Дакрануцца да гісторыі
Пашковіч, Л. Дакрануцца да гісторыі / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. – 2019. – 30 студзеня. – С. 3.
Удзельнікі праекта «Школа маладога кіраўніка» у час чарговай сустрэчы наведалі Кобрынскую цэнтральную раённую бібліятэку, дзе ім расказалі пра паслугі і магчымасці ўстановы, правялі экскурсію.
ПРАЕКТ
Дакрануцца да гісторыі
Багатае гістарычнае і культурнае жыццё Кобрына – гонар раёна. Паказаць гэтыя бакі жыцця кабрынчан ставілі на мэце арганізатары праекта «Школа маладога кіраўніка» у час чарговай сустрэчы.
Першым месцам, куды адправіліся школьнікі, стаў Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Выставачная зала мастацкага аддзялення, як музей, які адлюстраваў талент навучэнцаў, педагогаў навучальнай установы. Экспанаты - работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - выклікалі ў гасцей вялікі інтарэс.
Выцінанка, бацік, графіка, жывапіс, роспіс па тканіне, разьба па дрэве, інкрустацыя саломкай - у якіх толькі тэхніках ні былі прадстаўлены вырабы. На многіх карцінах юнакі і дзяўчаты ўбачылі родныя пейзажы Кобрыншчыны.
Асаблівым гонарам установы з'яўляецца і так званая залатая зала - фае навучальнага корпуса, якое пафарбавана ў белы і залаты колеры. Яго афармленне вельмі нагадвае залы знакамітага Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу.
А каб больш даведацца пра той перыяд у жыцці Кобрына, калі тут жыў Аляксандр Сувораў, школьнікі адправіліся ў Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава.
Экскурсія па доме Суворова, у якім не так даўно была завершала рэканструкцыя, выклікала вялікую цікавасць у вучняў. Яны даведаліся новыя факты з жыцця знакамітага палкаводца, узгадалі некаторыя гістарычныя падзеі, у тым ліку і жыццё Аляксандра Суворава ў Кобрыне, які пражыў тут больш за 80 дзён.
Дзецям расказалі пра перыяды станаўлення музея, фонды якога маюць шмат эксклюзіўных экспанатаў, якімі падзяліліся з установай ленінградскія і маскоўскія музеі.
Наведалі хлопчыкі і дзяўчынкі і Кобрынскую цэнтральную раённую бібліятэку, дзе ім расказалі пра паслугі і магчымасці ўстановы, правялі экскурсію, прапанавалі пазнаёміцца з кніжным фондам. Сустрэча выдалася цікавай і пазнавальнай, пашырыла кругагляд дзяцей.
Людміла ПАШКОВІЧ.