Год малой радзімы, Імі ганарыцца Кобрыншчына
Курачук, С. Імі ганарыцца Кобрыншчына / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2018. – 24 лістапада. – С. 9.
Працягам праекта Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі «Славутыя імёны маёй малой Радзімы» стала выданне біябібліяграфічнага даведніка «Імі ганарыцца Кобрыншчына» і стварэнне паўнатэкставай базы дадзеных «Ганаровыя грамадзяне Кобрынскага краю».
Год малой радзімы
Імі ганарыцца Кобрыншчына
Працягам праекта Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі «Славутыя імёны маёй малой Радзімы», які стартаваў у мінулым годзе (першы этап праекта - «Людзі навукі нашага краю»), стала выданне біябібліяграфічнага даведніка «Імі ганарыцца Кобрыншчына» і стварэнне паўнатэкставай базы дадзеных «Ганаровыя грамадзяне Кобрынскага краю».
Званне «Ганаровы грамадзянін» - вышэйшая ўзнагарода сваёй малой радзімы. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых іншых краінах званне «Ганаровы грамадзянін» прысвойваецца мясцовымі органамі дзяржаўнай улады асобам за іх асабістыя заслугі перад канкрэтнай тэрыторыяй, населеным пунктам і сімвалізуе выключную форму выказвання ўдзячнасці і падзякі грамадства за дзейнасць на карысць горада, раёна, забеспячэнне яго дабрабыту і працвітання. Практыка прысвойваць гэтае высокае званне існуе ў шматлікіх гарадах. Не выключэнне і горад Кобрын.
У розныя гады звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына» ўдастоены арганізатар партызанскага руху на Кобрыншчыне Фёдар Максімавіч Алісіевіч, удзельнікі вызвалення Кобрына ад фашысцкай акупацыі Дзмітрый Кузьміч Барысаў, Іван Фёдаравіч Мілаянін, Ілья Міхайлавіч Падбярэзін, Герой Савецкага Саюза Уладзімір Мікалаевіч Кірмановіч, гісторык, краязнаўца Аляксей Міхайлавіч Мартынаў, савецкі военачальнік, генерал-палкоўнік Леанід Міхайлавіч Сандалаў, арганізатар падпольнай і партызанскай барацьбы ў Кобрынскім раёне Праскоўя Сямёнаўна Сідарук, токар Кобрынскага аўтарамонтнага завода (сёння – ААТ «Салеа-Кобрын»), перадавік, рацыяналізатар, заслужаны настаўнік моладзі Пётр Дзянісавіч Сялюк.
Прадстаўленне грамадзян да прысваення звання «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна» ажыццяўляецца за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае, навукова-тэхнічнае і культурнае развіццё раёна, за канкрэтныя, высокія дасягненні ў прафесійнай, грамадскай і дабрачыннай дзейнасці. Сямі аўтарытэтным людзям прысвоена гэтае высокае званне: П. Р. Каранчуку, У. І. Сухараву, А. М. Гольцману, М. М. Клачковіч, У. Р. Кузічу, І. П. Мароза, С. І. Чырун.
У біябібліяграфічным даведніку «Імі ганарыцца Кобрыншчына», падрыхтаваным бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі, прадстаўлены біяграфіі людзей, удастоеных звання «Ганаровы грамадзянін». Гэта людзі розных прафесій, пасад, воінскіх званняў. У розныя часы ў розных сферах яны не проста дасягалі асабістых і кар'ерных прафесійных вышынь, але і прымнажалі славу сваёй малой радзімы, праслаўлялі Кобрыншчыны на рознай ніве: у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у адукацыі, культуры, у дабрачыннай дзейнасці. Сярод іх абаронцы і вызваліцелі нашага горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза. Лёсы іх розныя, не падобныя адзін на аднаго, але іх аб'ядноўвае вынік дзейнасці на карысць развіцця нашага роднага краю. Выданне знаёміць з біяграфіямі ганаровых грамадзян, распавядае пра іх уклад у эканамічнае, сацыяльнае, культурнае развіццё горада і раёна, паказвае моладзі прыклад самаахвярнага служэння роднаму краю.
Асаблівасцю даведніка з'яўляецца тое, што ён уключае інфармацыю не толькі пра ганаровых грамадзян горада Кобрына, Кобрынскага раёна, але таксама знаёміць з землякамі, якія сталі ганаровымі грамадзянамі іншых гарадоў, і, дарэчы, не толькі беларускіх. Так, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі ў галіне навукі і тэхнікі, сапраўдны член акадэміі касманаўтыкі імя К. Э. Цыялкоўскага, кандыдат тэхнічных навук, заслужаны выпрабавальнік ракетна-касмічнай тэхнікі, ураджэнец в. Рэчыца Кобрынскага раёна Мікалай Андрэевіч Барысюк з'яўляецца Ганаровым грамадзянінам горада Байканур. За вялікі асабісты ўклад у развіццё горада Еўпаторыі і шматгадовую актыўную дзейнасць на карысць жыхароў горада Курашык Віталій Уладзіміравіч, дзяржаўны дзеяч Украіны, старшыня Савета Міністраў Крыма ў 1991-1993 гг, надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь ва Украіне, ураджэнец в. Дзівін Кобрынскага раёна, удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Еўпаторыі». Меярэвічу Канстанціну Мікалаевічу, заслужанаму будаўніку Расійскай Федэрацыі, акадэміку Міжнароднай акадэміі арганізацыі вытворчасці, дырэктару Разанскага кардонна-руберойднага завода, які нарадзіўся ў г. Кобрыне, прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Разані».
Нашы землякі з'яўляюцца таксама Ганаровымі грамадзянамі беларускіх гарадоў. Звання «Ганаровы грамадзянін горада Брэста» ўдастоена B. C. Селівонік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, ураджэнка в. Літвінкі Кобрынскага раёна; звання «Ганаровы грамадзянін горада Гродна» - ураджэнец в. Пескі, дзяржаўны дзеяч БССР П. І. Ратайка, звання «Ганаровы грамадзянін горада Лунінца» - ураджэнец в. Асаўцы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны І. Л. Раманюк.
Акрамя таго, у Кобрынскім раёне ёсць населены пункт, які мае ганаровых грамадзян сваёй мясцовасці - гэта аграгарадок Павіцце. З 2014 года званне «Ганаровы грамадзянін аграгарадка Павіцце Кобрынскага раёна» прысвойваецца жыхарам аграгарадка Павіцце і асобам, якія пражываюць за яго межамi, за асаблівыя заслугі перад аграгарадком. У даведніку пералічаныя заслугі дзевяці чалавек, якія ўдастоены гэтага звання.
Біяграфічныя даведкі асоб напісаны на аснове фонду Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, архіўных дакументаў, аўтабіяграфій, успамінаў і іншых крыніц. Кожны біяграфічны артыкул дапаўняе спіс літаратуры, у пачатку якога прадстаўлены афіцыйныя дакументы. Для аблягчэння пошуку неабходных звестак выданне забяспечана дапаможным апаратам: імянным, геаграфічным паказальнікамі, храналагічным паказальнікам дат прысваення звання.
База дадзеных «Ганаровыя грамадзяне Кобрынскага краю» фарміравалася на працягу бягучага года. Усе працы па падборы матэрыялаў і іх аблічбоўцы ажыццяўляліся супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі. Некаторыя факты патрабавалі ўдакладненняў, дапаўненняў, мелася недастаткова звестак пра іншыя біяграфіі. У сувязі з гэтым хацелася б выказаць падзяку калектыву Дзяржаўнага занальнага архіва Кобрынскага раёна, прэс-службам і кадравым службам прадпрыемстваў і арганізацый, ганаровым грамадзянам і іх родным за аказаную дапамогу, прадастаўленыя матэрыялы.
Кожнаму з ганаровых грамадзян у базе адведзены асобны блок, у які ўваходзяць біяграфічная даведка, звесткі аб дасягненнях і ўзнагародах, фатаграфіі ганаровага грамадзяніна, а таксама бібліяграфічныя спісы друкаваных і электронных матэрыялаў. Некаторыя блокі ўключаюць копіі ўзнагародных дакументаў, грамат, дыпломаў, фатаграфіі узнагарод, а таксама кантактныя дадзеныя. БД складаецца з сямі раздзелаў, унутры якіх блокі пра ганаровых грамадзян размешчаны ў алфавітным парадку. Акрамя імянных блокаў база размяшчае ўступны артыкул, поўны спіс узнагароджаных, біябібліяграфічны даведнік «Імі ганарыцца Кобрыншчына».
На сённяшні час у базе ўтрымліваецца 31 персаналій. У яе ўключаны каля 400 алічбаваных дакументаў - паўнатэкставых версій артыкулаў з кніг, зборнікаў, перыядычных выданняў, архіўных дакументаў, больш за 150 фотаздымкаў. Дзейнічае сістэма гіперспасылак на Інтэрнэт-рэсурсы.
База дадзеных і біябібліяграфічны даведнік адрасаваны шырокай аўдыторыі, у першую чаргу краязнаўцам-аматарам, гісторыкам, бібліятэкарам, экскурсаводам, супрацоўнікам музеяў, выкладчыкам і навучэнцам розных навучальных устаноў, а таксама ўяўляюць цікавасць для моладзі, якая імкнецца атрымаць інфармацыю пра заслужаных людзей, чые лёсы звязаны з Кобрыншчынай.
… Ці ведаюць нашы кабрынчане хаця б палову прозвішчаў, каму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына», «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна»? Даведацца пра людзей, чый жыццёвы і працоўны шлях - яркі прыклад працавітасці, адказнасці і сумленнасці, сапраўдных патрыётаў сваёй малой радзімы, удастоеных найвышэйшай узнагароды Кобрына, Кобрынскага раёна, дапаможа зварот на афіцыйны сайт Кобрынскай РЦБС (рубрыка «Краязнаўства») і ў гісторыка-краязнаўчы цэнтр бібліятэкі. Пазнаёміўшыся з гэтымі інфармацыйнымі рэсурсамі вы, безумоўна, адчуеце дачыненне да гісторыі і сённяшняга дня сваёй малой радзімы.
Святлана КУРАЧУК,
галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі
УК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»