Звычаі, блізкія ўсім
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

223

Звычаі, блізкія ўсім

PDF Печать E-mail

Пашковіч, Л. Звычаі, блізкія ўсім / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. – 2018. – 16 мая. – С. 4.

У рамках беларуска-ўкраінскага праекта на памяць аб сустрэчы ўкраінскія сябры падарылі Дзівінскай бібліятэцы кнігі ўкраінскіх аўтараў.

 

 

Звычаі, блізкія ўсім

 

Беларуска-ўкраінскі праект «Праз вывучэнне культуры суседняга народа - да ўстойлівага партнёрства і разумення», які рэалізуецца па праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга Партнёрства «Беларусь-Украіна» і фінансуецца Еўрапейскім саюзам, прадаўжае сваю работу.

Галоўная мэта праекта - знаёмства з культурамі суседніх краін.

Чарговае мерапрыемства - канцэртная праграма «Палескія вяснянкі-гаёўкі» і майстар клас «Велікодная пісанка» - прайшло ў Дзівінскім цэнтры культуры і вольнага часу.

Сустракала ўкраінскую дэлегацыю старшыня Дзівінскага сельвыканкама Вера Пікула.

Вяснянкі - песні, якія спявалі нашы продкі, каб хутчэй заклікаць вясну. Такі элемент фальклору ёсць як у беларускай, так і ва ўкраінскай культурах. Таму беларускія песні ў выкананні вакальнай групы Дзівінскай школы мастацтваў «Дзяцінства» на чале з яе кірауніком Ганнай Вячорка, былі зразумелыя гасцям. У знак павагі і сяброўства кожнаму з гасцей была ўручана птушачка - сімвал вясны, зробленая з салёнага це­ста.   '

Госці прывезлі і свае вяснянкі і гаёўкі. Вясёлыя і лірычныя песні разляталіся прыгожым шматгалоссем. Вясна - пара не толькі прабуджэння прыроды і закла­ду новага ўраджаю, але і час гулянняў моладзі. Таму ўкраінскія школьнікі паказалі і цікавыя народныя гульні, якія праводзілі хлопцы і дзяўчаты.

На Вялікдзень у праваслаўных хрысціян прынята распісваць яйкі. Тэхнік роспісу існуе шмат. Украінскія сябры паказалі майстар-клас, як гэта робяць у іх. Працэс роспісу захапіў не толькі дзяцей, але і дарослых, якія таксама прынялі актыўны ўдзел у майстар-класе.

На памяць аб сустрэчы ўкраінскія сябры падарылі Дзівінскай бібліятэцы кнігі ўкраінскіх аўтараў.

 

 

Людміла ПАШКОВІЧ.

 

Яндекс.Метрика