Паляшуцкія брэнды праз прызму гісторыі
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

223

Паляшуцкія брэнды праз прызму гісторыі

PDF Печать E-mail

Чарнякевіч, Ю. Паляшуцкія брэнды праз прызму гісторыі. Бібліятэка як асяродак / Юрый Чарнякевіч // Культура. – 2019. – 3 жніўня (№ 31). – С. 10-11.

Бібліятэчны маркетынг вачамі карэспандэнта газеты «Культура».

 

Паляшуцкія брэнды праз прызму гісторыі. Бібліятэка як асяродак

 

Прыкладна сем — восем гадоў таму я ўжо пабываў на Кобрыншчыне. На жаль, падчас таго прыезду не паспеў завітаць як у раённую цэнтральную, так і ў дзіцячую бібліятэкі, каб пазнаёміцца з іх дзейнасцю. Таму адразу пасля прыбыцця ў райцэнтр скіраваўся менавіта да гэтых устаноў.

— А мы зараз гатуем польскія нацыянальныя стравы, — здзівіла мяне сваім незвычайным «бібліятэчным» крэатывам дырэктар Кобрынскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Ларыса Легацюк. — Справа ў тым, што мы адказныя за стварэнне польскай пляцоўкі нацыянальных культур на свяце горада. Таму можаце завітаць заўтра на імпрэзу, каб пакаштаваць бігас, польскія каўбаскі, антрэкот па-варшаўску ці пірог «Мазурэк».

Усімі гэтымі ласункамі, на жаль, скарыстацца мне, да слова, так і не давялося: на свяце стравы ад кобрынскіх бібліятэкараў літаральна «змяталі» са стала, настолькі польская ежа, зробленая рукамі таленавітых і ўлюбёных у кнігу паляшучак, прыйшлася ўсім даспадобы. Між тым, у мясцовых супрацоўнікаў Кобрынскай кніжніцы досыць не толькі кулінарнага, а і ўласна бібліятэчнага крэатыву, які можа зацікавіць любога наведвальніка.

— Скажам, сёлета ў намінацыі «Сям’я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцей» Гарадзецкі філіял нашай сістэмы заняў першае месца сярод сельскіх бібліятэк у абласным туры V Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання», — адзначыла кіраўнік установы. — А яшчэ раней, у 2017 годзе ў XXV Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» Кобрынская раённая цэнтральная бібліятэка заваявала другое месца ў намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы».

Апошняя перамога была атрымана бібліятэкарамі за распрацоўку і рэалізацыю краязнаўчага турыстычна-бібліяграфічнага праекта «Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна». Як расказала мне адна з распрацоўшчыц праекта, галоўны бібліёграф Кобрынскай «кніжніцы» Святлана Курачук, бібліятэкарамі быў сабраны значны краязнаўчы матэрыял, які цяпер даступны як у апублікаваным, так і ў электронным выглядзе на бібліятэчным сайце. Гэта інфармацыя пра знакамітых навукоўцаў з Кобрыншчыны, пра гісторыка-культурныя каштоўнасці раёна, помнікі прыроды, палацава-паркавыя ансамблі ды шмат пра што яшчэ.

Як я ўжо казаў, уся інфармацыя змяшчаецца на сайце Кобрынскай раённай бібліятэкі ў адкрытым доступе. І віртуальныя наведвальнікі гэтай, як і іншай інфармацый, змешчанай на інтэрнэт-старонцы раённай кніжніцы, карыстаюцца досыць актыўна. Прывяду толькі пару лічбаў. Скажам, за другі квартал года паводле лічыльніка Hotlog, віртуальную старонку мясцовай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы наведала больш за 35 тысяч чалавек, якія прагледзелі на сайце тую ці іншую інфармацыю недзе 150 тысяч разоў. Даволі неблагія паказчыкі, якім, мяркую, могуць пазайздросціць бібліятэчныя сайты іншых раёнаў Беларусі.

Праўда, пакуль пра працу бібліятэк раёна на інтэрнэт-старонцы можна даведацца толькі на рускай мове. Разам з тым, як запэўнілі мяне бібліятэкары, у Сеціве яны змяшчаюць таксама інфармацыю і па-беларуску. З цягам часу, па словах Надзеі Жук, мяркуецца стварэнне і асобнай беларускамоўнай версіі бібліятэчнага сайта.

Дарэчы, нядаўна ў кобрынскай дзіцячай кніжніцы адбыліся значныя рамонтныя работы.

— Праца праходзіла ў два этапы за кошт сродкаў з раённага бюджэту: летась на суму прыкладна ў 60 тысяч рублёў мы ўсталявалі вокны, замянілі асвятленне, адрамантавалі падлогу, пафарбавалі сцены, — адзначае начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук. — Сёлета працягнулі гэтыя работы ў іншых бібліятэчных памяшканнях на суму ў 38 тысяч рублёў.

Як мяркуюць бібліятэкары, дзякуючы рамонту, наведвальнікаў у «дзіцячай» і ў «дарослай» бібліятэках абавязкова пабольшае. Што ж, цалкам магчыма. Як бачна, з рэальнымі, як і з віртуальнымі наведвальнікамі, кобрынскія бібліятэкары працуюць паспяхова і з веданнем справы.

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Яндекс.Метрика