Зялёная жамчужына Кобрына
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Зялёная жамчужына Кобрына

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Зялёная жамчужына Кобрына / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2018. – 25 жніўня. – С. 4.

Напярэдадні юбілею Кобрынскага парку імя А. В. Суворава цэнтральная раённая бібліятэка паспрабавала сабраць найбольш поўную інфармацыю пра любімае месца кабрынчан і гасцей горада.

Зялёная жамчужына Кобрына

Напярэдадні трох знакавых дат Кобрынскага парку імя А. В. Суворава - 250-годдзя з часу заснавання, 70-годдзя ў статусе парку культуры і адпачынку, 55-годдзя з часу прысваення статуса помніка садова-паркавага мастацтва – цэнтральная раённая бібліятэка паспрабавала сабраць найбольш поўную інфармацыю пра ўнікальны аб’ект Кобрыншчыны, любімае месца кабрынчан і гасцей горада.
Юбілею парку імя А. В. Суворава прысвечана святочная выстаўка «Гарадскі аазіс», якая пачала функцыянаваць у інфармацыйна-сервісным цэнтры бібліятэкі. Выстава дазваляе зрабіць экскурс у мінулае парку, а таксама пазнаёміцца з яго сучаснымі перспектывамі, каштоўнасцямі.
Створаная супрацоўнікамі бібліятэкі краязнаўчая паўнатэкставая база даных «Кобрынскі парк імя А. В. Суворава – унікальны куток горада» налічвае больш за 400 файлаў і паведамляе пра велізарную колькасць крыніц, з дапамогай якіх можна атрымаць найбольш поўную інфармацыю пра наш парк. Складаецца БД з 9 блокаў, сярод якіх гісторыка-архітэктурны нарыс, які прадстаўлены на беларускай і рускай мовах. З усімі друкаванымі крыніцамі - артыкуламі газет, часопісаў, фрагментамі кніг - можна азнаёміцца ў базе даных. Яны аблічбаваны і захаваны ў фармаце pdf. Дарэчы, алічбаваны артыкулы з перыядычных выданняў мінулага стагоддзя (пачынаючы з 1961 года). У БД таксама ўключаны найбольш змястоўныя электронныя рэсурсы, бібліяграфічныя выданні цэнтральнай бібліятэкі. Блок «Фотагалерэя» змяшчае каля 200 фотаздымкаў, зробленых у розныя часы і ў розных ракурсах. База даных уключае таксама вершы кобрынскіх аматараў паэзіі, прысвечаныя парку-юбіляру. Каштоўнасць БД у тым, што яна дае доступ да першасных крыніц інфармацыі, дазваляе зрабіць інфармацыю пра парк адкрытай, даступнай і прывабнай для шырокага кола карыстальнікаў, задавальняе фактаграфічныя і тэматычныя запыты чытачоў больш якасна і з эканоміяй часу. Пазнаёміцца з базай даных можна на афіцыйным сайце Кобрынскай РЦБС, у гісторыка-краязнаўчым цэнтры бібліятэкі.
Трэба адзначыць, што пра кобрынскі парк надрукавана шмат. Ёсць інфармацыя пра парк імя А. В. Суворава ў беларускіх энцыклапедычных выданнях, можна знайсці радзел ці главу пра наш парк у кнігах, даведніках, у артыкулах перыёдыкі. Але асобнага выдання, цалкам прысвечанага парку, на жаль, не было. А такая неабходнасць адчувалася, асабліва напярэдадні юбілею. Інфармацыйна-пазнавальны даведнік «Зялёная жамчужына Кобрына», выдадзены бібліёграфамі цэнтральнай бібліятэкі, у нейкім сэнсе запоўніў гэты прабел. Выданне з серыі «Ведай і любі свой горад» складаецца з шасці раздзелаў. Пачынаецца даведнік раздзелам «Садова-паркавае мастацтва старажытных сядзіб Беларусі - каштоўная частка нацыянальнай спадчыны», дзе адзначаецца, што ў пачатку XX ст. на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці налічвалася каля 1500 сядзібна-паркавых і палацава-паркавых аб'ектаў, у т. л. на тэрыторыі Кобрынскага раёна – 194.
Раздел «Вехі гісторыі» знаёміць з неардынарнай гісторыяй парку, яго ўладальнікамі. За 250 гадоў парк павялічыўся да 32 гектараў, стаў помнікам прыроды і садова-паркавага мастацтва, сабраў нямала дыпламоў ад розных камітэтаў па ахове навакольнага асяроддзя і ад ВДНГ СССР, набыў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, мае цалкам сучасную інфраструктуру. Рэканструкцыя горада пры падрыхтоўцы да рэспубліканскіх Дажынак ў 2009 годзе падаравала парку магчымасць расці і развівацца надалей. Менавіта тады гэты зялёны масіў ператварыўся ва ўтульны і сучасны куток, адкрыў новую старонку сваёй гісторыі.
У даведніку ідзе гаворка пра кобрынскі парк як шэдэўр беларускага архітэктурна-ландшафтнага дойлідства, якім па праву ганарыцца ўся Беларусь, яго раслінны і жывёльны свет. Дарэчы, такой калекцыі зялёных насаджэнняў кобрынскага парку пазайздросцяць і вядомыя батанічныя сады, тут можна ўбачыць не характэрныя для нашай мясцовасці расліны. Непаўторнасць парку надаюць арыгінальныя скульптурная кампазіцыі, малыя архітэктурныя формы, арт-аб’екты, якія размешчаны па ўсёй яго тэрыторыі. Гэтае багацце таксама знайшло адлюстраванне ў выданні.
«Казка для дзяцей, прывабнасць для дарослых» - гэты раздзел раскажа, чым жыве самае любімае месца адпачынку гараджан і гасцей Кобрына, якія намаганні прыкладаюцца для таго, каб наведвальнікі атрымлівалі максімум пазітыўных эмоцый, што дае магчымасць на самым высокім узроўні, якасна і прафесійна арганізоўваць адпачынак жыхароў горада і турыстаў.
Чырвонай ніткай праз інфармацыйна-пазнавальны даведнік праходзіць думка, што наш парк – наш гонар, і трэба берагчы, шанаваць яго багацці, каб пакінуць яго нашчадкам яшчэ больш прыгожым.
У інфармацыйна-пазнавальным даведніку шырока прадстаўлены ілюстрацыйны матэрыял, фотаздымкі розных гадоў. Шмат старонак займае бібліяграфія, якая прадстаўляе больш за 150 крыніц. Выданне адрасавана ўсім, хто займаецца вывучэннем роднага краю, цікавіцца яго гісторыяй, культурай, экалогіяй. Спадзяемся, што выдадзены ў Год малой радзімы ў Беларусі і ў юбілейны год кобрынскага парку, даведнік будзе асабліва актуальны.

Святлана КУРАЧУК,
галоўны бібліёграф
цэнтральнай раённай бібліятэкі УК «Кобрынская раённая
цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»

Яндекс.Метрика