Помнікі прыроды
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Помнікі прыроды

PDF Печать E-mail

Помнікі прыроды. Палаца-паркавыя ансамблі
гісторыка-архітэктурная даведка

Помнікі прыроды - прыродныя аб'екты, якія маюць навуковае, гістарычнае ці культурнае і эстэтычнае значэнне, ахоўваюцца дзяржавай.
У Кобрынскім раёне ёсць два помнікі прыроды рэспубліканскага значэння: парк культуры і адпачынку ім. А. В. Суворава ў г. Кобрыне і Сувораўскі дуб каля в. Дзівін.
Таксама рэгіён багаты іншымі цікавымі помнікамі прыроды, палаца-паркавымі ансамблямі, заказнікамі рэспубліканскага і мясцовага значэння. У Кобрыне сустракаецца экзатычная, рэдкая для Беларусі расліна, якая атрымала статут асоба ахоўных помнікаў прыроды, - гінкго (ГИНКГО (Ginkgo), род голасемянных дрэў сямейства гінкгавых), вярба серабрыстая vitellina.
Кобрын
Парк культуры і адпачынку імя А. В. Суворава
Кобрынскі парк культуры і адпачынку імя А. В. Суворава штогод наведваюць дзясяткі тысяч турыстаў, гэта любімае месца адпачынку кабрынчан. Парк з'яўляецца яркім сведчаннем багатай і слаўнай гісторыі горада. З невялікай сядзібы ён ператварыўся ў адзін з найбуйнейшых і найпры-гожых садова-паркавых комплексаў сучаснай Беларусі, набыў непаўторны каларыт і быў занесены ў спіс помнікаў рэспубліканскага значэння, стаў гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Адносіцца да ліку найстарэйшых паркаў Беларусі.
Парк размяшчаўся ў маёнтку «Кобрынскі ключ». У 1795 г. за ратныя заслугі маёнтак быў падараваны Кацярынай II фельдмаршалу Аляксандру Васільевічу Сувораву. Тут ён пражываў у 1797 г., 1800 г. У XVIII стагоддзі плошча парку не перавышала 4 га. Ён быў акружаны валам і ровам. У цэнтры знаходзіліся пладовы сад і сажалка, якая разам з цэнтральнай ліпавай алеяй складала яго кампазіцыйную вось. Над сажалкай стаяў драўляны сядзібны дом (разабраны ў канцы XIX ст.), на месцы якога ў 1950 г. устаноўлены бюст палкаводца (скульптар I. М. Рукавішнікаў, бронза; адліўка паводле арыгінала 1904 г.). Створаны вялікі штучны вадаём з абводным каналам, дзе плаваюць белыя лебедзі.
З 1948 г. з'яўляецца паркам культуры і адпачынку імя А. В. Суворава. Да гэтага часу тэрыторыя дасягнула 7,5 га.
Кобрынскі парк – гэта шэдэўр беларускага дойлідства, якім па праву ганарыцца ўся Беларусь. У аснове планіроўкі парку з самага пачатку дамінаваў рэгулярны стыль, толькі пасля дадалося некалькі ўчасткаў, аформленых у англійскім вольным стылі. Праца па ўдасканаленні паркавага ландшафту працягваецца, высаджваюцца рэдкія і каштоўныя ў дэкаратыўным плане дрэвы. Круглы год вядуцца работы па добраўпарадкаванню.
У старой частцы парку захаваліся ліпы, пасаджаныя яшчэ пры жыцці
А. В. Суворава. Наогул, у парку расце больш за 70 відаў дрэў і хмызнякоў, а яго тэрыторыя складае 32 га. Трапляюцца каштоўныя экзоты - кіпарысавік гарохаплодны, спірэя Біліярдзі, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш. Парк упрыгожваюць серабрыстая елка, воцатнае дрэва, пірамідальная і кусцістая туі, лімоннік, явар, сібірская абляпіха. Тут шмат птушак, ёсць нават совы. Нярэдка можна ўбачыць спрытных і зусім не палахлівых вавёрак.
Рашэннем дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па ахове прыроды ад 27 снежня 1963 г. Кобрынскі парк зацверджаны помнікам прыроды і садова-паркавага мастацтва. У 1983 г. узнагароджаны дыпломам II ступені ВДНГ СССР. Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 16.07.2007 №72 парк імя А. В. Суворава абвешчаны батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Сёння парк імя А. В. Суворава – гэта прадпрыемства плошчай 32 га, змешчанае ў цэнтры горада. Праводзіцца работа па добраўпарадкаванню, культурна-масавая дзейнасць. У парку дзейнічаюць 14 атракцыёнаў, водныя ровары, танцпляцоўка, амфітэатр, ДРЦ «Кеша».
У 2009 г. да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2009» пасля рэканструкцыі парк набыў новы выгляд, пабудаваны розныя аб'екты. Старадаўні парк імя А. В. Суворава адкрыў новую старонку сваёй гісторыі.
Дзівін
Сувораўскі дуб. Сувораўскія дубы - помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (з 1968 года).
Дуб каля вёскі Дзівін. Па паданню пад гэтым дрэвам у час паходу адпачываў рускі палкаводзец А. В. Сувораў. 3 верасня 1794 г. адбыўся бой паміж войскамі Суворава і перадавым атрадам паўстанцаў генерала Серакоўскага ля вёскі Дзівін. Пасля бою ў невялікай драўлянай царкве Параскевы Пятніцы ў Дзівіне А. В. Сувораў прысутнічаў на падзячным набажэнстве, а потым рушыў далей. У 3-х км ад вёскі атрад спыніўся на адпачынак, і палкаводзец прылёг адпачыць пад дубам.
Дуб і сёння стаіць на ўскраіне дарогі, а побач на абеліску замацавана мемарыяльная дошка, якая нагадвае пра гэты эпізод : “В 1794 г во время похода из Немирова к Кобрину под этим дубом отдыхал великий русский полководец Александр Васильевич Суворов”. Дрэва агароджана, каля яго ўстаноўлены лаўкі, выкапаны калодзеж. Правая частка дуба пашкоджана маланкай.

Кобрынскі раён
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Званец”. Балотны масіў Званец размешчаны ў міжрэччы Днепра-Бугскага канала і яго прытокаў - Белаазёрскага і Арэхаўскага каналаў. 3 паўднёвага і паўночна-заходняга боку масіў абмежаваны меліярацыйнымі сістэмамі. Званец з'яўляецца адным з буйнейшых нізінных балот не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе, яго плошча перавышае 150 км2.
Нізінныя балоты - адзін з характэрных ландшафтаў Беларусі і ўяўляюць сабой яе своеасаблівую "візітную картку". Звычайна яны фармуюцца ў поймах рэк і ўяўляюць сабой вялікія адкрытыя забалочаныя прасторы, парослыя рознымі відамі асакі і іншай балотнай расліннасці. Да нашага часу балоты такога тыпу ў Еўропе амаль зніклі. Нізінныя балоты аказваюць уплыў на фарміраванне клімату вялізных тэрыторый. Яны, быццам вялізныя губкі, накопліваюць у сабе вільгаць, а потым аддаюць яе навакольным землям. Забіраючы з атмасферы вуглекіслы газ, балоты таксама выконваюць ролю своеасаблівых "лёгкіх" планеты.
Званец, як і ўсе балоты такога тыпу, аказвае істотны ўплыў на навакольныя тэрыторыі. Акрамя таго, балота дае прытулак цэламу шэрагу рэдкіх жывёл і раслін. Тут адзначаны 23 віды раслін, 18 відаў насякомых, 2 віды млекакормячых і 21 від птушак, занесеных ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх - глабальна знікаючыя вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец, драч і дубальт, што прыдае балоту міжнародную прыродаахоўную значнасць. Так, у Беларусі гняздуецца каля паловы сусветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, і большая яе частка сканцэнтравана менавіта на Званцы. У 2010 г. рэспубліканскі біялагічны заказнік "Званец" ператвораны ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Адпаведнае рашэнне ўтрымоўваецца ў пастанове Савета Міністраў № 130 ад 1 лютага 2010 года. Пераўтварэнне выклікана неабходнасцю захавання ў натуральным стане ўнікальнай прыроднай экасістэмы нізіннага балота Званец, дзікіх жывёльных і дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама іх месцаў рассялення і вырастання. Агульная плошча рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Званец" складае 16,2 тыс. гектараў. Фінансаванне яго аховы і мерапрыемстваў, звязаных з пераўтварэннем заказніка, ажыццяўляецца з фондаў аховы прыроды і іншых крыніц.
Кіруюць заказнікам Драгічынскі і Кобрынскі райвыканкамы. Зараз Званец з'яўляецца Рамсарскай тэрыторыяй і Тэрыторыяй, Важнай для Птушак.

Божы Дар
Мемарыяльная сядзіба роду Мітрашэўскіх. Размешчана за 2 км на захад ад колішняга фальварка Бяроза і за 2,5 км на ўсход ад в. Малышы. Сядзіба Божы Дар была звязана з падзеямі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года, з дзейнасцю аднаго з яго кіраўнікоў генерала Рамуальда Траўгута. Траўгут прыбыў у маёнтак Божы Дар, у якім гаспадарыў на той час таксама гарачы патрыёт Айчыны Ян Мітрашэўскі. Менавіта тут Рамуальд прыняў прапанову і прысягнуў на барацьбу ў якасці кіраўніка паўстанцкага атрада. Маёнтак Мітрашэўскіх Божы Дар пасля задушэння паўстання царскія ўлады канфіскавалі і распрадалі. Да 1939 г. у маёнтку яшчэ існаваў сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы, сістэма каналаў, сажалак і пейзажны парк.
Парк закладзены, верагодна, у першай палове XIX ст. У плане меў форму квадрата, сфарміраваны на параўнальна нізкай і роўнай мясцовасці. Па перыферыі парку цягнуліся ліпавая, грабавая і таполевая алеі. Кампазіцыйны цэнтр - сядзібны дом, пабудаваны таксама ў пачатку XIX ст. з дрэва на невялікім узвышшы. Будынак сядзібнага дома аднапавярховы, з ганкам, высокім чатырохсхільным дахам, накрытым гонтай. Парк меў арыгінальную сістэму каналаў, якая выконвала дрэнажную ролю. Лішак вады адводзіўся па перпендыкулярных каналах у перыферыйны, затым у каскад сажалак. У цяперашні час водная рэгуляцыя поўнасцю парушана. Тэрыторыя парку часткова забудавана прыватнымі дамамі. Захавалася толькі ліпавая алея. Мемарыяльны палац у 1951 г. разабраны на патрэбы МТС. Сядзіба Божы Дар мае мемарыяльнае значэнне.

Бяроза
Сядзібна-паркавы ансамбль. Размяшчаўся паміж вёскамі Бяроза і Стрыі. Вёска Бяроза ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1563 г. Сядзібна-паркавы ансамбль складаўся з панскага дома, парку, шэрагу гаспадарчых будынкаў, сажалак і каналаў. Сядзібны дом быў цагляны, аднапавярховы, вылучаны па цэнтры галоўнага фасада традыцыйным порцікам. У пасляваенны час на месцы ансамбля размяшчалася жывёлагадоўчая ферма, а дом быў прыстасаваны пад гаспадарчыя патрэбы і жыллё, паступова разбураўся і ў сярэдзіне 1990-х гадоў быў поўнасцю знішчаны разам з гаспадарчымі пабудовамі. Засталіся падмуркі сядзібы, рэшткі пейзажнага парку і ўязная алея. У цэнтры парку была сажалка, якая на сённяшні дзень значна абмялела і зарасла хмызняком. Асноўны дрэвастой невялікіх рэшткаў парку і ўязной алеі складаюць лісцевыя пароды дрэў і вялікая колькасць дэкаратыўных кустоў.

Вострава
Былая сядзіба роду Навамейскіх. Размешчана побач з в. Вострава. Узнікла ў XVIII ст. У яе ўваходзілі жылы дом, шэраг гаспадарчых пабудоў, пейзажны парк і пладовы сад. Сядзібны дом быў драўляны, аднапавяр-ховы, з традыцыйным невялікім ганкам у цэнтры галоўнага фасада. У пачатку XX ст. маёнтак быў распрададзены. Новыя гаспадары ўзвялі ў 1920-я гады на месцы старога дома новы цагляны будынак. Пасля Другой сусветнай вайны ў гэтым будынку размяшчаліся сярэдняя школа і сельскі клуб. Пасля перасялення школы і клуба ў новыя памяшканні будынак і мураваныя гаспадарчыя пабудовы сталі безгаспадарчымі, доўгі час не выкарыстоўваліся, паступова разбураліся. Засталіся невялікія рэшткі пейзажнага парку, закладзенага яшчэ ў пачатку XIX ст. Уязная алея была абсаджана канадскай таполяй (часткова выразана), асноўны дрэвастой парку складаюць клёны, каштаны, ліпы, вязы старога ўзросту, размешчаныя купамі, а пераважна - адзінкавымі дрэвамі.

Гарадзец
Гарадзецкі “Каралеўскі двор” існаваў у 2-й палове XVI ст. у в. Гарадзец (Кобрынскі р-н). Належаў каралю Зыгмунту III. У цэнтры размяшчаўся галоўны жылы будынак, які меў 3 пакоі абапал сенцаў і 6 камор, завяршаўся дахам з драніцы, уваход быў вылучаны вялікім ганкам. Паблізу знаходзіліся дом для чэлядзі (курная хата з каморай і сенцамі), 2 стайні, злучаныя вазоўняй, адрына, хлявы, сыраварня на 6 слупах з галерэйкай наверсе, каля ўязных варот - 2 вялікія свірны, кухня. Да двара прылягала гумнішча са стадолай і клеццю. Усе будынкі былі драўляныя. Двор абнесены парканам з дыляў у шулах. Комплекс адлюстроўваў традыцыйныя рысы беларускага сядзібнага дойлідства XVI ст. Вядомы паводле інвентара 1597.
Палацава-паркавы комплекс. Палацава-паркавы ансамбль у Гарадцы ўзнiк пры Ордах, якiя сталi ўладальнiкамi сядзiбы ў 1808 г. Паводле малюнка Юзафа Крашэўскага, палац складаўся з рознавялiкiх аб’ёмаў, меў гладкую тынкоўку, вялiкiя вокны, высокi падмурак. Перад парадным уваходам iснавала вялiкая круглая клумба.
Найбольш верагодна, што палац быў зруйнаваны яшчэ ў Першую сусветную вайну. Пра iснаванне ў Гарадцы некалi шыкоўнага палацава-паркавага ансамбля нагадваюць адзiнкавыя старыя дрэвы.
Палацава-паркавы ансамбль у Гарадцы належыць да ліку страчанай гістарычнай спадчыны.

Грушава
Мемарыяльны палацава-паркавы ансамбль, сядзіба знакамітай пісьменніцы Марыі Радзевічуўны (Радзевіч).
Маёнтак вядомы паводле гістарычных дакументаў з XV ст. (ліст вялікага князя ВКЛ Вітаўта ад 14 лютага 1404 г.). Спачатку Грушава належыла князям Кобрынскім.
Адной з ула-дальніц Грушаўскага маёнтка была вядомая польская пісьменніца Марыя Радзевіч, якая пражыла тут вялікую частку жыцця і апявала ў сваіх творах прыгажосць палескай прыроды.
Грушаўскі палац складаўся з трох мураваных будынкаў, узведзеных у адным стылі. На адной лініі з уязной брамай стаяў двухпавярховы жылы дом з порцікам на чатырох масіўных калонах, размешчаных на аднолькавай адлегласці адна ад адной. Над калонамі ўзвышаўся трохвугольны франтон. З тыльнага боку дома крыху пазней была дабудавана аранжарэя. На левым баку ад уязной брамы перпендыкулярна асноўнаму будынку палаца стаяў доўгі двухпавярховы будынак лямуса, аздоблены дзесяццю калонамі і галерэяй. Усе будынкі накрываў гладкі дах, ствараючы адну цэльнасць. Унутранае размяшчэнне пакояў мела анфіладны тып. Па баках сяней ад цэнтральнага ўваходу размяшчаліся 3 жылыя пакоі, напрасткі ад сяней можна было трапіць у вялікі салон. Палац меў шэраг розных пакояў (сталовую, рабочыя кабінеты, спальні, бібліятэку і інш.). Усе пакоі вылучаліся прастатой аздобы. Сцены былі гладка атынкаваныя, пафарбаваныя белай фарбай, у кожным пакоі размяшчаліся печы, аздобленыя каляровай кафляй. Продкі Радзевічаў наведвалі свой маёнтак рэдка і жылі ў Грушаве мала, багатай мэблі не набылі, ды і сама пісьменніца да гэтага ставілася без асаблівай увагі. Самая каштоўная мэбля і мастацкія рэчы меліся толькі ў салоне, дзе віселі партрэты прадстаўнікоў гэтага роду. У сталовай меўся таксама камплект мэблі, вырабленай з дубу са шматлікімі арыгінальнымі надпісамі.
Захаваліся фрагменты старажытнага парку пейзажнага стылю. Большая частка яго месціцца на тэрыторыі Грушаўскай базавай школы і функцыяніруе як школьны парк. Палац акружаў парк і стары сад, у якім раслі адзiночна і купамі ліпы, клёны, таполі і iншыя дрэвы. Каля аранжарэі былі закладзены ружоўнік і кветнік, побач стаяла пасека. У парку 8 дубоў у складзе жывой альтанкі, узрост ад 70 да 300 гадоў.На двары каля палаца ўзвышаўся велiзарны дуб, які пісьменніца называла «Дзевайціс» па назве сваёй аповесці (твор прынёс ёй вядомасць і поспех). Пад дубам стаяў стол, у цэнтры саду - альтанка, непадалёку размяшчалася невялікая сажалка, пасярэдзіне меўся астравок (выспа), дзе стаяла выразаная з дрэва постаць апостала Пятра.
На сённяшні дзень кампазіцыя парку, саду і архітэктура палаца значна парушаны. Палац перабудаваны, ён стаў аднапавярховым, прыстасаваным пад магазін, медпункт, рабочую сталовую. Побач быў узведзены будынак МТС, перададзены пазней пад школу. Палацава-паркавы ансамбль у в. Грушава з'яўляецца мемарыяльным.

Дуб "Dewajtis" На тэрыторыі парку, закладзенага ў XVII стагоддзі, знаходзіцца выдатны помнік прыроды дуб чарэшчаты Dewajtis (у перакладзе азначае "Чароўны"). Спецыялісты ацэнь-ваюць узрост дуба ў 500-600 гадоў і сцвярджаюць, што больш падобных экземпляраў у Брэсцкай вобласці няма. Вышыня дрэва дасягае 30 метраў, найвялікі дыяметр ствала - да 2 метраў.
Каля дуба ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніцы М. Радзевіч на польскай і беларускай мовах. У аповесці М. Радзевіч "Девайтис" (1888) выкладаецца легенда пра знакаміты дуб.

Дзівін
Біялагічны заказнік мясцовага значэння «Дзівін -Вялікі Лес». Створаны для захавання рэдкіх відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На плошчы 3,05 тыс. га выяўлены раней невядомыя месцы вырас-тання венерынага чаравічка сапраўднага (жоўтага) (каля 10000 экз.) Па прадстаў-ленасці такога рэдкага для еўрапейскага кантынента выгляду, як венерын чаравічак сапраўдны Cypripedium calceolus (каля 10 тыс. экзэмпляраў) заказнік "Дзівін - Вялікі Лес" не мае сабе роўных у Рэспубліцы Беларусь. Акрамя таго, на гэтым участку прадстаўлены не меней 12 відаў жывёл і раслін з ахоўных катэгорый Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Тэрыторыя ТВП мае вялікае значэнне для захавання рэдкіх відаў птушак. Тут яшчэ захаваліся месцы пасялення вялікага арлеца Aquila clanga, вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola, вялікага грычука. Мясцовая папуляцыя цецерука - адна з самых буйных на крайнім паўднёвым захадзе Беларусі. Увосень перад міграцыяй на меліяраваных землях адзначаюцца зграі шэрых жураўлёў колькасцю да 3 000 асобін. У цэлым 58 відаў птушак маюць розны Еўрапейскі ахоўны статус. На ТВП адзначана таксама 36 відаў звяроў, 5 відаў рэптылій, 10 відаў амфібій. 165 відаў птушак сустракаюцца на разглядаемай мясцовасці, 130 відаў гняздзіцца. Даследаванне і абгрунтаванне стварэння заказніка выканана ў рамках праекта “Архідэі Палесся” з фінансавай падтрымкай ISAR.
Нацыянальны прыродаахоўны статус заказніка: цэнтральная частка тэрыторыі з’яўляеца біялагічным заказнікам мясцовага значэння “Дзівін – Вялікі Лес” (3851 га). Міжнародны прыродаахоўны статус: ТВП міжнароднай значнасці, утворана ў 2010 годзе. На тэрыторыі ТВП "Дзівін - Вялікі Лес" праходзіць сістэма каналаў, якія упадаюць у Дняпроўска-Бугскі канал. Самым вялікім з іх з'яўляецца Казацкі канал. Возера Любань, якое звязана дрэнажнымі каналамі з Дняпроўска-Бугскім каналам, з'яўляецца тут адзіным натуральным вадаёмам. Разам з вадасховішчам Арэхаўскім і некалькімі затопленымі торфапляцоўкамі возера Любань мае вялікае значэнне для вадаплаваючых і каляводных птушак. Значнае распаўсюджванне на тэрыторыі біялагічнага заказніка "Дзівін - Вялікі Лес" атрымалі бяроза, сасна, дуб, ясень, алешына чорная. У цэлым флора налічае каля 400 відаў сасудзістых раслін. ТВП "Дзівін - Вялікі Лес" выкарыстоўваецца для вядзення лясной гаспадаркі, палявання, рыбалкі, збору грыбоў і ягад. Меліярыраваныя ўчасткі пераважна выкарыстоўваюцца для выпасу кароў і сенакосаў. На берагах воз. Любань размешчаны базы адпачынку.

Жухаўцы
Старадаўняя сядзіба з домам, пабудаваным ў канцы XVIII ст. з дрэва, паркам і сажалкай. Размешчана на ўсход ад в. Жухаўцы каля шашы Брэст-Мінск.
Захаваўся сядзібны дом, пабудаваны ў канцы XVIII ст. з дрэва. Будынак у плане прамавугольны на высокім падмурку, аднапавярховы, накрыты чатырохсхільным дахам (спачатку гонтавым, пасля жалезным). Выкарыстоўваліся прыёмы мясцовага народнага дойлідства. Парк невялікі. Яго рэшткі складаюць каля 2 га. Побач з сядзібным домам - сажалка круглай формы. У парку растуць ліпы, каштаны, ясені, грабы і іншыя лісцевыя пароды.

Запруды
Колішняя сядзіба роду Маераў. Узнікла на тэрыторыі сярэдневяковага замчышча. Да цяперашняга часу тут захаваліся рэшткі абарончых умацаванняў (валы і равы), якія ў плане нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі. Да Другой сусветнай вайны сядзіба належала Маерам. Дом не захаваўся. Ён быў разабраны ў пасляваенны час. На месцы ансамбля размясцілася базавая школа. Будынак школы ўзведзены на месцы існавання сядзібы. Дом быў драўляны, аднапавярховы, накрыты гладкім двухсхільным дахам. З боку цэнтральнага пад’езду меўся невялікі ганак. Захавалася частка парку ў паўночна-заходняй частцы сядзібы. У парку растуць клёны, ліпы, дубы, шмат ляшчыны, акацый, побач сочыцца крыніца, непадалёку існуе штучная сажалка.

Крыніца. На дарозе Брэст – Бяроза каля вёскі Запруды ёсць невялічкая шыльда – “Крыніца”. 3 усіх куточкаў краіны прыязджаюць сюды людзі, каб паспрабаваць смачнай вадзіцы з вясковай крынічкі, аб гаючасці якой у народзе ходзіць добрая слава. Мясцовыя жыхары сцвяржаюць, што вада з іх крынічкі лекавая. Асабліва шмат у ёй жалеза, ёсць нават серабро. Чыстая, празрыстая, у любое надвор'е мае тэмпературу +5 градусаў. Шмат каму яна паправіла здароўе. Да яе прыходзяць людзі – хто проста ўмыцца, хто – набраць з сабою вады. У сучасны час Запрудская крыніца атрымала сваё новае жыццё. Сіламі прадпрыемства “Інтэрбудсэрвіс” (кіраўнік Валянцін Дамброўскі) на тэрыторыі каля крынічкі з’явілася невялікая каплічка, да самой вады зараз вядуць зручныя ступенькі. Пабудавана купель – у гаючай вадзе можна не толькі твар апаласнуць, але і цалкам акунуцца. Пазней сіламі мясцовых жыхароў пабудавана агароджа.

Ізабелін
Рэшткі сядзібы пана Вяркоўскага (XIX ст.). Паводле пісьмовых крыніц, в. Ізабелін упершыню ўпамінаецца ў 1563 г. Сядзіба размяшчалася побач з в. Корчыцы. Апошнім гаспадаром маёнтка да Другой сусветнай вайны быў род Вяркоўскіх. Верагодна, маёнтак атрымаў назву ад імя панскай дачкі Ізабелы, якая атрымала яго ў спадчыну. З элементаў сядзібна-паркавага ансамбля часткова захаваўся парк, сістэма равоў. Сядзібны дом быў мураваны, аднапавярховы, з высокім гладкім дахам. Дом разабраны яшчэ да Другой сусветнай вайны разам з сыраварняй, броварам, пякарняй. Захаваліся рэшткі ліпавай і грабавай алей, рэшткі альтанкі. Сажалка і равы высахлі. Плошча парку з унутранымі пляцоўкамі дасягае 3 га. Побач з колішняй сядзібай месцяцца вайсковыя могілкі часоў Першай сусветнай вайны.

Імянін
Сядзіба Навумiнскiх. Колiшнi маёнтак размяшчаецца за 0,5 км на паўночны захад ад в. Iмянiн. Сядзiба з’яўлялася радавым гняздом Навумiнскiх. Парк закладзены ў 2-й палове XIX ст. Цэнтрам кампазiцыi быў сядзiбны дом, пабудаваны з дрэва, аднапавярховы, па цэнтры мансардны, вылучаны невялiкiм ганкам на драўляных слупах. Парк не вылучаўся кампазiцыйнай дасканаласцю. Асноўны дрэвастой знiшчаны. У пасляваенны час у iм размяшчалася вайсковая часць. Захаваўся колішні мураваны будынак кашары.

Камень
Колішняя сядзіба роду Сулкоўскіх. У пісьмовых крыніцах упамінаецца пад назвай Камень Каралеўскі ў 1563 г. Захавалася частка аб’ектаў сядзібы (жылы дом, гаспадарчыя пабудовы, парк). Дом драўляны, аднапавярховы, з нізкім дахам. Будынак практычна не перабудоўваўся. У цэлым фасад захаваў аўтэнтычнае аблічча, знаходзіцца ў добрым стане. Пабудаваны ў другой палове XIX ст.
Пасля Другой сусветнай вайны перададзены гаспадарамі пад класы для навучання мясцовых дзяцей. Унутры перапланаваны пад патрэбы школы.
Пейзажны парк, закладзены разам з будаўніцтвам дома, захаваўся часткова. Асноўную тэрыторыю сядзібы займаў пладовы сад. Усю сядзібу акружаў абвадны канал, які ў паўночна-заходнім баку злучаўся з невялікай сажалкай выцягнутай формы. Былыя будынкі аборы, стайні, сыраварні і інш. знішчаны. Часткова захавалася ўязная алея, абсаджаная ліпай, бярозай.

Ківацічы
Колішняя сядзіба роду Пацаў, Межаеўскіх, Ласкоўскіх і Шадурскіх. Як сцвярджае даследчык Ксаверы Зданьскі, першым вядомым гаспадаром сядзібы быў Юрый, сын Паца Даўкшэвіча. Апошні гаспадар Ківаціч перад Першай сусветнай вайной - Вінцэнт Шадурскі.
Пасля вайны ўсе будынкі маёнтка былі разабраны, засталіся невялікія рэшткі пейзажнага парку, што абкружаў сядзібу. Кампазіцыя парку практычна не праглядаецца, сажалка зарасла, абмялела.

Кляшчы
Радавое гняздо Шадурскіх. Размяшчалася на ўсход ад в. Кляшчы. Маёнтак згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1563 г. На той час належаў да Кобрынскай эканоміі, меў 11 валок ворнай зямлi. Пры Шадурскіх тут існаваў палацава-паркавы ансамбль. Палац быў пабудаваны. верагодна, у 2-й палове XVIII ст. з дрэва, аднапавярховы, з невысокім ганкам на 4 драўляных слупах. У савецкі перыяд у ім мясцілася базавая школа, пасля высялення якой палац быў разбураны. Ад ансамбля засталіся невялікія рэшткі пейзажнага парку, студня, сажалка.
Парк занядбаны. Кампазіцыя прасочваецца слаба. Парк у плане квадратны. Раней існавала некалькі алей, абсаджаных вербамі, ляшчынай, ліпамі, дубамі. Плошча парку складае каля 3 га. Сажалка мела выспу з альтанкай для адпачынку. У парку растуць клёны, ліпы, грабы, ясені, таполі, вербы і іншыя лісцевыя дрэвы.

Корчыцы
Памятны знак першаму меліярацыйнаму каналу
Канал Бона - самы стары меліярацыйны канал Беларусі. У архіўных дакументах ёсць упамінанне аб тым, што першыя работы па пракладцы канала Бона былі пачаты ў XVI стагоддзі непадалёку ад в. Корчыцы. Гэта і паслужыла падставай для ўстаноўкі тут у чэрвені 2001 г. памятнага знака з суцэльнай гранітнай глыбы вагой каля пяці тон. На ёй замацавалі дошку з надпісам: «У пачатку XVI стагоддзя з будаўніцтва канала Бона пачалася меліярацыя зямель Брэстчыны. Памятны знак устаноўлены да 60-годдзя аб'яднання «Брэстмеліявадгас».
На другім беразе канала Бона меліяратары абсталявалі востраў, абнесены рвом, пасадзілі алеі з ліпы. Непадалёку ад памятнага знака канал перагарадзіў шлюз для рэгулявання ўзроўню вады.
У маі 2015 г. памятны знак перанесены з в. Корчыцы ў г. Кобрын.
Знак размешчаны па вуліцы Дружбы на тэрыторыі паміж гасцініцай “Суворов” і мастом церез канал Бона.

Ластаўкі
Старадаўняя сядзіба роду Шадурскіх. Вядома паводле пісьмовых крыніц з 1563 г. У перыяд суцэльнай меліярацыі моцна пацярпела: сядзібны дом знішчаны, сямейныя могілкі зруйнаваны і апаганены вандаламі. Плошча парку дасягае 2 га, растуць вербы, клёны. ліпы, грабы, ясені і інш. Захавалася сажалка.

Літвінава
Рэшткі палаца-паркавага ансамбля XIX ст. Апошні ўладальнік пан Юзэф Шадурскі. У 1740 г. фальварак Сапегаў. У 1862 г. ім валодаў Браніслаў Гутоўскі. Пасля падзей 1863 г. маёнтак быў канфіс-каваны. Частку яго з сядзібай купіў Юзэф Шадурскі, уладальнік суседніх Літвінак. Сядзіба закладзена, мабыць, Гутоўскімі, пашыралася і дабудоўвалася Шадурскімі. Уключала сядзібную хату, пейзажны парк з воднай сістэмай, сад і гаспадарчыя пабудовы. Тэрыторыя невялікай сядзібы, пляцам каля 5 га, заніравалася алеяй на дзве часткі. Левая частка была параднай. У глыбіні стаяла невялікая сядзібная хата з мансардай, перад ім мелася клумба з кругам. У 1990 г. дом знесены, тэрыторыя забудоўваецца індывідуальнымі дамамі. Гаспадарчы двор са шматлікімі пабудовамі займаў другую частку сядзібы, меў асобны ўезд. З усходняга боку галоўная вось замыкалася пейзажным паркам. Захавалася яго невялікая частка (каля 2 га) з вадаёмам. У плане квадрат з суцэльным разрэджаным дрэвастоем высокай якасці (клён, ліпа, дуб, ясень, елка, белая акацыя) і густым падлескам з чаромхі, ляшчыны, бузіны чорнай. Пад кронамі дрэў праходзяць пешаходныя сцяжынкі. Масіў па краі абрамлены паласой бярэзніку ва ўзросце 30 гадоў. На ўзлеску расце бук лясны. Парк мае якасны дрэвастой, у яго складзе сустракаюцца адзінкавыя экзоты. У парку меліся рэдкая ў культуры ліпа каралінская з паўднёва-усходняй часткі ЗША, вярба белая “Vitellina”, бэзы, туя заходняя. Ля старога клёна ляжыць апрацаваны гранітны камень, дэталь ад арыгінальнага каменнага стала з крэслам. У добрым стане захавалася невялікая сажалка круглай формы. Да парку прымыкаюць сад і невялікі двор.

Літвінкі
Рэшткі палаца-паркавага ансамбля XIX ст. Апошні ўладальнік пан Станіслаў Шадурскі. У 1841 г., паводле інвентарнага апісання, сядзіба ўключала простую драўляную сядзібную хату (4 пакоі, кухня, сенцы), жылаую хату (3 пакоі, камора, кухня, сенцы), фальварак (2 пакоі, сенцы) і вялікі гаспадарчы двор. Існаваў млын, малатарня з усімі снарадамі. Двор меў лазню, тры калодзежы, адзін з іх з ветраной помпай. У гады эклектыкі сфарміравалася парадная частка з новай сядзібнай хатай, невялікім пейзажным паркам, вадаёмам і вялікім садам. Ад пейзажнага парку засталіся адзінкавыя дрэвы. Найболей выразным дрэвам сядзібы была вярба белая "Vitellina" - форма, атрыманая ў выніку народнай селекцыі ў XVII ст. Захаваліся адзінкавыя дрэвы ва ўзросце больш за100 гадоў.

Магдалін
Старадаўняя сядзіба. Размяшчалася побач з в. Магдалін і фальваркамі Іванава, Брылёва, Ізабелін (пад Кобрынам), Бабіца. Сядзіба існавала да Другой сусветнай вайны. У яе склад уваходзілі жылы дом, шэраг гаспадарчых пабудоў і пейзажны парк. Сядзібны дом пабудаваны з дрэва, аднапавярховы, мансардны, накрыты высокім гладкім дахам. У пасляваенны час разабраны на патрэбы мясцовага калгаса (разам з гаспадарчымі пабудовамі). Засталіся невялікія рэшткі парку. У ім растуць дубы, ясені, клёны, грабы, дэкаратыўныя кусты. Сажалка абмялела, зарасла. Асноўная частка парку знішчана пры будаўніцтве дарогі вакол г. Кобрына.

Малачэўшчына
Старадаўняя сядзіба, якая належала роду Малачэўскіх. Размяшчалася паміж вёскамі Пескі і Перкі за 1,5 км ад адной і другой вёсак. Уязная алея, што вяла да параднага ўваходу ў палац, была абсаджана бэзам.
Палац драўляны, адна-павярховы, мансардны з ганкам на драўляных слупах, з высокім чатырохсхільным дахам, накрытым гонтай. У канцы Другой сусветнай вайны ён быў спалены партызанамі. Унутры палац меў 12 пакояў. Парк знаходзіцца ў параўнальна добрым стане, мае плошчу каля 4 га. Асновай кампазіцыі быў палац. На месцы яго існавання растуць высокая лістоўніца і ліпа 250-гадовага ўзросту, побач ляжыць велізарны закладны камень-валун. Добра праглядаюцца абвадныя каналы, абсаджаныя грабам, клёнам, ясенем, ліпай. Нягледзячы на моцна парушаную кампазіцыю, парк захаваў асноўны дрэвастой.

Мацы
Старадаўняя сядзіба роду Дзедзічаў. Размяшчалася побач з в. Мацы. Да Другой сусветнай вайны ў склад сядзібна-паркавага ансамбля ўваходзілі сядзібны дом, пейзажны парк і шэраг гаспадарчых пабудоў. Сядзібны дом быў пабудаваны, верагодна, да Першай сусветнай вайны з дрэва, меў мураваны склеп. У пасляваенны час разбураны, на яго месцы пабудаваны прыватны дом мясцовых жыхароў. Парк занядбаны, яго рэшткі займаюць каля 2,5 га, у цэнтры - вялікая сажалка. Раней у парку існаваў каскад сажалак. Самая вялікая мела пасярэдзіне выспу, на якой размяшчалася альтанка для адпачынку. Да альтанкі вяла сцежка праз масток. У пасляваенны час пасля стварэння ў парку пляцоўкі для нарыхтоўкі торфу форма сажалак моцна змянілася. Рэшткі парку з сажалкамі патрабуюць узяцця на ўлік і пад ахову дзяржавы.

Мерніца
Колішняя сядзіба роду Богушаў. Упершыню ўпамінаецца ў 1563 г., калі вялікі князь ВКЛ падараваў 4 валокі зямлі каля в. Залессе мерніку кобрынскаму, чаравачыцкаму, вяжэцкаму і гарадзецкаму Кліму Цімафеевічу. Сядзіба існавала да Першай сусветнай вайны, затым пры польскіх уладах была распрададзена. Цяпер на тэрыторыі ансамбля размяшчаюцца індывідуальныя дамы. Сядзібны дом быў пабудаваны ў першай палове XIX ст. з дрэва, аднапавярховы, з высокім гонтавым дахам. Зруйнаваны ў гады Другой сусветнай вайны. Захавалася сажалка, адзінкавыя старыя дрэвы і студня.
Павіцце
Батанічны помнік прыроды "Клішча" - помнік прыроды мясцовага значэння Брэсцкай вобласці. У 2009 г. бало прынята рашэнне Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта ад 21.04.2009 N 538 "Пра мясцовы батанічны помнік прыроды "Клішча". Створаны для захавання ўнікальных, каштоўных у экалагічным і навуковым плане астраўных лесакустарнікавых масіваў натуральнага паходжання, у складзе флоры якіх адзначаюцца рэдкія і знікаючыя выгляды раслін. Тэрыторыя батанічнага помніка прыроды размешчана ва ўгоддзях Павіццеўскага лясніцтва Кобрынскага вопытнага лясгаса. Пляц паўночнага масіва - 8,6 га, паўднёвага - 9,5 га. Агульная плошча мясцовага батанічнага помніка прыроды "Клішча" складае 18,1 га.

Паляцічы
Рэшткі парку і сядзібы пана Рынкевіча. У пісьмовых крыніцах Паляцічы ўпамінаюцца з 1563 г. Захаваліся асобныя гаспадарчыя пабудовы, парк. Сядзібны дом аднапавярховы, мура-ваны, накрыты жалезам. Кампазіцыя парку праглядаецца вельмі слаба. У парку растуць ліпы, елкі і іншыя дрэвы мясцовых парод. Равы і сажалка абмялелі. Захаваліся адзінкавыя экзэмпляры дубоў 300-гадовага ўзросту.

Плянта
Рэшткі палаца-паркавага ансамбля. Паводле даследавання Р. Афтаназы, маёнтак належаў роду Петрашэўскiх, пазней перайшоў да генерала Зданьскага, герб «Корнiч». Яшчэ да Першай сусветнай вайны маёнтак падлягаў падзелу i распрадажы. З 1920-х гадоў i да Другой сусветнай вайны ў палацы працавала сельскагаспадарчая школа для дзяўчат. Палац, у якiм размяшчалася школа, накрываў чатырохсхiльны высокi дах. Паводле ўспамiнаў старажылаў, цэнтральны ўваход у палац быў акцэнтаваны невялiкiм ганкам на калонах. Унутраная планiроўка палаца анфiладная. Мелiся 2 круглыя залы для гасцей, адна на першым, другая - на другiм мансардным паверхах. Архiтэктурны стыль палаца сведчыць, што ён пабудаваны ў XVIII ст. У пачатку вайны ў 1941 г. немцы спалiлi палац. З гаспадарчых пабудоў засталася стайня, якая выкарыстоўваецца мясцовымi жыхарамi пад жыллё. У старадаўнiм пейзажным парку пасля вайны размяшчалася МТС. Большая частка парку знiшчана, засталiся адзiнкавыя векавыя дрэвы i фрагменты алей. Рэшткі парку маюць навуковую цікавасць.

Рынкі
Сядзіба размяшчалася побач з в. Рынкі, якая ўпершыню ўпамінаецца ў 1563 г. як в. Рымкавічы (Рымкі). Сядзібны дом быў пабудаваны з дрэва, на высокім падмурку. У плане прамавугольны, з двухсхільным дахам, аднапавярховы, з традыцыйным ганкам. У пасляваенны час знішчаны. Кампазіцыя парку праглядаецца слаба, шмат старых дрэў высечана. Захаваліся дубовая і ліпавая апеі. Равы і сажалка абмялелі, зараслі хмызняком.

Стрыгава
Былая сядзіба роду Пузынаў. Паводле пісьмовых крыніц упершыню ўпамінаецца ў 1563 г. Да Другой сусветнай вайны ў маёнтку размяшчаліся мураваныя будынкі палаца, стайні, склада, склепа. Двор існаваў за 1,5 км на ўсход ад в. Стрыгава. У пасляваенны час усе пабудовы былі знішчаны і разабраны на цэглу. Захаваліся адзінкавыя дрэвы парку і сажалка. Каналы поўнасцю знішчаны. Сажалка круглай формы, зарасла чаротам і хмызняком. У цэнтры сажалкі знаходзіцца выспа.

Сухоўчыцы
Колішняя сядзіба роду Мікітавічаў. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1563 г. Да 1939 г. у склад сядзібы ўваходзілі сядзібны дом, шэраг гаспадарчых пабудоў, парк, сад, сажалка. Сядзібны дом быў драўляны, аднапавярховы, з невялікім ганкам на драўляных слупах. У 1939-1941 гг. на месцы сядзібы размяшчаўся перасыльны пункт для арыштаваных. У час Другой сусветнай вайны сядзібны дом быў спалены. У савецкі час у сядзібе размяшчалася жывелагадоўчая ферма. Цяпер парк безгаспадарны, занядбаны. У парку растуць акацыі, клёны, каштаны, ліпы, бэз, дубы і інш.

Тулічы
Старадаўняя сядзіба роду Дзяконскіх. Размешчана за 2 км на ўсход ад в. Тэўлі. Потым маёнтак па жаночай лініі перайшоў да роду Чэрняў.
Тулічы ўпершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1563 г. У Акце каралеўскай рэвізіі запісана, што ў 1563 г. маёнтак Тулічы меў 20 валок ворнай зямлі і 18 валок замкавага лесу. Захаваліся рэшткі парку.
Да Першай сусветнай вайны тут існаваў сядзібны парк, сажалкі, гаспадарчыя пабудовы, бровар. Палац пабудаваны пры Дзяконскіх яшчэ ў пачатку XIX ст. Гэта быў драўляны аднапавярховы будынак з ганкам па цэнтры галоўнага фасаду, над якім узвышалася мансарда. У канцы Другой сусветнай вайны палац быў спалены партызанамі, а бровар разабраны на цэглу мясцовымі жыхарамі. Пасля вайны парк закінуты, прыцярпеў вялікую высечку. Нягледзячы на безгаспадарнасць, захаваліся дрэвастой, пладовы сад, сажалка, равы. Цэнтр парку заараны і заняты палеткамі мясцовага калгаса. У плане парк мае форму прамавугольніка, абмежаванага з захаду і поўначы палеткамі мясцовага калгаса, з усходу - пладовым садам, з поўдня - дарогай. Парк мае 2 паляны, абсаджаныя ліпамі і грабамі. У парку растуць дрэвы мясцовых парод: дуб, ясень, ліпа, таполя, клён, граб і інш. На месцы спаленага палаца разраслася плантацыя бэзу.

Шамятоўка
Рэшткі парку, канец XIX ст. Былая сядзіба роду Шэметаў. Палац не захаваўся. Ён уяўляў сабой адна-павярховы мансардны драўляны будынак. Цэнтральны ўваход у палац акцэнтаваны невялікім ганкам на драўляных слупах. Палац быў узведзены Шэметамі ў 2-й палове XIX ст. У пасляваенны час у сядзібе размяшчалася кантора мясцовага калгаса. Адначасова з будаўніцтвам палаца ў маёнтку быў закладзены пейзажны парк, узведзена шэраг гаспадарчых аб'ектаў: свіран, лямус і інш. У сядзібна-паркавы ансамбль вяла ўязная алея з брамай. Па перыметры існавала прагулачная алея, пракладзены абвадны канал. Плошча рэшткаў парку сёння складае каля 3 га. Кампазіцыя парку моцна парушана, стан яго вельмі занядбаны. У ім растуць дубы, ліпы, клёны, ясені, таполі, акацыі, вярба, алешнік і інш. Многія дрэвы дасягнулі старога ўзросту. У 1998 г. парку нанесена вялікая шкода, у ім расчышчана пляцоўка пад будаўніцтва жылога прыватнага сектара. Шэраг векавых дрэў знішчаны. Зараз руйнаванне гістарычнага парку спынена.

Яндекс.Метрика