Помнікі знакамітым землякам і дзяржаўным дзеячам
Помнікі знакамітым землякам і дзяржаўным дзеячам
гісторыка-архітэктурная даведка
Кожны час нараджае сваіх герояў. Але ратны подзвіг ва ўсе часы стаяў на высокім маральным п’едэстале, вянчаючы лепшыя якасці чалавека – грамадзяніна, патрыёта, інтэрнацыяналіста. Памяць пра сваіх герояў народ спакон веку захоўвае ў абелісках і манументах.
На тэрыторыі Кобрынскага раёна шмат помнікаў, мемарыяльных дошак, прысвечаных знакамітым землякам і дзяржаўным дзеячам.
Кобрын
Помнік князю Уладзіміру Васількавічу і княгіні Вользе Раманаўне (плошча Леніна)
Любы горад пачынаецца з яго гісторыі, таму не дзіўна, што галоўную плошчу Кобрына ўпрыгожвае помнік князю Уладзіміру і яго жонцы Вользе. Дзякуючы ім, у 1287 г. Кобрын быў занесены ў летапіс, і гэта падзея лічыцца першым пісьмовым згадваннем пра Кобрын. У Іпацьеўскім летапісе ёсць запіс пра тое, што валынскі князь Уладзімір Васількавіч падараваў горад сваёй жонцы Вользе Раманаўне.
У 2009 г. у Кобрыне быў усталяваны 3-х мятровы бронзавы манумент “Заснавальнікам горада”, аўтарам якога з’яўляецца скульптар Аляксандр Лышчык. Помнік князю Уладзіміру Васількавічу і княгіні Вользе Раманаўне знаходзіцца на пешаходнай вуліцы Суворава. Гэта сумесны праект, распрацаваны раённым аддзелам культуры, вядомымі беларускімі архітэктарамі (у тым ліку і знакамітым Жылінскім) і Аляксандрам Лышчыкам. Варыянтаў прапаноўвалася некалькі. Аднак спыніліся на наступным - амаль трохмятровая кампазіцыя, сюжэт якой сімвалічны - уваход у горад праз арку князя Уладзіміра Васількавіча і княгіні Вольгі.
Бронзавы князь, які стаіць побач з жонкай, благаслаўляе горад і ўсіх яго жыхароў. На асобнай пліце ёсць фрагмент тэксту Іпацьеўскага летапіса, у якім князь Уладзімір адпісвае горад Кобрын сваёй жонцы княгіні Вользе.
Помнікі Сувораву А. В.
Кобрын
У шматлікіх людзей наш горад асацыіруецца з імем знакамітага рускага палкаводца, генералісімуса Аляксандра Васільевіча Суворава, з якім злучана гісторыя Кобрына і які пакінуў пасля сябе ў горадзе добрую памяць, - дом, які яму належаў і дзе цяпер адкрыты музей; выдатны парк, у якім векавыя дрэвы і сажалка яшчэ памятаюць свайго першага гаспадара. У цэнтры Кобрына ёсць і вуліца Суворава, і гатэль «Сувораў», а ў асартыменце хлебазавода фігуруе хлеб «Сувораўскі».
У жніўні 1775 года імператрыца Кацярына II узнагародзіла фельдмаршала А. В. Суворава вялікім і багатым маёнткам «Ключ Кобрынскі», "найусеміласціва падаравала ў вечнае і нашчадкавае валоданне ключ (маёнтак) Кобрынскі".
Цэнтральная сядзіба «Губерня», маёнтак “Кобрынскі Ключ”, былі закладзены на ўскраіне Кобрына ў шасцідзясятых гадах ХVІІІ стагоддзя. Сядзіба “Губерня”, якая знаходзілася ў цэнтры цяперашняга парку, спачатку займала 3-4 дзесяціны зямлі. У цэнтры яе каля штучнай сажалкі стаяў драўляны панскі дом з сямі пакояў. У 1894 годзе ён быў разабраны. Што ж датычыцца гарадскога дома палкаводца, у якім цяпер размешчаны музей, то ён перайшоў ва ўласнасць Суворава крыху пазней, адначасова са старажытным кобрынскім замкам, сцены якога ўзвышаліся на Замкавай гары ля маста цераз раку Мухавец. Астанкі замка па распараджэнню А. Суворава былі знесены ў канцы XVIII стагоддзя. Дом Суворава быў пабудаваны пазней і на фоне драўляных домікаў сельскага тыпу мог лічыцца амаль палацам. На план Кобрына ён быў нанесены ў 1798 годзе.
Як вядома, Сувораў пабываў у Кобрыне ў 1771 г. і 1794 г. У сувязі з ваеннымі аперацыямі надоўга тут затрымлівацца ён не мог. Даўжэй пажыў А. Сувораў у маёнтку ў 1797 г. і 1800 г. У 1797 годзе разам з палкаводцам у Кобрыне жылі 18 адстаўных афіцэраў, якія трапілі ў няміласць цара. Частка іх знаходзілася ў маёнтку, другая - у гарадскім доме. Калі ў пачатку лютага 1800 года пасля заканчэння швейцарскага паходу цяжка хворы генералісімус спыніўся ў Кобрыне, невялікая світа на чале з генералам Багратыёнам размясцілася з гаспадаром у гарадскім доме. Пасля смерці Суворава ў маі 1800 года яго наследнікі распрадалі ўсе вёскі, у тым ліку і Губерню. З таго часу гарадскі дом палкаводца не раз мяняў гаспадароў. У апошнія месяцы фашысцкай акупацыі гітлераўскія салдаты ператварылі гістарычны дом у канюшню. Па рашэнню бюро ЦК КПБ ад 18 чэрвеня 1946 года восенню таго ж года было пачата аднаўленне дома, у якім цяпер размясціўся музей імя А. В. Суворава.
У горадзе тры помнікі Сувораву - адзін у поўны рост і два бюсты.
Бюст Суворава А. В. перад будынкам музея
Да 150-годдзя з дня смерці А. В. Суворава перад будынкам музея ўсталяваны бронзавы бюст вялікага палкаводца. Скульптурны партрэт А. Суворава выкананы ў 1901 годзе мастаком П. Кюферле. Копія адлітая ў Ленінградзе ў 1947 годзе з гіпсавага арыгінала.
Экспазіцыя музея, прысвечаная Сувораву, размясцілася ў доме, які ў XVIII ст. належаў вялікаму рускаму палкаводцу Аляксандру Васільевічу Сувораву.
Бюст Суворава А. В. у парку імя Суворава
Другі бюст палкаводца размешчаны ў канцы алеі ў кобрынскім парку. Парк імя А. В. Суворова быў закладзены на месцы маёнтка «Губерня», які з 1795 г. належаў рускаму палкаводцу. Цэнтральная алея парку замыкаецца дэкаратыўнай сажалкай. Тут раней стаяў невялікі драўляны сядзібны дом, у якім жыў палкаводзец. У 1894 г. з-за драхласці ён быў знесены, а на яго падмурках пабудаваны новы, які згарэў у 1939 г. падчас бою. Уладанне А. Суворава стала цэнтральным гарадскім паркам імя Суворава ў 1948 годзе. Праз два гады, у 1950 г., на месцы сядзібнага дома быў усталяваны бронзавы бюст палкаводца, адліты ў майстэрнях Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе з арыгінала 1901 г. вядомага скульптара А. І. Рукавішнікава.
Помнік Сувораву А. В. у поўны рост на скрыжаванні вуліц Савецкай і Пушкіна
Помнік Сувораву А. В. у поўны рост знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Савецкай і Пушкіна, узведзены ў 1964 г. Аўтар праекта - ленінградскі скульптар В. С. Чабатароў. Для дасягнення партрэтнага падабенства з рэальным абліччам палкаводца скульптар выкарыстоўваў пасмяротную маску. Постаць Суворава выканана ў 1 і 1/4 натуральнай; бетон, чыгун; вышыня пастамента 2,25 м, фігуры 2,6 м.
Фігура Аляксандра Суворава ўстаноўлена на высокім чатырохгранным пастаменце ў цэнтры трохвугольнай пляцоўкі. Правай рукой палкаводзец апіраецца на шпагу, левай парывістым рухам указвае на далячынь. Міжволі ўспамінаюцца сказаныя ім прарочыя словы: «Дарэмна рушыць на Расію ўся Еўропа…». Дынамічны і вытанчаны сілуэт А. В. Суворава кантрастуе з масіўнай формай пастамента. Скульптура выканана ў рэалістычнай манеры і перадае аблічча генералісімуса: натхнёны твар, хударлявая фігура ў мундзіры з ордэнскай стужкай цераз плячо і высокія боты са шпорамі. На пастаменце падпіс: «А. Сувораў. 1730-1800».
Залессе
Бюст Суворава А. В. Бюст А. В. Суворава ўстаноўлены ў цэнтры вёскі ў 1980 г. Ёсць таблічка з надпісам "Генералиссимус А. В. Суворов” .
Кобрын
Помнік на магіле сям’і Міцкевічаў каля Петрапаўлаўскай царквы. Міцкевіч Юльян Аляксандр (1.08.1801-16.11.1871) - юрыст, прафесар, гісторык права, малодшы брат вядомага паэта Адама Міцкевіча. Нарадзіўся ў Навагрудку Гродзенскай губерніі. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе. У 1819 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, які закончыў з адзнакай. У час студэнцтва актыўна дзейнічаў у таварыстве філарэтаў, за што быў арыштаваны і ў лістападзе 1823 г. - красавіку 1824 г. адбываў зняволенне ў кляштары францысканцаў у Вільні. У 1825 г. А. Міцкевіч удасканальваў юрыдычную адукацыю ў Пецярбургскім і Маскоўскім універсітэтах, дзе ў 1826 г. быў узнагароджаны як лепшы студэнт і атрымаў ступень магістра абодвух правоў – заканадаўчага і царкоўнага. З 1828 г. працаваў настаўнікам у Крамянецкім ліцэі на Валыні, прафесар рымскага права ва ўніверсітэтах св. Уладзіміра ў Кіеве (з 1835) і ў Харкаве (з 1838 г. – прафесар і дэкан юрыдычнага факультэта Харкаўскага ўніверсітэта).
Аляксандр Мiцкевiч у 1857 годзе купiў маёнтак Губерня пад Кобрынам, дзе жыў з сям'ёй пасля выхаду ў адстаўку. Тут ён у перапынках памiж гаспадарчымi справамi рыхтаваў да друку навуковыя працы “Энцыклапедыя права” i “Курс рымскага права”. Тут яго неаднойчы наведвалi дзецi Адама Мiцкевiча – Уладзiслаў, Марыя, Юзаф. А. Міцкевіч высока цаніў свайго старэйшага брата як паэта, сабраў вялікую бібліятэку ў памяць аб ім і перадаў у Кобрынскі хрысціянскі храм і Варшаўскую Акадэмію навук. Апублікаваў артыкулы “О быте и этнографии крестьян Кобринского уезда».
Пасля смерці ў 1871 г. А. Міцкевіч быў пахаваны на старых кобрынскіх могілках. На старадаўнiх могiлках каля Петрапаўлаўскай царквы па вуліцы Мікольскай захаваўся помнiк на сямейнай магiле Мiцкевiчаў. Апрача брата Адама Мiцкевiча Аляксандра, тут пахаваны жонка Аляксандра Тэрэза i сын Францiшак. Помнік уяўляе сабой вертыкальную кампазіцыю з фігурай анёла з крыжам, абвітым кляновай галінкай.
Кобрын
Помнікі Леніну У. І. У Кобрыне існавалі тры помнікі Уладзіміру Ільічу Леніну.
Сімвал савецкай эпохі – помнік У. І. Леніну – размяшчаецца на галоўнай плошчы Кобрына – плошчы Леніна, непадалёку ад музея імя А. В. Суворава. Першы варыянт манумента ствараўся яшчэ ў 1940 г., але не захаваўся: быў знішчаны адразу пасля пачатку нямецкай акупацыі горада. Помнік правадыру аднавілі толькі ў 1961 ці 1965 гг. (па розных крыніцах). У Кобрынскім архіве захоў-ваецца рашэнне гарвыкан-кама № 70 ад 6 красавіка 1965 г. пра перанос помніка У. І. Леніну з плошчы Свабоды на плошчу імя У. І. Леніна. Адмысловай гістарычнай каштоўнасці дадзены манумент не ўяўляе, бо выкананы ў стандартнай традыцыі і нічым не вылучаецца сярод тысячы аналагічных па ўсёй СНД.
Другі помнік малавядомы для шырокай публікі, бо знаходзіцца на ўнутранай тэрыторыі інструментальнага завода па вуліцы Пралетарскай (цяпер “СІТОМА”). Скульптура У. І. Леніна ўстаноўлена ў 1966 годзе. Гэты помнік значна большы за той, які знаходзіцца на галоўнай плошчы горада.
Трэці манумент да цяперашняга часу не захаваўся. Ён быў усталяваны ў 1960 г. у скверы па вуліцы Савецкай. У нашы дні на месцы сквера і помніка пабудаваны жылы дом.
Кобрын
Помнік Сталіну І. В. Найбуйнейшая постаць сусветнай гісторыі – Іосіф Вісарыёнавіч Сталін, жыццё і дзяржаўная дзейнасць якога пакінула найглыбокі след не толькі ў лёсе савецкага народа, але і ўсяго чалавецтва. Яшчэ не адно дзесяцігоддзе будзе прадметам для абмеркаванняў сярод гісторыкаў і абывацеляў. Стаўленне да асобы І. В. Сталіна неадназначнае, і сёння адны яго абагаўляюць, іншыя праклінаюць. Яшчэ пры жыцці Сталіна савецкая прапаганда стварыла вакол яго імя арэол “вялікага правадыра і настаўніка”. Імем Сталіна называліся гарады, прадпрыемствы, вуліцы. Яго імя згадвалася ў адным шэрагу з Марксам, Энгельсам і Ленінам. У яго гонар узводзіліся скульптурныя помнікі.
Помнікі Сталіну – адмысловая катэгорыя скульптурных твораў, якія былі неад’емнай часткай савецкай традыцыі манументальнага мастацтва 30-х – 60-х гадоў XX стагоддзя. Не абышла гэта тэндэнцыя і наш горад: на працягу некалькіх гадоў помнік “правадыру і настаўніку” ўзвышаўся ў самым сэрцы Кобрына, на Рынкавай плошчы, перайме-наванай у 1939 г. у плошчу Свабоды. Звесткі пра манумент на плошчы Свабоды скупыя і малаверагодныя. Як сведчаць фотаматэрыялы, датаваныя пачаткам 50-х гадоў, на бетонным пастаменце ўзвышалася постаць Іосіфа Сталіна з паднятай, нібы ў прывітанні, правай рукой. Яго правая нага ледзь адведзена назад, што стварае ілюзію руху, позірк накіраваны ў бок вул. Першамайскай. На заднім плане размешчаны двухпавярховы будынак, які ўзводзіўся ў разгар Вялікай Айчыннай вайны нямецкай фірмай “Фелькер” і прызначаўся пад нямецкі дом. У глыбіні двароў віднеецца будынак Кобрынскага хлебазавода, заснаванага ў 1954 г., і завадская труба.
Безумоўна, помнік Сталіну ў Кобрыне быў усталяваны ў першыя пасляваенныя гады, калі пасля перамогі над фашызмам, у якой вядучую ролю савецкі народ адводзіў менавіта свайму выдатнаму генералісімусу, па ўсім свеце пракаціўся сапраўдны бум манументальнага будаўніцтва. Адзін са здымкаў, змешчаных у Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава, датуецца 1949 годам, іншы, відавочна, пазнейшы, падпісаны вельмі абцякальна – “1950-е гады”.
Пасля XX з’езду КПСС у лютым 1956 г., калі быў развенчаны культ асобы Сталіна, помнікі “правадыру і настаўніку” паўсюдна сталі дэмантаваць. Увосень 1956 г. помнік Сталіну ў г. Кобрыне таксама быў дэмантаваны.
Кобрын
Мемарыяльная дошка Гарбатаву Б. Л. і Твардоўскаму А. Т.
Мемарыяльная дошка Гарбатаву Барысу Лявонцьевічу і Твардоўскаму Аляксандру Трыфанавічу размешчана на вул. Суворава, 1. Усталявана ў 1986 г. у памяць пра знаходжанне ў Кобрыне вядомых савецкіх пісьменнікаў.
У верасні 1939 г. падчас вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь разам з перадавымі часцямі 4-й арміі, якая прасоўвалася на захад, у Кобрын прыбыла рэдакцыя газеты" Часовой Родины". Сярод яе супрацоўнікаў былі два спецыяльныя карэспандэнты, ужо вядомыя ў той час пісьменнік Б. Л. Гарбатаў і паэт А. Т. Твардоўскі. Яны пасяліліся ў хаце № 1 па вул. Суворава і жылі тут у кастрычніку - лістападзе 1939 г. Тым часам у Кобрыне пачала выдавацца павятовая газета "ТРУД". Б. Л. Гарбатаў і А. Т. Твардоўскі дапамаглі наладзіць выпуск гэтай газеты.
Кобрын
Мемарыяльная дошка Кірмановічу У. М.
Для роднага Кобрына У. М. Кірмановіч назаўжды застанецца Ганаровым грамадзянінам і адзіным мясцовым Героем Савецкага Саюза. З пакалення ў пакаленне на Кобрыншчыне перадаецца памяць пра героя, які прымножыў славу нашай зямлі.
Кірмановіч Уладзімір Мікалаевіч нарадзіўся 5 лістапада 1919 г. у г. Кобрыне Брэсцкай вобласці ў сям'і рабочых. У 1926 г. хлопчык паступіў вучыцца ў Кобрынскую павятовую школу (цяпер СШ №2). З кастрычніка 1939 г. па чэрвень 1940 г. служыў у Ленінградскай вобласці, удзельнічаў у Фінскай вайне. Скончыў курсы малодшых лейтэнантаў у 1942 г. З 1943 года – член КПСС. У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў знішчальнай процітанкавай батарэяй на Бранскім, Цэнтральным, 3-м і 4-м Украінскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскім франтах. 22 жніўня 1944 г. у час варожай танкавай атакі батарэя капітана Кірмановіча першая прыняла ўдар і ў жорсткім баі падбіла і спаліла 14 варожых танкаў. За гэты подзвіг у 1945 г. Кірмановіч быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Шматлікія заслугі Кірмановіча ў гады Вялікай Айчыннай вайны адзначаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Айчыннай вайны 1 ступені, ордэнам Айчыннай вайны 2 ступені, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі.
У 1955 г. Кірмановіч закончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе. Жыццё
Уладзіміра Мікалаевіча цесна злучана з Харкаўскім вышэйшым ваенным вучылішчам лётчыкаў, у якім ён доўгія гады працаваў выкладчыкам. У 1958 г. У. М. Кірмановічу было прысвоена званне палкоўніка.
Памёр 5 лютага 2001 г., пахаваны на алеі герояў у Харкаве.
На малой радзіме У. М. Кірмановіча памятаюць, паважаюць яго імя, навечна захаванае ў назвах вуліц, галерэях Славы, музейных экспазіцыях. У 1987 годзе яму прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Кобрына. 12 кастрычніка 2005 г. на сесіі раённага Савета дэпутатаў прынята рашэнне аб прысваенні вуліцы ў квартале індывідуальнай забудовы на тэрыторыі былога ваеннага гарадка імя земляка-героя Уладзіміра Мікалаевіча Кірмановіча.
На будынку сярэдняй школы № 2 г. Кобрына, у якой вучыўся Уладзімір Мікалаевіч Кірмановіч, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Кобрын
Мемарыяльная дошка Ягораву С. Я.
Мемарыяльная дошка Ягораву Сяргею Ягоравічу ўсталявана ў 1975 г. на адным з дамоў па вуліцы, названай імем Ягорава.
Сяргей Ягораў нарадзіўся ў 1901 г. у пасёлку Удзельная Раменскага раёна Маскоўскай вобласці. У 1921 г. удзельнічаў у падаўленні Кранштацкага мецяжу. З 1936 г. працаваў першым сакратаром Ягор’еўскага райкама ВКП(б) Маскоўскай вобласці. Першую баявую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі – С. Я. Ягораў атрымаў за ўдзел у фінскай кампаніі. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у Брэсцкай вобласці на пасадзе намесніка камандзіра па палітчасці 15-га стралковага палка 49-й стралковай дывізіі. У няроўных баях першых дзён вайны часць была разбіта. Апынуўшыся ў акружэнні ў Белавежскай пушчы, Сяргей Ягораў уключыўся ў антыфашысцкую барацьбу. У ліпені 1942 г. ён быў адным з арганізатараў разгрому варожага гарнізона ў Косаве. Пазней партызаны перабраліся ў Пінскую вобласць, дзе С. Ягораў назначаны камісарам спачатку атрада імя Варашылава, а затым – атрада імя Шчорса. З красавіка 1943 г. С. Я. Ягораў – намеснік партызанскага руху па Брэсцкай вобласці па партыйна-масавай рабоце. Загінуў 11 чэрвеня 1944 г. у час пералёту праз лінію фронту.
У 1964 г. да 20-годдзя вызвалення г. Кобрына па рашэнні райвыканкама завулак Лугавы перайменаваны ў завулак імя Ягорава (з 2008 г. – вуліца Ягорава) .
Кобрын
Мемарыяльная дошка Заморыну І. А.
Мемарыяльная дошка Заморыну Івану Аляксанд-равічу знаходзіцца на адным з дамоў па вуліцы Пушкіна. На дошцы тэкст: "У гэтым доме з 1974 па 1993 г. жыў ЗАМОРЫН Іван Аляк-сандравіч. У Вялікую Айчынную вайну - камандзір 523 знішчальнага авіяцый-нага палка. Ваяваў сумесна з лётчыкамі палка “Нар-мандыя-Неман. Здзейсніў 342 баявых вылеты, асабіста збіў 9 фашысцкіх самалетаў і 12 - у складзе групы. Кавалер 9-ці ордэнаў СССР і 2-х Францыі".
Выхадзец з вёскі Косценка Магілёўскай вобласці, упершыню І. Заморын апынуўся ў г. Кобрыне пасля вайны, калі 523-й знішчальны авіяцыйны полк 303-й знішчальнай авіядывізіі 1-га паветранага войска Баранавіцкай, а пазней Беларускай ваеннай акругі, дзе служыў Заморын, дыслацыраваўся ў Кобрыне. Да гэтага моманту камандаванне Заходнім фронтам "за образцовое выполнение боевых заданий и проявление при этом отваги и геройства, за умелое руководство лётно-техническим составом" ужо двойчы, у 1943-м і 1944-м гадах, прадстаўляла І. А. Заморына да вышэйшай урадавай узнагароды - звання "Герой Савецкага Саюза". Усяго за гады вайны лётчык-знішчальнік Заморын правёў 342 паспяховыя баявыя вылеты, з якіх 9 самалётаў было збіта ім асабіста.
Кавалер 9-ці ордэнаў СССР і 2-х Францыі. Ужо пасля вайны, у 1984 г.,
І. А. Заморын стаў кавалерам ордэна Ганаровага Легіёна, атрымаўшы ў Крамлі, прама з рук прэзідэнта Францыі Франсуа Мітэрана, рэдкую ўзнагароду "Французскі ваенны крыж". Пасля вайны да самага пенсійнага ўзросту Іван Аляксандравіч служыў у авіяцыі.
Два апошнія дзесяцігоддзі свайго жыцця А. І. Заморын правёў у Кобрыне. Будучы на пенсіі, займаўся патрыятычна-выхаваўчай работай, за што атрымаў Ганаровую грамату Савецкага камітэта ветэранаў.
У студзені 1993 г. Іван Аляксандравіч Заморын быў пахаваны на гарадскіх могілках.
Кобрын
Мемарыяльная дошка Мартынаву А. М. У кожнага горада ёсць свае запаветныя імёны, якія ніколі не забываюцца. Для кабрынчан такой пуцяводнай зоркай стаў Аляксей Міхайлавіч Мартынаў. У нашым раёне, увогуле на Брэстчыне і ў рэспуб-ліцы яго імя добра вядома як імя чалавека - даследчыка гісторыі Кобрыншчыны, збіраль-ніка рэдкіх дакументаў аб яе мінулым, першага і шматгадовага дырэктара музея імя А. В. Суворава, арганізатара і першага загадчыка гарадской бібліятэкі. Шматлікія публікацыі А. Мартынава выявілі яго як яркага публіцыста, улюблёнага ў родны край, яго гісторыю.
Аляксей Міхайлавіч Мартынаў (1904-1999) нарадзіўся 7 жніўня 1904 года ў горадзе Кобрыне ў сям’і народнага настаўніка. У 1911-1915 гг. вучыўся ў Кобрынскім прыходскім вучылішчы. У Першую сусветную вайну сям’я эвакуіравалася ў г. Рагачоў, дзе А. Мартынаў прадоўжыў навучанне ў рэальным вучылішчы. У 1920-1921 гг. Аляксей Міхайлавіч стаў выкладчыкам лікбеза, працаваў настаўнікам. Пасля смерці бацькі ў 1922 г. сям’я вярнулася ў Кобрын. У 1922-1939 гг. Аляксей Мартынаў пераважна працаваў чорнарабочым на сезонных работах і на лесазаводзе. Клопат пра маці і малодшых дзяцей, пастаянная цяжкасць са сродкамі не дазволілі маладому чалавеку пайсці вучыцца далей. Але імкненне стаць пісьменным было настолькі моцным, што ён заўсёды занімаўся самаадукацыяй. У 1939 годзе, а потым у першыя дні вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў А. М. Мартынаў быў арганізатарам і першым загадчыкам гарадской бібліятэкі. Са жніўня 1946 г. Аляксей Міхайлавіч прызначаны дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава. 32 гады А. Мартынаў аддаў любімай справе, даследаваў мінулае роднага горада, напісаў больш за 70 артыкулаў, публікаваўся ў рэспубліканскіх і мясцовых органах друку. З 1965 г. па 1972 г. А. М. Мартынаў на грамадскіх пачатках узначаліў Кобрынскае аддзяленне добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ён не толькі вёў работу па захаванні наяўных помнікаў, але таксама ініцыіраваў работу па ўвекавечанні месцаў, звязаных з гістарычнымі падзеямі на тэрыторыі Кобрыншчыны. Мартынаў дасканала ведаў сусветную гісторыю і гісторыю Кобрыншчыны. Нездарма яго артыкулы сталі першакрыніцай па вывучэнні і асэнсаванні мінулага роднага краю. Аляксей Міхайлавіч Мартынаў памёр у 1999 г.
За актыўную краязнаўчую работу ён узнагароджаны медалём імя Н. К. Крупскай, мноствам грамат, імяннымі падарункамі, стаў ганаровым грамадзянінам Кобрына. Але лепшая ўзнагарода - добрая памяць пра яго ў сэрцах кабрынчан.
У 2004 г. да 100-годдзя з дня нараджэння А. М. Мартынава на сцяне сціплага збудавання – дома, дзе прайшла большая частка жыцця Аляксея Міхайлавіча, у памяць аб яго гаспадары была адкрыта мемарыяльная дошка.
Арэхаўскі
Мемарыяльная дошка памяці першага кіраўніка саўгаса “Днепра-Бугскі” Ткачука А. С.
У 2016 г. у пасёлку (аграгарадку) Арэхаўскі ўстаноўлена мемарыяльная дошка памяці першага кіраўніка саўгаса “Днепра-Бугскі” Антона Сцяпанавіч Ткачука - чалавека, які шаснаццаць гадоў жыцця аддаў гаспадарцы, у свой час вядомай дасягненнямі на ўсю рэспубліку. Перш чым стаць кіраўніком саўгаса “Днепра-Бугскі”, Антон Ткачук быў загадчыкам сельскага клуба, потым – загадчыкам рамонтных майстэрняў, інжынерам, намеснікам старшыні калгаса ў розных кропках раёна.
А. С. Ткачук быў добрым кіраўніком, меў моцны аўтарытэт сярод працаўнікоў. Амаль усё зробленае і пабудаванае ў пасёлку Арэхаўскім прайшло праз яго рукі. Антон Сцяпанавіч - сапраўдны патрыёт Кобрыншчыны. Старанная праца Антона Сцяпанавіча Ткачука адзначана рознымі ўзнагародамі: двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За добрасумленную працу”, шэрагам грамат.
Гарадзец
Бюст Дзяржынскага Ф. Э. Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі (30 жніўня (11 верасня) 1877 - 20 ліпеня 1926, Масква) – рэвалю-цыянер, савецкі дзяр-жаўны дзеяч. З шляхецкага роду Дзяржынскіх. Нара-дзіўся ў сям'і шляхціча, настаўніка гімназіі ў маёнтку Дзяржынава Ашмянскага павета. З 1906 г. Ф. Дзяржынскі - прадстаўнік СДПКПіЛ ў Цэнтральным Камітэце РСДРП, дэлегат 4-га З'езда РСДРП. З сакавіка 1917 года - член бюро Маскоўскай групы СДКПіЛ і Маскоўскага камітэта РСДРП, сябра выканаўчага камітэта Маскоўскага Савета Рабочых дэпутатаў. У тым жа годзе Ф. Дзяржынскі абраны ў ЦК РСДРП.
16 кастрычніка 1917 г. Ф. Э. Дзяржынскі абраны ў Ваенна-Рэвалюцыйны Цэнтр, у складзе якога ён зрабіўся адным з асноўных кіраўнікоў Кастрычніцкай рэвалюцыі, арганізаваў захоп пецярбургскіх пошты і тэлеграфа. З сакавіка 1919 года Ф. Э. Дзяржынскі - народны камісар унутраных спраў. У маі-ліпені 1920 г. ён кіраваў падаўленнем антыкамуністычных паўстанняў на Украіне, тылам Паўднёва-Заходняга фронту Чырвонай Арміі.
З 1921 г. Ф. Э. Дзяржынскі займаў розныя пасады ў расійскім і савецкім урадах, у 1922-1926 гг. быў старшынёй ГПУ. Удзельнічаў у барацьбе з апазіцыяй унутры камуністычнай партыі.
Бюст Дзяржынскага Фелікса Эдмундавіча знаходзіцца поруч былога будынка кіравання калгаса імя Ф. Э. Дзяржынскага (цяпер будынак Гарадзецкага сельскага выканаўчага камітэта). Устаноўлены ў 1977 годзе.
Жухаўцы
Помнік партызану Арлову І. І.
Iван Iванавіч Арлоў - адзін з арганізатараў партызанскага руху на Кобрыншчыне. Нарадзіўся ў Кастрамской вобласці. Апынуўшыся на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі, стварыў падпольную групу, якая пачала дзейнічаць у студзені 1942 года. У красавіку 1942 г. яна разам з іншымі групамі аб'ядналася ў партызанскі атрад імя В. I. Чапаева, камандзірам якога стаў I.I. Арлоў. 27 красавіка 1943 г. пры спробе знішчыць мост цераз р. Мухавец каля в. Жухаўцы Iван Арлоў загінуў. У студзені 1944 г. на базе атрада імя Чапаева была створана партызанская брыгада імя Чапаева, а аднаму з атрадаў прысвоена імя Арлова.
У 1974 г на ўшанаванне памяці адважнага партызана на абочыне шашы Масква - Брэст, каля моста цераз р. Мухавец, пастаўлены помнік І. І. Арлову.
Імянін
Мемарыяльная дошка Сурыну Б. М.
Барыс Мікалаевіч Сурын нарадзіўся 2 жніўня 1907 г. у Ленінградзе, у сям’і служачых. У 1926 г. быў накіраваны на вучобу ў артылерыйскую школу, ў 1928 г. пачаў служыць у Чырвонай Арміі, затым вучыўся ў ваеннай школе лётчыкаў, у 1938 г. яго назначылі камандзірам эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. У 1940 г. Б. М. Сурын - камандзір 123 знішчальнага авіяпалка. 22 чэрвеня 1941 г., каля дзвюх гадзін ночы, камандзір палка падняў увесь састаў па баявой трывозе. У першы дзень вайны лётчыкі палка на працягу 10 гадзін вялі бесперапынны паветраны бой і збілі 30 варожых самалётаў, страціўшы пры гэтым 9 сваіх. Барыс Сурын у гэты дзень правёў 4 паветраныя баі, збіў 3 самалёты ворага, але сам атрымаў смяротнае раненне. Яго пахавалі непадалёку ад Кобрына. Першы камандзір 123-га авіяпалка назаўсёды застаўся на кобрынскай зямлі. Удзячныя жыхары Кобрына па рашэнні выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных 17 чэрвеня 1964 г. назвалі вуліцу яго імем.
У 1974 г. у в. Імянін на доме, дзе жыў напярэдадні вайны Б. М. Сурын, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Лепясы
Помнік Фалькоўскаму Д. Н.
Дзмiтрый Нікіфаравіч Фалькоўскi (Ляўчук) - украiнскi паэт, пясняр Палесся i рэвалюцыi. Нарадзiўся ў вёсцы Лепясы Кобрынскага раёна ў 1898 г. у сям'i рабочага мясцовай цагельнi. Вучыўся ў Кобрынскiм рэальным вучылiшчы i Брэст–Лiтоўскай гiмназii. У час грамадзянскай вайны быў членам кобрынскай падпольнай групы РКП(б). Служыў у армii ў надзвычайнай калегii, устанаўлiваў у краi савецкiя парадкi. У 1923 г. звольнiўся па хваробе i жыў у Кiеве, дзе i адбылося станаўленне Фалькоўскага як паэта. Напiсаў паэму “Чабан”, стаў аўтарам трох паэтычных зборнiкаў “Обрii”, “На пажарышчы” i “Полiсся”. Пiсаў Дзмітрый Фалькоўскi на заходнепалескiм дыялекце. У пасмяротным зборнiку “Паэзii” змешчаны цыкл вершаў, якiя аўтар прысвяцiў сваiм родным мясцiнам, Палессю. Так склаўся лёс паэта, што ён мала жыў на радзіме. Але ў думках Дзмітрый заўсёды быў з родным краем, перажываў разлуку з радзiмай, Лепясамi, што i выказваў у сваiх вершах. Талент Д. Фалькоўскага абяцаў шмат. Яго сталасць была наперадзе, але, на жаль, ён не паспеў да канца раскрыць свае здольнасцi глыбокага, тонкага лiрыка. Пiсаў пра першыя бальшавiцкiя беззаконнi, а потым i сам стаў iх ахвярай. Арыштаваны i расстраляны ў 1934 годзе. Рэабiлiтаваны ў 1957 годзе. Жыхары Кобрына назвалi адну з вулiц паэта яго iмем.
У в. Вялікія Лепясы ўстаноўлены помнiк Д. Н. Фалькоўскаму і мема-рыяльны знак на месцы, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся паэт. Помнік быў адкрыты ў 1998 годзе стараннямі членаў арганізацыі «Просвіта» Кобрына, Брэста і Маларыты. Мемарыяльны знак - каменная стэла на пастаменце з клумбай для кветак.
На стэлу нанесены партрэт паэта і надпіс: "Тут народився український поет Дмитро Фальківський (Левчук)
9 жовтня 1898 - страчений у грудні 1934
Від односельчан і товариства Просвіта м Кобрин і Малорита
Очерет мені був за колиску,
В болотах я родився і зріс.
Я люблю свою хату поліську...
Я люблю свій зажурений ліс..."
Пасля цытаты – аўтограф паэта.
Мазуры
Мемарыяльная дошка Паплаўскаму Ф. Н.
У вёсцы Мазуры ў 1913 годзе нарадзіўся Філіп Ніканавіч Паплаўскі - адзін з арганізатараў партызанскага руху на Кобрыншчыне ў Вялікую Айчынную вайну, камандзір атрада імя С. М. Кірава Брэсцкага партызанскага злучэння. Загінуў у баі ў 1943 г.
У 1975 годзе на ўшанаванне памяці Ф. Н. Паплаўскага на будынку сельмага ўстаноўлена мемарыяльная дошка з такім тэкстам: «Поплавский Филипп Никонович (1913-1943) уроженец деревни Мазури. Один из зачинателей партизанского движения на Кобринщине, командир партизанского отряда имени Кирова Брестского соединения».
Пескі
Мемарыяльная дошка Туру С. К.
Ураджэнец вёскі Сямён Кандратавіч Тур - удзельнік нацыянальна-рэвалюцыйнай вайны ў Іспаніі, камандзір аднаго з партызанскіх атрадаў на Жытоміршчыне ў Вялікую Айчынную вайну. Загінуў у 1943 г. у баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У 1974 г. на ўшанаванне яго памяці на будынку васьмігадовай школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам “ТУР СЕМЕН КОНДРАТЬЕВИЧ (1906-1943) уроженец д. Пески, боец интернациональной бригады в Испании. За оборону Москвы в 1941 г. награждён орденом боевого Красного Знамени. Командовал партизанским отрядом на Житомирщине. Вечная слава герою!”
Імя С. К. Тура прысвоена Пескаўскай школе.
Худлін
Помнік партызану Шышу М. Ц.
Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Тут у 1908 годзе нарадзіўся адзін з арганізатараў партызанскага руху на Кобрыншчыне ў Вялікую Айчынную вайну М. Ц. Шыш. Член КПЗБ. Загінуў у 1942 г. у баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Імя Мікалая Цімафеевіча Шыша было прысвоена аднаму з атрадаў партызанскай брыгады імя В. М. Молатава.
У 1974 г. на ўшанаванне яго памяці пастаўлена стэла.