ЗБЕРАГАЮЧЫ СПАДЧЫНУ КРАЮ
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

223

PDF Печать E-mail

 

Курачук, С. Д. Зберагаючы спадчыну краю : Кобрынская ЦРБ: распрацоўка і рэалізацыя турыстычна-бібліяграфічнага праекта «Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна» / С. Д. Курачук // Бібліяпанарама. Вып. 20. – Брэст, 2017. – С. 59-65.

 

 

ЗБЕРАГАЮЧЫ СПАДЧЫНУ КРАЮ

(Кобрынская ЦРБ: распрацоўка і рэалізацыя турыстычна-бібліяграфічнага праекта

«Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна»)

 

С. Д. КУРАЧУК,

гал. бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі

УК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная

бібліятэчная сістэма»

 

Праблема захавання гістарычнай спадчыны Беларусі ў наш час з'яўляецца актуальнай для дзяржавы і грамадства. Прыярытэтнымі напрамкамі ў сферы культуры ў бліжэйшыя гады (2016-2020 гг.), паводле «Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года» стануць захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей і гістарычнай памяці народа, укараненне нестандарных формаў абслугоўвання насельніцтва, прапаганда беларускай мовы. Гэты дакумент сведчыць пра важную місію, якая ўскладаецца дзяржавай на ўстановы культуры (у тым ліку і бібліятэкі) як асноўныя элементы інфарматызацыі грамадства, якія спрыяюць фарміраванню і ўмацаванню статусу высокакультурнай дзяржавы, якая беражліва захоўвае сваю гістарычную спадчыну. Пры рабоце над краязнаўчым турыстычна-бібліяграфічным праектам «Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна» мы кіраваліся менавіта гэтым дакументам.

…Маўклівыя сведкі гісторыі – так велічна называюць помнікі, мемарыяльныя комплексы, архітэктурныя будынкі. Яны і сталі аб’ектамі даследаванняў цэнтральнай раённай бібліятэкі. Выбар аб'екта для вывучэння, апісання і папулярызацыі не выпадковы. Помнікі – найважная спадчына мінулых пакаленняў, у якіх адбілася палітычнае, дзяржаўнае жыццё і культура мінулага, ушанаваны гераічны подзвіг народа. Агульнапрызнана, што помнікі гісторыі і культуры з'яўляюцца неад'емнай часткай культурнага здабытку народа, краіны. Узнікнуўшы падчас рэальных гістарычных падзей, у розныя эпохі, яны ўтойваюць у сваім лёсе і знешнім абліччы цэлы пласт інфармацыі, выступаюць у якасці сведкаў эпох і цывілізацый, з'яўляюцца сапраўднымі крыніцамі інфармацыі. Праз успрыманне помнікаў адбываецца гістарычнае, мастацкае, патрыятычнае выхаванне насельніцтва, асабліва моладзі. Знаёмства з імі набліжае да гістарычнай праўды, узбагачае. Менавіта гісторыка­культурная спадчына стварае непаўторны твар кожнага горада, рэгіёна.

Кобрынская зямля багатая гісторыяй, гераічным мінулым і самабытнай сучаснасцю, гісторыка-культурнай спадчынай, якая мае сваю непаўторнасць і з’яўляецца прадметам гонару яе жыхароў. Нам ёсць што захоўваць, шанаваць і нам ёсць што паказаць. У Кобрынскім раёне на мясцовым уліку знаходзяцца 148 помнікаў. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь па Кобрынскаму раëну занесена 71 гісторыка-культурная каштоўнасць, што складае амаль 30% ад усіх помнікаў Брэстчыны.

З мэтай прыцягнення ўвагі да гісторыка-культурнай спадчыны сваёй малой радзімы, памятных месцаў Кобрынскага краю, рэкламна-інфармацыйнага забеспячэння турыстычнага патэнцыялу горада і раёна быў распрацаваны і працягвае ажыццяўляецца турыстычна-бібліяграфічны праект «Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна». А адна з асноўных задач, якую мы вырашалі: даць шырокай аўдыторыі карыстальнікаў магчымасць аператыўнага доступу да значнага масіву краязнаўчай інфармацыі пра розныя аспекты мінулага і сучаснага выдатных мясцін, помнікаў, славутасцей горада Кобрына і Кобрынскага раёна. Праект дазваляе паказаць гісторыка-культурную, турыстычную, інвестыцыйную прывабнасць Кобрынскага рэгіёна. А гэта важна яшчэ і ў сувязі з тым, што ў апошні час у Беларусі інтэнсіўна развіваецца турызм, і гэта тэндэнцыя, безумоўна, распаўсюдзілася і на Кобрыншчыну. Наш рэгіён цікавы турыстам з Расіі, Украіны, Польшчы і іншых краін. Кобрын з'яўляецца вельмі прывабным маршрутам для беларускіх турыстаў і падарожнікаў. Звычайна мы едзем некуды далёка, каб паглядзець помнікі культуры, гісторыі, архітэктуры, прыроды, і забываем, што зусім побач ёсць не меней цікавыя аб'екты. Сваім праектам мы хацелі нагадаць і аб гэтым.

Гісторыка-культурная спадчына рэгіёна – тэма, якая цікавіць чытачоў, наведвальнікаў бібліятэкі, жыхароў і гасцей Кобрыншчыны. Дзейнасць па папулярызацыі ведаў пра славутасці, гісторыка-культурныя каштоўнасці роднага краю ў цэнтральнай раённай бібліятэцы ажыццяўляецца на працягу доўгага часу, але асабліва яна актывізавалася менавіта ў рамках праекта.

Для стварэння праекта была прааналізавана вялікая колькасць матэрыялаў: кніг, артыкулаў з газет, часопісаў, архіўныя дакументы, інтэрнэт-крыніцы; праведзена скрупулёзная даследчая работа па пошуку дакументаў. Вывучаўся вопыт работы іншых бібліятэк Рэспублікі Беларусь і расійскіх бібліятэкараў па вызначанай тэме. Паступова быў назапашаны і сістэматызаваны, алічбаваны значны комплекс краязнаўчых матэрыялаў па тэме, сфарміравана тэматычная папка-дасье «Памятныя мясціны краю».

Разнастайныя мерапрыемствы краязнаўчай тэматыкі спрыялі папулярызацыі духоўнай спадчыны Кобрыншчыны, помнікаў гісторыі, культуры, прыроды роднага краю: дзень краязнаўства «Родны сэрцу горад мой», краязнаўчае падарожжа «Славутасці роднага краю», інфармацыйная гадзіна «Горад, дзе мы жывем», экскурс у мінулае «Вывучай родны край», інтэлектуальныя гульні-конкурсы «Горад мой ад А да Я», шэраг мерапрыемстваў з цыкла «Завочнае падарожжа па карце Кобрыншчыны» і многія іншыя. Так, некалькі гадоў запар у цэнтральнай бібліятэцы праходзілі «Падарожжы па карце Кобрыншчыны», дзе свае вёскі прадстаўлялі людзі, якія ў іх жывуць, але не толькі жывуць, а і вельмі любяць сваю малую Радзіму і умеюць пра яе з захапленнем расказаць. З дапамогай мясцовых краязнаўцаў нашы чытачы вандравалі па 20 населеных пунктах Кобрыншчыны, і, безумоўна, пры прадстаўленні сваёй вёскі акцэнт рабіўся на знакавыя аб’екты мясцовасці.

Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць штогод у верасні завочныя віртуальныя падарожжы-знаёмствы іншагародніх навучэнцаў каледжа, ліцэя з горадам, у які яны паступілі вучыцца, з яго славутасцямі, памятнымі мясцінамі. Мерапрыемствы пад агульнай назвай «Мы говорим Кобрин, подразумеваем…», «Кобрын рэальны, Кобрын віртуальны» праходзяць заўсёды з вялікай актыўнасцю і ўдзячнасцю прысутных.

Віртуальна пазнаёміць мясцовых жыхароў, гасцей краю з культурнымі аб’ектамі, гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі дапамагалі мультымедыйная прэзентацыя «Горад старажытны, горад малады», рэклама-прэзентацыя «Кобрыншчына: багатае мінулае, дастойнае сучаснае», блок відэафільмаў пра Кобрын «Горад, які немагчыма не любіць», прэзентацыя краязнаўчых выданняў цэнтральнай раённай бібліятэкі «Улюбіць у родны горад цэлы свет», фотавернісаж «Я ў гэтым горадзе жыву» і інш.

На працягу шэрагу гадоў бібліятэкарамі арганізоўваліся выставачныя, наглядныя формы работы: выставы, выставы-панарамы, выставы-падарожжы, адкрытыя прагляды, віртуальныя выставы, выставы-красворды, якія знаёмілі з выдатнымі мясцінамі, помнікамі архітэктуры, гісторыі, прыроды Кобрынскага краю. Традыцыйна да Дня горада арганізоўваюцца выязныя выставы-панарамы пад агульнай назвай «Горад, у якім мы жывем», на якіх шырока прадстаўлены кнігі, дакументы, фотаздымкі выдатных мясцін, помнікаў горада Кобрына і якія заўсёды прыцягваюць увагу жыхароў і гасцей свята.

Вялікую цікавасць і ўвагу праявілі карыстальнікі да мастацка аформленай выставы «Дарога да святынь: з гісторыі царквей, касцёлаў горада» (дарэчы, яна распрацавана і ў віртуальным выглядзе). Да 70-годдзя вызвалення Беларусі, 70-годдзя з Дня вызвалення Кобрына, 70-годдзя Перамогі арганізоўваўся шэраг выстаў: выстава-памяць «Аб вайне ў імя жыцця: Вялікая Айчынная на Кобрыншчыне», выстава-напамін «Хатыні вогненныя сёстры», выставачны комплекс «Помнікі Вялікай Айчыннай Кобрыншчыны расказваюць», на якіх шырока прадстаўлены дакументы, фотаздымкі памятных месцаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной: помнікаў, абеліскаў, мемарыялаў, архітэктурна-скульптурных комплексаў, брацкіх магіл на тэрыторыі Кобрынскага раёна. Выставы-падарожжа «Маршрутамі турыстычнай Кобрыншчыны», «Захавальнікі гісторыі роднага краю» знаёмілі чытачоў з помнікамі гісторыі, архітэктуры, прыроды Кобрынскага раёна. Кобрынскаму парку імя А. В. Суворава, аднаму са старажытных і найпрыгажэйшых паркаў Беларусі, помніку прыроды і садова-паркавага мастацтва рэспубліканскага значэння, прысвячалася юбілейная выстава «Маладосць старажытнага парку».

У знаёмстве з гісторыяй краю і літаратурай пра помнікі, памятныя мясціны Кобрыншчыны дапамагаюць разнастайныя краязнаўчыя бібліяграфічныя паказальнікі, якія рыхтуюцца бібліёграфамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі і распавядаюць пра гістарычныя і культурныя аб’екты краю. Дарэчы, краязнаўчая выдавецкая прадукцыя набыла папулярнасць сярод карыстальнікаў бібліятэкі і жыхароў горада і раёна. У свой час сусветна вядомы вучоны Дзмітрый Ліхачоў у адным са сваіх артыкулаў заўважыў: «Бібліяграфічныя работы – гэта важнейшыя замены вялікіх хатніх і грамадскіх бібліятэк. Адзін добры паказальнік дома каштоўней тысячы тамоў…». Мы разлічваем на тое, што знаёмства з бібліяграфічнымі выданнямі бібліятэкі пашыраць межы ведання гісторыі Кобрыншчыны, помнікаў, памятных мясцін краю.

Па тэме праекта выдадзены шэраг краязнаўчых дапаможнікаў, якія карыстаюцца вялікім попытам у настаўнікаў, студэнтаў, вучняў, экскурсаводаў, жыхароў раёна, а таксама віртуальных наведвальнікаў. Сярод іх: бібліяграфічны паказальнік «Хатыні вогненныя сёстры: Нацысцкая палітыка генацыду і «выпаленай зямлі» на Кобрыншчыне», у якім ідзе гаворка аб помніках, мемарыяльных комплексах памяці спаленых вёсак Кобрынскага раёна; бібліяграфічны паказальнік да 70-годдзя з часу заснавання Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава «Візітная картка горада» і паказальнік «Хранитель истории земли Кобринской»; бібліяграфічны паказальнік да 105-годдзя з часу ўсталявання помніка ў гонар першай перамогі рускіх войск у вайне 1812 г. (Кобрынскі бой) «Помнік рускай славы: лёс галоўнага помніка горада», паказальнік «Воінскай славай авеяны»; даведнік пра вуліцы Кобрына, якія носяць імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечаны ў помніках і мемарыяльных дошках «Думаць пра жывых, памятаць пра загінуўшых»; рэкамендацыйны бібліяграфічны паказальнік «Ахоўная прыродная тэрыторыя – балота “Званец», прысвечаны 20-годдзю з часу стварэння заказніка рэспубліканскага значэння «Званец», які мае мае статут водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння і міжнародны статут ключавой арніталагічнай тэрыторыі; гісторыка-краязнаўчы нарыс «Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні» і буклет «Старонка мая – непаўторны куток», выдадзены да 550-годдзя з часу першага ўпамінання адной з самых вялікіх вёсак у Кобрынскім раёне в. Дзівін, тры аб’екты якой занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, і іншыя паказальнікі з серыі «Па вёсках нашага краю»; краязнаўчая віктарына-круіз «Я ў гэтым горадзе жыву, я гэты горад ведаю», якая выйшла пад рубрыкай «Ці ты ведаеш горад Кобрын?» і ўключае больш паловы пытанняў, звязаных з памятнымі мясцінамі, помнікамі горада Кобрына; Каляндар-фоталетапіс 2009 г. «Другая маладосць старажытнага горада», падрыхтаваны да 730-годдзя з часу першага ўпамінання Кобрына ў Іпацьеўскім летапісе і прадстаўлены 17 аб’ектамі, якія з’явіліся ў сувязі са святкаваннем рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2009» і без якіх сёння мы ўжо не ўяўляем свайго жыцця. Трэба адзначыць, што ўсе краязнаўчыя бібліяграфічныя паказальнікі выдадзены на беларускай мове.

Стварэнне электронных паўнатэкставых баз даных краязнаўчага зместу ў апошні час стала важнейшым накірункам работы цэнтральнай бібліятэкі. У выніку – турыстычна-бібліяграфічны праект і пяць электронных баз даных (далей - БД), сярод якіх па тэме праекта: БД «Хатыні вогненныя сёстры: трагедыя спаленых вёсак Кобрыншчыны», якая прысвечана памяці спаленых вёсак Кобрынскага раёна; адзін з раздзелаў БД «Кобрынскі край у гады Вялікай Айчыннай вайны» – «Паклонімся вялікім тым гадам: помнікі Вялікай Айчыннай вайны на Кобрыншчыне»; БД «Залатая зорка Кобрына. У. М. Кірмановіч», якая прысвечана Уладзіміру Мікалаевічу Кірмановічу – чалавеку, які для Кобрына назаўжды застанецца Ганаровым грамадзянінам, адзіным мясцовым Героем Савецкага Саюза і якому ўстаноўлена мемарыяльная дошка на будынку школы, у якой ён вучыўся; БД «Асоба ў гісторыі Кобрыншчыны: А. М. Мартынаў» у сувязі з тым, што ўключае шмат публікацый мясцовага краязнаўца, Ганаровага грамадзяніна г. Кобрына Аляксея Міхайлавіча Мартынава пра гісторыка-культурную спадчыну Кобрынскага краю, і якому таксама на сцяне дома, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка. Пералічаныя вышэй БД дазваляюць задаволіць фактаграфічныя і тэматычныя запыты карыстальнікаў па тэме праекта больш якасна і з эканоміяй часу, зрабіць краязнаўчую інфармацыю адкрытай, даступнай і прывабнай для шырокага кола карыстальнікаў. БД падтрымліваюцца ў актуальным стане, і на сённяшні час агульная колькасць дакументаў у іх складае больш за 1500.

У рамках праекта праводзіліся акцыі, конкурсы, ініцыяваныя бібліятэкай і рэалізаваныя ў творчай садружнасці з культурнымі і адукацыйнымі ўстановамі, грамадскімі маладзёжнымі арганізацыямі раёна. «Памяць у старых фатаграфіях» такую акцыю правялі супрацоўнікі бібліятэкі, папаўняючы фотаархіў праекта. Вялікая ўвага надавалася пошуку, апрацоўцы разнастайнага ілюстрацыйнага матэрыялу, у тым ліку ўнікальных даваенных фотаздымкаў, якія дазваляюць сфарміраваць у свядомасці карыстальніка пэўны вобраз помніка, лепш адчуць дух таго часу. Сабраны багацейшы фотадакументальны матэрыял (больш 1000 фотаздымкаў). Блок «Фотагалерэя» праекта змяшчае фотаздымкі помнікаў, зробленыя ў розныя часы і ў розных ракурсах.

Сумесна з распрацоўшчыкамі сайта «Турыстычны Кобрын» праведзены акцыі «Мой край, мая Кобрыншчына», «Кобрын рэальны, Кобрын віртуальны», асноўнай мэтай якіх было знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай Кобрыншчыны.

Напярэдадні Дня горада супрацоўнікі бібліятэкі правялі сярод кабрынчан, карыстальнікаў бібліятэкі рэйтынг-апытанне «Сем цудаў Кобрына» на вызначэнне самых адметных, найбольш цікавых і знакамітых з гістарычнага пункту гледжання гісторыка-культурных аб’ектаў, якія могуць служыць сімваламі горада. У анкетаванні ўдзельнічалі людзі рознага ўзросту. Па выніках галасавання выяўлены самыя каштоўныя, найбольш ушанаваныя жыхарамі горада, знакавыя аб’екты Кобрына, вартыя ўвагі і саміх кабрынчан, і замежных гасцей. Своеасаблівым падвядзеннем вынікаў конкурсу стаў выдадзены бібліёграфамі бібліятэкі ілюстраваны дайджэст-інфарміна славутасцей горада «Сем цудаў Кобрына».

Адаптаванымі да новага рытму часу навацыямі праекта сталі: краязнаўча-турыстычны лекторый на калёсах, экскурсійныя аўтапрабегі, экскурсы мужнасці, квэст-гульні, экскурсіі па гораду, краязнаўчыя экспедыцыі пад агульнай назвай «Ганарымся спадчынай роднага краю». На працягу 2016 года працаваў турыстычны лекторый на калёсах, арганізоўваліся экскурсійныя аўтапрабегі, у выніку якіх праходзіла знаёмства з помнікамі, памятнымі мясцінамі Кобрынскага краю (выкарыстоўваўся бібліёбус бібліятэкі). Экскурсіі ажыццяўляліся не толькі па гораду, але і па вёсках, знакавых месцах Кобрынскага раёна. Сумесна з работнікамі сельскіх публічных бібліятэк адпраўляліся ў падарожжы згодна з інтарэсамі карыстальнікаў. Падчас планавых выездаў мабільнай бібліятэкі арганізоўваліся лекцыі і вяліся гутаркі з мясцовымі краязнаўцамі, старастамі вёсак. Дарэчы, у стадыі распрацоўкі і іншыя вандраванні па памятных месцах Кобрыншчыны.

На працягу шэрагу гадоў супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падтрымліваюць сувязі з турыстычнымі фірмамі горада, асобныя калегі спрабавалі сябе ў якасці экскурсаводаў, працавалі з рознымі катэгорыямі турыстаў. У сувязі з гэтым бібліятэка назапасіла змястоўны экскурсійны матэрыял на рускай, беларускай, украінскай, польскай мовах, які выкарыстоўваецца пры правядзенні экскурсій, мерапрыемстваў, і якім маюць магчымасць карыстацца чытачы бібліятэкі.

Пры рабоце над праектам для больш выніковай дзейнасці ажыццяўлялася каардынацыя з органамі мясцовага самакіравання (галоўным спецыялістам па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны Кобрынскага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ліліяй Дзяшко), супрацоўнічалі з Кобрынскім ваенна-гістарычным музеем імя А. В. Суворава, з кіраўнікамі краязнаўчых школьных музеяў горада і раёна, Цэнтрам дзіцячага турызму і краязнаўства, распрацоўшчыкамі сайта «Турыстычны Кобрын», мясцовымі краязнаўцамі. Каб знайсці дакладны матэрыял, падтрымлівалі сувязь з архівамі, сродкамі масавай інфармацыі. У апошні час склаліся плённыя ўзаемавыгадныя сувязі з распрацоўшчыкам сайта «Турыстычны Кобрын» Віктарам Лагвіновічам. Кансультацыі, дапамога гэтага маладога ініцыятыўнага настаўніка, пераможца многіх конкурсаў, праектаў былі для нас карыснымі. На базе Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла прэзентацыя аднаго з блокаў сайта «Турыстычны Кобрын» – «Турыстычныя аб’екты».

Рэалізацыя праекта паказала, што Кобрыншчына багатая сваёй гісторыяй, славутымі мясцінамі, помнікамі. Трэба адзначыць, што ў рамках прадстаўленага праекта сабраны звесткі не толькі пра помнікі рэспубліканскага значэння, але і пра аб’екты мясцовага значэння, размешчаныя на тэрыторыі Кобрыншчыны. У ім даецца дэталёвае апісанне помнікаў, знакавых мясцін краю, звесткі аб якіх дапоўнены фотаздымкамі, гісторычнымі, архітэктурнымі даведкамі, спісам крыніц. Праект значна пашырыў кола нашых рэальных і віртуальных карыстальнікаў. На 01.05.2017 г. ахарактарызавана 263 аб'екты, алічбавана каля 600 крыніц, прадстаўлена больш за 1000 фотаздымкаў. Праект знаходзіцца ў рэжыме напаўнення, падтрымліваецца ўвесь час у актуальным стане, з’яўляецца доўгатэрміновым.

Як вынік праекта створаны інфармацыйна-турыстычны банк, які ўключае:

- кампакт-дыск з графічным мультымедыйным меню. Дыск дае магчымасць аператыўнага доступу да тэкставых, фактаграфічных, бібліяграфічных, ілюстрацыйных матэрыялаў, відэаматэрыялаў. Складаецца з 11 рубрык, шэсць з якіх тэматычныя блокі:

1) Гісторыка-культурныя каштоўнасці Кобрыншчыны, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

2) Помнікі археалогіі;

3) Помнікі архітэктуры, горадабудаўніцтва;

4) Помнікі гісторыі. Гэты раздзел у сваю чаргу ўключае наступныя падраздзелы: «Помнікі часоў уваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі»; «Помнікі 1812 г. на Кобрыншчыне»; «Помнікі часоў Першай сусветнай вайны і савецка-польскай вайны»; «Помнікі часоў уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. 1939 год»; «Помнікі Вялікай Айчыннай»; «Помнікі воінам-інтэрнацыяналістам»; «Помнікі пасляваеннай гісторыі. Памятныя мясціны XXI стагоддзя»;

5) Помнікі знакамітым землякам і дзяржаўным дзеячам;

6) Помнікі прыроды. Палаца-паркавыя ансамблі.

Кожны блок прадстаўлена гісторыка-архітэктурнай Даведкай; блокам «Публікацыі», у якім змешчаны тэксты, фрагменты з кніг, энцыклапедычных выданняў, артыкулы з перыядычных выданняў, уласныя бібліяграфічныя выданні, краязнаўчыя інтэрнет-рэсурсы; Фотагалерэяй; Спісам крыніц. Акрамя тэматычных блокаў прадстаўлены рубрыкі: «Краязнаўчая прадукцыя», «Віртуальныя турыстычныя маршруты», «Відэаматэрыялы». Ёсць экспрэс-прэзентацыя праекта, кнопка хуткага пераходу да сайта ДУК «Кобрынская РЦБС». У якасці музычнага суправаджэння выкарыстаны аўдыёзапісы беларускай інструментальнай музыкі.

- турыстычна-бібліяграфічны даведнік «Захавальнікі гісторыі роднага краю: Помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры, прыроды Кобрынскага раёна», які ствараўся ў рамках работы над праектам і прызначаны экскурсаводам, турыстам, бібліятэчным работнікам, краязнаўцам, а таксама шырокаму колу чытачоў. Гэта значны па аб’ёму і зместу бібліяграфічны паказальнік, які перарос рамкі бібліяграфічнага дапаможніка, бо дае істотныя даведкі па вызначанай тэме. Ён уключае апісанні і фотаздымкі помнікаў гісторыі і культуры, страчаных і існуючых сёння, а таксама бібліяграфічныя крыніцы, скарыстаўшыся якімі, чытач зможа не толькі акрэсліць круг крыніц для дадатковай інфармацыі, але і атрымае агульнае ўяўленне пра ступень вывучанасці розных аспектаў мінулага. Выданне не прэтэндуе на паўнату, але ў ім змешчаны багатыя звесткі пра аб’екты гісторыі і культуры рэгіёна, якія даюцца на падставе кніг, даведнікаў, публікацый у сродках масавай інфармацыі, архіўных даных. Даведнік дапаўняе геаграфічны паказальнік, які павышае яго інфарматыўнасць, значна аблягчае пошук матэрыялу па населеных пунктах Кобрынскага раёна. Трэба адзначыць, што выпуск даведніка атрымаў шырокі рэзананс у СМІ і добрыя водгукі на сайце Кобрынскай РЦБС. Цікавасць да гэтага выдання павялічылася як сярод чытачоў бібліятэкі, так і віртуальных карыстальнікаў. На сайце ў рубрыцы «Краязнаўчыя выданні» колькасць зваротаў да турыстычна-бібліяграфічнага даведніка склала больш 20 500 (на 01.05.2017).

- шэраг іншых краязнаўчых бібліяграфічных выданняў бібліятэкі і ўласныя электронныя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага характару па тэме праекта, пра якія ішла гаворка вышэй і інфармацыя пра якія арганізавана на сайце РЦБС;

- цыкл відэаролікаў, фільмаў, мультымедыапрэзентацый, відэафільмаў аб Кобрыне і Кобрынскім раёне (есць сумесныя праекты з краязнаўцамі горада і раёна: «Краязнаўчае падарожжа па памятных мясцінах вёсак Кустовічы, Акцябр, Камень» - з кіраўніком краязнаўчага музея Акцябрскага дзiцячага сада-сярэдняй школы Л. Пракапюк, «Кобрын – горад мой» - з мясцовым бардам, паэтам Ю. Харэвічам і інш.);

- турыстычныя маршруты, віртуальныя падарожжы, краязнаўчыя экскурсіі, экспедыцыі, распрацаваныя бібліятэкай, сярод якіх хочацца адзначыць: віртуальнае падарожжа «Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны: каштоўнасці рэспублі-канскага значэння», якое аб'ядноўвае фактаграфічны, бібліяграфічны і візуальны матэрыял пра помнікі археалогіі, гісторыі, горадабудаўніцтва Кобрына і Кобрынскага раёна, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь; краязнаўчую віртуальную экскурсію «Там, дзе жыве вечнасць. Храмы Кобрына»; экскурс-рэпартаж «Лёс галоўнага помніка горада» (помнік у гонар першай перамогі ў 1812 годзе); гісторыка-турыстычны маршрут «Сувораўскія памятныя мясціны», які адкрывае дзевяць аб’ектаў Кобрыншчыны, звязаных з А. В. Суворавым; маршрут краязнаўчай экспедыцыі «Агнём вайны адзначаны»; слайд-падарожжа «Помнікі Вялікай Айчыннай расказваюць», прадстаўлены фотагалерэяй помнікаў на ўшанаванне памяці воінаў і землякоў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у час Вялікай Айчыннай вайны;

- папку-дасье «Памятныя мясціны краю», матэрыял якой карыстаецца вялікім попытам карыстальнікаў бібліятэкі. Сістэматычна звяртаюцца да гэтай крыніцы інфармацыі вучні школ і студэнты для выканання кантрольных работ, напісання рэфератаў, дакладаў, курсавых і дыпломных работ. Папка налічвае 10 тэматычных раздзелаў і змяшчае артыкулы з перыядычных выданняў, ксеракопіі з кніг, архіўныя матэрыялы (каля 110 дакументаў);

- рэкламнае выданне «Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны», якое змяшчае пералік усіх гісторыка-культурных каштоўнасцей па гораду Кобрыну і Кобрынскаму раёну, уключаных ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

- плакат-карту культурна-гістарычных аб’ектаў Кобрыншчыны «Дапамагаем адкрываць Кобрыншчыну» са спасылкамі на сайты Кобрынскай РЦБС, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, Кобрынскага парку імя А. В. Суворава, на сайт «Турыстычны Кобрын»;

 - сувенірную прадукцыю з адлюстраваннем помнікаў, памятных мясцін Кобрыншчыны (у выглядзе флажкоў, календароў і г. д.), якая выкарыстоўваецца ў якасці прызоў, падарункаў;

- віктарыну-красворд «Гарадская мазаіка: скульптурна-архітэктурныя аб’екты Кобрына», якая ў выглядзе мастацкі аформленнага плаката змяшчае цікавую інфармацыю пра малыя архітэктурныя формы, арыгінальныя скульптуры горада Кобрына.

Гаворачы пра перспектывы далейшага развіцця, патэнцыял праекта, трэба адзначыць, што наш праект ужо стаў цэнтрам правядзення краязнаўчай работы, стымулам для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Тэарэтычная і практычная значнасць праекта - у напрацоўцы навыкаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, турыстычна-экскурсійнай работы, магчымасці выкарыстання яго вынікаў у адукацыйных мэтах, краязнаўчай, турыстычнай, выхаваўчай рабоце, бібліятэчнай дзейнасці. Праект знаёміць практычна з усімі помнікамі, мемарыяльнымі дошкамі, памятнымі мясцінамі горада і раёна, маршрутамі экскурсій. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя знакавых мясцін Кобрыншчыны, крыніца інфармацыі для правядзення мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці сярод навучальных устаноў горада. У праекце прадугледжана магчымасць віртуальнага падарожжа па Кобрынскаму краю, прагляд рознага характару відэаматэрыялаў, знаёмства з краязнаўчай прадукцыяй цэнтральнай бібліятэкі. Наш праект – гэта саюз узаемаабуслоўленых традыцый і навацый у бібліятэчнай справе, спалучэнне разнастайных формаў мерапрыемстваў, метадаў прадстаўлення інфармацыі і формаў работы з чытацкай аўдыторыяй. Праект спрыяе нарошчванню інтэлектуальнага патэнцыялу роднага краю, захаванню культурнай спадчыны рэгіёна, развіццю турызму і, вядома ж, забяспечвае права кожнага чалавека на вольны доступ да краязнаўчай інфармацыі.

Разлічаны праект на ўсе слаі насельніцтва, але ў першую чаргу на моладзь. Гавораць, што толькі тое грамадства з’яўляецца жыццяздольным, дзе моладзь расце на запаветах сваіх бацькоў, дзе не знікаюць традыцыі продкаў, а памяць аб мінулым становіцца падставай для новых здзяйсненняў.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

Об утверждении Государственной программы «Культура Беларуси» на 2016-2020 годы : постановление Совета Министров Республики Беларусь, 4 марта 2016 г., № 180 // Эталон - Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр право­вой информ. Республики Беларусь. - Минск, 2016.

Национальная стратегия устойчивого социально-эко­номического развития Республики Беларусь на период до 2030 года // Экономический бюллетень Научно-исследовательского экономического института Министерства экономики Республики Беларусь. -  2015. - № 4. - С. 6-98.

Качанова, Е. Ю. Инновации в библиотеках / Е. Ю. Качанова ; науч. ред. В. А. Минкина. – СПб. : Профессия, 2003. – 317 с.

Красінская, Т. Краязнаўчы турызм як бібліятэчны брэнд роднага краю / Т. Красінская // Бібліятэка прапануе. – 2017. - № 1. – С. 24-25.

Коршун, В. Пазнай свой край / В. Коршун // Бібліятэчны свет. – 2016. - № 3. – С. 26.

Курачук, С. Хранители истории родного края : новый краеведческо-туристический проект библиотеки о памятниках истории и культуры Кобринщины / Светлна Курачук // Кобрин-информ. – 2016. – 21 апреля. – С. 25.

Курачук, С. Зберагаючы спадчыну Кобрыншчыны / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2016. – 23 красавіка. – С. 2.

Юрик, И. Новые форматы работы библиотек в XXI веке: прогнозы и тренды / И. Юрик // Бібліятэчны свет. – 2016. - № 1. – С. 6-8.

 

Р.S. Калі рыхтаваўся гэты артыкул, даведаліся, што за распрацоўку і рэалізацыю праекта «Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна» ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За навацыі ў бібліятэчнай справе» Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка атрымала II месца.

Яндекс.Метрика