Вядучы славіст краіны
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

223

PDF Печать E-mail

 

Курачук, С. Вядучы славіст краіны / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. – 2017. – 28 кастрычніка. – С. 4.

У рамках праекта цэнтральнай раённай бібліятэкі «Людзі навукі нашага краю» – артыкул пра доктара філалагічных навук, прафесара, вядучага славіста нашай краіны, вядомага беларускага літаратуразнаўца, крытыка, перакладчыка І. А. Чароту.

 

 

Людзі навукі нашага краю

 

Вядучы славіст краіны

Ёсць людзі, жыццём і дзейнасцю якіх можна і захапляцца, і ганарыцца. Менавіта да такіх адносіцца выхадзец з вёскі Лышчыкі Кобрынскага раёна, вядучы у рэспубліцы вучоны-славіст, які займае адметнае месца ў беларускай культуры і літаратуры, Іван Аляксеевіч Чарота, якому сёлета споўнілася 65 гадоў.

Напэўна, лёс вядучага славіста краіны быў вызначана першапачаткова. Нарадзіўся ён 16 верасня 1952 года ў вёсцы Лышчык Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Яшчэ да школы вучыўся самастойна чытаць адначасова па Евангеллі на стараславянскай мове, польскаму буквару, украінскаму «Кабзару», рускай «Праўдзе» і беларускай «раёнке» «Камуністычная праца» (цяперашні «Кобрынскі веснік»).

Закладзеная ў сям’і любоў да кнігі і асабістыя здольнасці прывялі Івана Чароту ў 1969 годзе на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. На занятках ён паказваў бліскучыя вынікі і быў нават рэкамендаваны ў гіды-перакладчыкі ў Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік».

Перакладчыцкай і навуковай дзейнасцю Іван Аляксеевіч займаецца больш за 40 гадоў. Чарота ўзначальвае Бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюза пісьменнікаў, займаецца перакладам з сербскага, харвацкага, македонскага, славенскага, польскага і іншых моваў на рускую і беларускую мовы, а таксама з беларускай і рускай на сербскую. Ён - аўтар 1000 перакладзеных твораў багаслоўскай і мастацкай літаратуры на беларускай  і рускай мовах, у тым ліку звыш 60 кніжных выданняў. Трэба адзначыць, што Іван Аляксеевіч – сапраўдны паліглот, ён валодае больш чым 10 мовамі.

Іван Чарота - самы кампетэнтны славіст у Беларусі ў сферы літаратуразнаўства. Ён з’яўляецца галоўным навуковым кансультантам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» па ўсіх пытаннях, звязаных з паўднёваславянскімі народамі і іх культурамі. Дарэчы, Чарота - галоўны рэдактар шматлікіх альманахаў «Славянскія постаці», член рэдкалегій 9 перыядычных выданняў, у тым ліку 3 замежных.

Іван Аляксеевіч з’яўляецца аўтарам 500 навуковых і літаратурна-крытычных прац. Менавіта ён стаў ініцыятарам і арганізатарам падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці «Сербская мова і літаратура».

Прафесар вядзе вялікую грамадскую дзейнайсць. Ён акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтв, акадэмік Міжнароднай Славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтв і культуры, старшыня Экспертнага савета вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, навуковы кансультант Беларускага Экзархата па комплексе пытанняў, якія адносяцца да Сербіі, Югаславіі і славянства ўвогуле, сакратар Біблейскай камісіі Беларускага Экзархата па выпрацоўцы беларускай багаслоўскай тэрміналогіі, удзельнік перакладу Новага Запавета на беларускую мову, кансультант і аўтар артыкулаў «Праваслаўнай Энцыклапедыі», выканаўчы рэдактар журнала «Праваслаўе».

У 1999 годзе плённая праца прынесла Івану Аляксеевічу яго першую літаратурную прэмію - Міжнародную прэмію імя Канстанціна Астрожскага (Польша). Далейшая навуковая, перакладчыцкая і грамадская дзейнасць Чароты адзначаны шматлікімі ганаровымі ўзнагародамі, сярод якіх: Ордэн Сергія Раданежскага III ступені, прэмія Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», памятны медаль Саюза славацкіх пісьменнікаў, Ордэн Святога Савы III ступені ( 2004), Залаты знак Культурна-асветніцкага таварыства Сербіі, Ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага, прэміі за лепшую кнігу Беларусі ў галіне перакладу і інш.

Нястомны працаўнік, аўтарытэтны і паважаны даследчык, наш зямляк Іван Чарота знаходзіцца ў росквіце творчых сіл. На пытанне, чым, акрамя працы, ён захапляецеся, паважаны прафесар адказвае: «Мае захапленні - гэта мая праца, мая праца - гэта мае захапленні… Я шчаслівы, таму што займаюся тым, што мне падабаецца». У гэтай высакароднай дзейнасці яго падтрымліваюць і жонка-філолаг, і сыны, якія звязалі жыццё са словам, з літаратурай.

 

Святлана Курачук,

галоўны бібліёграф

цэнтральнай раённай бібліятэк;

Ксенія Пальто, карэспандэнті

 

Яндекс.Метрика