Лінгвіст, сацыёлаг, журналіст
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

PDF Печать E-mail

 

Курачук, С. Лінгвіст, сацыёлаг, журналіст / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. – 2017. – 20 верасня. – С. 5.

У рамках праекта «Людзі навукі нашага краю» – артыкул пра доктара філалагічных навук, прафесара, лінгвіста, педагога, журналіста В. І. Іўчанкава.

 

 

ЛЮДЗІ НАВУКІ НАШАГА

 

Лінгвіст, сацыёлаг, журналіст

 

Прапаноўваем вашай увазе сумесныя з карэспандэнтам «КВ» публікацыі пра навукоўцаў - ураджэнцаў Кобрыншчыны, падрыхтаваныя бібліёграфамі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ў межах першага этапа праекта аб славутых людзях Кобрыншчыны «Людзі навукі нашага краю». На гэты раз размова пойдзе пра доктара філалагічных навук, прафесара, лінгвіста, педагога, журналіста ў адной асобе.

 

Віктар Іванавіч Іўчанкаў нарадзіўся 28 чэрвеня 1962 года ў вёсцы Хадынічы Кобрынскага раёна. 3 1980 года па 1983 год ён працаваў настаўнікам у Бельскай васьмігадовай школе Кобрынскага раёна. У 1985 годзе Віктар Іванавіч скончыў вучобу на філалагічным факультэце ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура». Там жа працаваў выкладчыкам да 1985 года. Пасля ў гэтай жа пасадзе перайшоў ў Мінскі педагагічны інстытут выкладчыкам кафедры агульнага, славянскага і рускага мовазнаўства. У 1988 г. датэрмінова закончыў аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. З 1989 года Віктар Іўчанкаў працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пачынаў з пасады дацэнта, з 1996 года ўсталяваўся загадчыкам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Універсітэтамі Віктара Іўчанкава сталі рэдакцыі амаль усіх рэспубліканскіх друкаваных СМІ, тэле- і радыёканалаў, дзе на працягу дзевятнаццаці гадоў (з 1992 па 2011), выконваючы абавязкі саветніка міністра адукацыі са СМІ і грамадскасцю, ён падрыхтаваў тысячы паведамленняў, інтэрв’ю, артыкулаў, радыйных выступленняў, вёў прамыя эфіры на тэлебачанні. Павышаў кваліфікацыю за мяжой: у ЗША, Польшчы, Швецыі, Францыі.

Віктар Іўчанкаў - аўтар больш як 360 навуковых і метадычных прац, у тым ліку сямі манаграфій. Ён лічыцца заснавальнікам навуковай школы дыскурснага аналізу СМІ ў Беларусі. Асоба Віктара Іўчанкава, прафесара з Беларусі, займае ў медыялінгвістыцы годнае месца побач з вядомымі еўрапейскімі навукоўцамі.

Віктар Іванавіч вядзе актыўную асветніцкую працу па прапагандзе роднага слова. Змясціў на старонках друку больш за 200 публіцыстычных матэрыялаў па праблемах адукацыі, навукі і выхавання. З 1990 г. актыўна друкуецца ў прэсе па праблемах правапісу. Займаецца стылістыкай беларускай і рускай моў, лінгвістыкай публіцыстычнага тэксту, рыторыкай.

Прафесар Віктар Іўчанкаў стаў адным з асноўных распрацоўшчыкаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008), а пасля яго прыняцця актыўна тлумачыў палажэнні беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, прапагандаваў у сродках масавай інфармацыі ас- ноўныя змены.

Прафесар Віктар Іўчанкаў распрацоўвае і праблемы медыярыторыкі, чытае адпаведны курс лекцый на выпускным курсе Інстытута журналістыкі БДУ. Навучальны дапаможнік па медыярыторыцы Віктара Іванавіча - адзіны ў беларускай вышэйшай школе. Лекцыі прафесара выклікаюць вялікую цікавасць у студэнтаў, бо праходзяць у дыялагічнай форме з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій.

Віктар Іўчанкаў - член Беларускага саюза журналістаў, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі імя У. Пічэты за цыкл навукова-адукацыйных дапаможнікаў па гісторыі і тэорыі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў за лепшую журналісцкую работу ў рэспубліканскім творчым конкурсе «Залатое пяро». У навукоўца шмат ганаровых грамат, падзяк, а таксама прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

Святлана КУРАЧУК, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

цэнтральнай раённай бібліятэкі

«ДУК Кобрынская раённая

цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»;

Ксенія ПАЛЬТО,

карэспандэнт.

 

Яндекс.Метрика