецкай улады загінулі 6 супрацоўнікаў Кобрынскага раённага аддзялення міліцыі: В. П. Аляксандрын, У. I. Крыволь, А. А. Прудчыкаў, П. М. Сегянюк, А. М. Серадовіч, М. С. Слабада.

У 1972 г. на ўшанаванне памяці загінуўшых устаноўлена мемарыяльная дошка. На сённяшні час дошка перанесена ў будынак органаў унутраных спраў па вуліцы Савецкай.

Памятны знак супрацоўнікам Кобрынскага РАУС, загінуўшым пры выкананні службовых абавязкаў. Вул. Савецкая, 135/6 

28 лютага 2013 г. увойдзе ў гісторыю Кобрынскай міліцыі знамянальнай падзеяй. У гэты дзень быў урачыста адкрыты Памятны знак супрацоўнікам Кобрынскага РАУС, загінуўшым пры выкананні службовых абавязкаў. Памятны знак быў створаны на добраахвотныя ахвяраванні асабовага саставу Кобрынскага гарнізона міліцыі пры падтрымцы раённых прадпрыемстваў і арганізацый. Размяшчаецца побач з будынкам органаў унутраных спраў па вуліцы Савецкай.

За гады існавання праваахоўных органаў у Кобрынскім раёне загінулі 9 супрацоўнікаў. У перыяд з 1944 па 1948 год ад рук бандыцкіх груп загінулі Прудчыкаў А. А., Аляксандрын В. П., Серадовіч А. М., Слабада М. С., Крыволь В. І. Пры затрыманні злачынцаў загінуў Сегянюк П. М. Затрымоўваючы правапарушальнікаў загінулі Прудзіч В. Р., Селівончык А. І. і Мяцечка В. У.

Памятны знак у гонар загінуўшых пры выкананні службовых абавязкаў міліцыянераў выраблены з суцэльнага кавалка белага мармуру няправільнай формы. Мармур з'яўляецца высакародным каменем і стварае адчуванне вечнасці. Белы мармуравы камень сімвалізуе чысціню, веру ў жыццё пасля смерці, смутак, малітву і надзею. На франтальнай частцы памятнага знака - чорная мемарыяльная пліта, якая ў спалучэнні з белым мармурам дапамагае выказаць надзею на вечнае жыццё подзвігу і горыч страты. На пліце высечаны імёны дзевяці супрацоўнікаў, загінуўшых пры выкананні службовых абавязкаў.

Надпіс на знаку: "Сотрудники Кобринского отдела внутренних дел, погибшие при исполнении служебных обязанностей: Прудчиков Александр Алексеевич, Александрин Василий Панкратович, Середович Андрей Маркович, Слобода Михаил Семенович, Криволь Владимир Иванович, Сегенюк Петр Николаевич, Прудич Владимир Григорьевич, Селивончик Алексей Иванович, Метечко Василий Владимирович". Побач з імёнамі загінуўшых - выкаваная ружа, пераходзячая ў дубовае лісце, і журавель у палёце.

Памятны знак да 700-годдзя Кобрына

У гонар 700-годдзя Кобрына каля будынка загса ўсталяваны памятны знак, які праектаваў кобрынскі архітэктар Анатоль Данілюк. У аснаванні знака замуравана капсула нашчадкам, а 7 камянёў сімвалізуюць сем мінулых стагоддзяў Кобрына.

Скульптура “Маладосць” размешчана ў горадзе Кобрыне ў скверы на плошчы Свабоды. Усталявана ў 1987 г. да 700-годдзя горада Кобрына. Выраблена ў горадзе Львове на Львоўскай кераміка-скульптурнай фабрыцы УССР.

Памятны знак падзякі тым, хто прымаў удзел у абнаўленні г. Кобрына да правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2009"

У Кобрыне ўсталяваны памятны знак з падзякай тым, хто рэканструяваў Кобрын да  рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2009" (на ім апроч іншага захаваны імёны А. Р. Лукашэнкі, П. П. Пракаповіча, К. А. Сумара ).

Скульптура боцмана

У Кобрыне ёсць свой боцман. Стварыў яго Аляксандр Лышчык, аўтарству якога, дарэчы, прыналежаць папулярныя скульптуры бабра ў Бабруйску і башмачніка ў Оршы. Пузаты і вусаты дзядзька з папугаем на плячы стаіць на прыстані, недалёка ад Лядовага палаца. Выраблена з бронзы. Вышыня постаці - 190 см. Скульптура ўсталявана да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2009" у г. Кобрыне.

Скульптурная кампазіцыя «Купалле»

Нацыянальная тэма адлюстроўваецца ў скульптурнай кампазіцыі «Купалле». Кампазіцыя ўсталявана на тэрыторыі парку імя А. В. Суворава ў цэнтры фантана. У аснову кампазіцыі пакладзена ідэя беларускага народнага свята "Купалле". Купалле – адно з любімых святаў кабрынчан, і па даўняй традыцыі яно праводзіцца ў парку каля возера. У цэнтры фантана на пастаменце размешчаны тры жаночыя постаці, "тры грацыі", якія трымаюць у руках вянкі. Па задумцы аўтара, члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь скульптара А. Лышчыка, гэта вобразы звычайных беларусачак, апранутых у лёгкія сукенкі, з доўгімі косамі. Адна дзяўчына схілілася над вадой, гатовая спусціць вянок у ваду, другая вяжа вянок, трэцяя дзяўчына ў поўны рост трымае вянок над галавой. Фантан размешчаны ў цэнтры круглай пляцоўкі перад уваходам у амфітэатр. Па крузе пляцоўкі ўсталяваны лаўкі.

Сімвал гарадоў-пабрацімаў

18 ліпеня 2015 г. - дзень, які павінен назаўжды ўвайсці ў гісторыю горада Кобрына. У гэты дзень на нашым Арбаце (пешаходнай вуліцы Суворава) адбылося ўрачыстае адкрыццё сімвала гарадоў-пабрацімаў.

Кобрынскі раён падтрымлівае пабрацімскія сувязі з 11 гарадамі Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Балгарыі, Швейцарыі і Германіі. Гэта гарады: Бельск-Падляскі (Польшча), Враца (Балгарыя), Гларус (Швейцарыя), Канеў (Украіна), Кахул (Малдова), Ківерцы (Украіна), Ковельскі раён (Украіна), Ліўны (Расія), Менджыжец-Падляскі (Польшча), Ціхарэцк (Расія), Ульцен (Германія).

Да ўсталяванай на пешаходнай вуліцы Суворава стэлы прымацаваны розныя таблічкі, на якіх вызначаны гербы і назвы населеных пунктаў на рускай і англійскай мовах, а таксама адлегласць да іх. Кожнаму з гарадоў-пабрацімаў горада Кобрына дастаўся сімвалічны кавалачак урачыста перарэ-занай стужкі, якую яны будуць берагчы як знак любові не толькі да нашага горада, але і да ўсёй Рэспублікі Беларусь.

РS. Першыя "гарады-пабрацімы" з'явіліся ў 1944 г. Цяпер гарады-пабрацімы (пародненыя гарады) - гарады, паміж якімі ўсталяваны сталыя дружалюбныя сувязі для ўзаемнага азнакамлення з жыццём, гісторыяй і культурай. Гарады абменьваюцца дэлегацыямі, мастацкімі і спартыўнымі калектывамі, выставамі, літаратурай, кінастужкамі, фотаматэрыяламі пра жыццё гарадоў, усталёўваюць цесныя эканамічныя сувязі. У 1957 г. створана Сусветная федэрацыя пародненых гарадоў. Рух гарадоў-пабрацімаў у Беларусь прыйшоў у 1957 г. (Мінск і англійскі Нотынгем).

Фантан са сланом і кракадзіламі

Напачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя ў цэнтры горада знаходзіўся фантан. Ён уяўляў сабой кампазіцыю са слана і чатырох кракадзілаў па перыметры. Старажылы памятаюць, што фантан будавалі нямецкія ваенна-палонныя, як і мост праз раку Мухавец. Потым кракадзілаў знеслі, на іх месцы на нейкі час з'явіліся жабы. У далейшым фантан з адным сланом праіснаваў зусім нядоўга. Цяпер звесткі пра кампазіцыю са сланом і кракадзілами засталіся толькі ў памяці больш старэйшага пакалення і на старых фатаграфіях.

Балоты

Памятны знак да першага ўпамінання в. Балоты

Пры ўездзе ў в. Балоты ўсталяваны памятны камень, надпіс на якім паказвае, што першае ўпамінанне аб вёсцы звязана з 1513 годам.

Сяло мае не толькі цікавую гісторыю, але і працягвае дынамічна развівацца.

Стрыгава

Памятны знак да 490-годдзя першага ўпамінання в. Стрыгава

         У 2003 г. да 490-годдзя першага ўпамінання в Стрыгава калгасам імя Дзімітрава ў вёсцы ўстаноўлены памятны знак – камень з мемарыяльнай дошкай.

Яндекс.Метрика