Імёны на карце Кобрыншчыны
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

223

Імёны на карце Кобрыншчыны

PDF Печать E-mail

 

Курачук, С. Імёны на карце Кобрыншчыны / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2017. – 11 лістапада. – С. 3.

Да Сусветнага дня навукі было прымяркавана выданне супрацоўнікамі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі біябібліяграфічнага даведніка «Людзі навукі нашага краю» з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны».

 

 

Імёны на карце Кобрыншчыны

У Год навукі

 

Сусветны дзень навукі адзначаецца штогод 10 лістапада. Да гэтага дня было прымяркавана выданне супрацоўнікамі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі біябібліяграфічнага даведніка пра навукоўцаў нашага краю з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны».

У 2017 годзе, які аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь Годам навукі, бібліёграфы цэнтральнай бібліятэкі пачалі работу над першым этапам праекта пад агульнай назвай «Славутыя імёны Кобрыншчыны» – «Людзі навукі нашага краю». На працягу года ішла інтэнсіўная работа па пошуку, зборы і алічбоўцы матэрыялаў пра навукоўцаў-землякоў, устанаўлівалася кантакты, завязвалася перапіска з самымі навукоўцамі, іх сваякамі. Мы вельмі ўдзячны усім тым, хто супрацоўнічаў з намі ў гэтым напрамку. Сярод людзей, якія залічаны ўдзельнікамі нашага праекта, выдатнік адукацыі, майстар ФІДЭ, аўтар кніг па шахматах Сцяпан Давыдзюк, настаўніца і кіраўнік музейнай экспазіцыі СШ № 1 г. Кобрына Наталля Рагачук, дырэктар Мінянскай СШ Галіна Молчан, былая настаўніца гісторыі Батчынскай школы, краязнаўца Марыя Асійчук, удзельнікі пошукава-даследчай групы школьнага музея «Спадчына» ДУА «Астроміцкая сярэдняя школа» (кіраўнік настаўнік гісторыі ТаццянаТунчык) і многія іншыя. Мы таксама шчыра ўдзячны героям нашага праекта – навукоўцам-сучаснікам, якія па тэлефоне, электроннай пошце, асабіста перадавалі нам неабходную інфармацыю. Гэта Аляксандр Волчак, Павел Кужыр, Марыя Мартынава, Іван Пасвянчук і інш.

Лагічным падвядзеннем вынікаў работы над праектам бібліятэкі стала выданне біябібліяграфічнага даведніка «Людзі навукі нашага краю». Гэты паказальнік – свайго рода міні-энцыклапедыя з інфармацыяй пра цэлы шэраг навукоўцаў кобрынскай зямлі, людзей, якія выявілі сябе ў розных галінах навукі, якія сваёй працай, талентам заслужылі гонар і памяць нашчадкаў.

Выданне змяшчае звесткі аб 89 персаналіях. Крыніцамі выяўлення матэрыялу былі асобныя выданні, артыкулы, змешчаныя ў кнігах, даведніках, зборніках, часопісах і газетах, краязнаўчых папках, інтэрнэт-рэсурсы. Выкарыстоўвалася база даных «Навукоўцы Беларусі», якая з'яўляецца нацыянальным праектам у рамках сусветнай сістэмы інфармацыі пра навуковых работнікаў, сайты школ горада і раёна.

Выданне прадстаўляе імёны, якія маюць сусветнае і агульнабеларускае значэнне. Ёсць інфармацыя пра маладых навукоўцаў, якія толькі пачынаюць свой шлях у навуку. Матэрыял у даведніку размешчаны ў алфавітным парадку персаналій. Пра кожнага навукоўца прадстаўлены біяграфічныя звесткі, фотаздымкі, інфармацыя пра навуковыя інтарэсы, галіны навуковай дзейнасці, звесткі пра пасады, узнагароды, ганаровыя званні і інш. Таксама шырока прадстаўлена бібліяграфія: спісы крыніц аб жыцці і дзейнасці і спісы прац навукоўцаў.

Значна аблягчае знаходжанне матэрыялаў даведачны апарат да біябібліяграфічнага выдання, які ўключае імянны і геаграфічны паказальнікі, алфавітны спіс перыядычных выданняў, матэрыялы з якіх выкарыстоўваліся ў ім.

Біябібліяграфічны даведнік разлічаны на самае шырокае кола чытачоў – жыхароў і гасцей нашага горада і раёна, усіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю; будзе карысны краязнаўцам, гісторыкам, экскурсаводам, супрацоўнікам бібліятэк, карыстальнікам усіх узростаў і заняткаў.

Больш падрабязную інфармацыю аб выданні вы зможаце атрымаць на сайце Кобрынскай РЦБС (www.krcls.by), а таксама ў гісторыка-краязнаўчым цэнтры бібліятэкі.

 

Святлана КУРАЧУК,

галоўны бібліёграф

цэнтральнай раённай бібліятэкі УК «Кобрынская раённая

цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»

 

 

 

 

Яндекс.Метрика Яндекс цитирования.