Духоўнага скарбу крыніца
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

223

Духоўнага скарбу крыніца

PDF Печать E-mail

Бакун, А. Духоўнага скарбу крыніца / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. – 2017. – 16 снежня. – С. 9.

Гутарка з загадчыкам аддзела абслугоўвання і інфармацыі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ю. Пракапук аб рабоце аддзела ў накірунку папулярызацыі беларускай літаратуры.

Духоўнага скарбу крыніца

Скажы, што ты чытаеш, і я скажу, хто ты. Думаю, ніхто не стане спрачацца наконт крыху перафразіраванай вядомай маралі. Чалавек ёсць тое, чым напаўняе свой унутраны свет, і далёка не апошнюю ролю ў фарміраванні асобы адыгрывае мастацкая літаратура.
Прыадчыніўшы дзверы абаненцкай залы Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, азіраюся на выставу, прысвечаную беларускім выданням. Сярод знаёмых з дзяцінства аўтараў заўважаю зусім новыя імёны, творы якіх нядаўна папоўнілі скарбонку беларускай літаратуры. Ці спыняюць і іншыя наведвальнікі бібліятэкі свой погляд на паліцах з творамі на роднай мове, чытаюць яны беларускую класіку або аддаюць перавагу навінкам, вельмі дарэчы прапанаваным на выставе? Са сваімі пытаннямі я звярнулася да загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацый Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Юліі Пракапук.
Цікавасць да класічных твораў, на якіх калісьці наш народ адкрываў для сябе вялікі свет беларускай літаратуры, увасоблены ў паэзіі Купалы, Коласа, Багдановіча, прозе Караткевіча, Шамякіна, як заўважае Юлія Паўлаўна, у некаторай ступені знізілася. Але звязана гэта хутчэй з агульнымі тэндэнцыямі, якія зараз назіраюцца не толькі ў нашым грамадстве. Сучасны чытач аддае перавагу, можна сказаць, больш “лёгкім” творам, якія не патрабуюць асаблівай канцэнтрацыі ўвагі, удумлівага аналізу, вялікай траты часу. Такія творы як лёгка чытаюцца, з такой жа лёгкасцю забываюцца, не напаўняюць ніякімі ўнутранымі перажываннямі душу.
Безумоўна, хочацца верыць, што з’ява гэта часовая. Маю думку падхопліваюць наведвальнікі бібліятэкі Святлана Тарасюк, для якой паэтычны зборнік Максіма Багдановіча “Вянок” - неўміручая класіка, узорны прыклад паэтычнага ўвасаблення слова на ўсе часы, і Ніна Дунайка, што з задавальненнем праводзіць вольны час за гістарычнымі раманамі Уладзіміра Караткевіча.
Сярод беларускіх аўтараў, якія карыстаюцца сёння папулярнасцю ў кобрынскага чытача, Юлія Паўлаўна называе вядомага класіка Івана Шамякіна, “Трывожным шчасцем” якога з ахвотай зачытваюцца як падлеткі, так і людзі сталага ўзросту, Уладзіміра Гніламёдава, знаёмага не толькі як крытыка, але і выдатнага празаіка, аўтара твораў “Уліс з Прускі”, “Вайна” і інш., майстра прыгодніцкіх раманаў і гумарыстычных апавяданняў Аляксандра Афяроўскага. Творы маладога пісьменніка Віктара Марціновіча, які паступова пачынае займаць у сучаснай беларускай літаратуры нішу, нечым падобную на тую, што ў рускай Віктар Пелевін, выклікаюць цікавасць у той часткі моладзі, якая жыве сучаснымі праблемамі грамадства, а постаць Людмілы Рублеўскай - у прыхільнікаў прыгодніцкай літаратуры.
Ёсць у гэтым спісе і шэраг нашых суайчыннікаў, якія пішуць, на жаль, толькі на рускай мове. На гэты конт згадалася інтэрв’ю з адным з такіх маладых пісьменнікаў, які на пытанне, чаму не карыстаецца ў сваёй творчасці трапяткім родным словам, адказаў, што не хоча марна траціць час і губляць свайго чытача. Цікава, як у такім разе ён абгрунтаваў бы зварот-запавет Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі”? Сапраўднае ж мастацтва - бязмежнае, яно не мае ні мовы, ні нацыянальнасці, а талент не можа загубіцца сярод таннай мішуры.
Менавіта з мэтай папулярызацыі беларускага мастацкага слова, далучэння шырокай аўдыторыі да духоўнай літаратурнай спадчыны супрацоўнікі раённай бібліятэкі арганізоўваюць шэраг разнастайных мерапрыемстваў, не абмінаючы ні адзін юбілей беларускіх пісьменнікаў, ні адну знакавую дату і падзею ў культурным жыцці нашай краіны. Да ўдзелу ў іх далучаюцца людзі розных узростаў і густаў. Набываюць цікавасць не толькі мерапрыемствы, што праводзяцца ў сценах бібліятэкі намаганнямі яе супрацоўнікаў, а і сумесныя з кінатэатрам “Вясёлка” прэзентацыі, літаратурныя гасцёўні з удзельнікамі ўніверсітэта залатога ўзросту.
Беручы ў рукі з выставачнай паліцы новы зборнік паэзіі Міколы Мятліцкага “Прысутнасць”, заўважаю сабе, сапраўды, часам мы не бачым таго вялікага багацця, якім можа наталіцца спустошаная душа. А яно ж ляжыць на самай паверхні, проста іншы раз чалавека трэба падштурхнуць да першага правільнага кроку, заставіць сэрца прыслухацца да сябе і адгукнуцца на сваё, роднае...

Алена БАКУН.

Яндекс.Метрика