Краязнавец з вялікай літары
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

223

Краязнавец з вялікай літары

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Краязнавец з вялікай літары / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2019. – 21 жніўня. – С. 4.

У Кобрынскай цэнтральнай раеннай бібліятэцы сабраны на папяровых і электронных носьбітах шэраг матэрыялаў-даследаванняў пра А. М. Мартынава.

 

 

Краязнавец з вялікай літары

 

 

2019 год – юбілейны для Аляксея Міхайлавіча Мартынава, краязнаўца, гісторыка, публіцыста, грамадскага дзеяча, Ганаровага грамадзяніна горада Кобрына. Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка, першым загадчыкам якой быў А. М. Мартынаў, таксама ў бягучым годзе адзначае юбілей – 80 гадоў з дня заснавання бібліятэкі. Гэтыя дзве падзеі і паслужылі нагодай для артыкула.

У шматлікіх гарадах і сёлах нашай Беларусі заўсёды былі, ёсць і, безумоўна, будуць людзі, бязмежна ўлюбёныя ў свой родны край. Яны скрупулёзна вывучаюць і захоўваюць гісторыю малой радзімы, выяўляюць новыя духоўныя і матэрыяльныя помнікі культуры свайго рэгіёну. Менавіта такім чалавекам - краязнаўцам з вялікай літары, сапраўдным патрыётам быў Аляксей Мартынаў. У Кобрынскай цэнтральнай раеннай бібліятэцы сабраны на папяровых і электронных носьбітах шэраг матэрыялаў-даследаванняў пра гэтага ўнікальнага чалавека.

Створана электронная паўнатэкставая база даных «Асоба ў гісторыі Кобрыншчыны. А. М. Мартынаў», якая ўключае работы А. М. Мартынава, літаратуру аб яго жыцці і дзейнасці, фонд фотаздымкаў, бібліяграфічныя выданні цэнтральнай бібліятэкі. Алічбавана звыш 200 артыкулаў з перыёдыкі, раздзелаў кніг. ЭБД падтрымліваецца ў актуальным стане, своечасова папаўняецца новымі публікацыямі.

Бібліёграфамі цэнтральнай бібліятэкі выдадзены шэраг бібліяграфічных выданняў. Сярод іх - біябібліяграфічны паказальнік «Краязнавец з Вялікай літары», прысвечаны жыццю і дзейнасці Аляксея Міхайлавіча Мартынава. Паказальнік змяшчае біяграфічныя звесткі, а таксама бібліяграфічныя матэрыялы (працы А. М. Мартынава па тэмах, літаратуру аб яго жыцці і дзейнасці). Даведачны апарат прадстаўлены алфавітным паказальнікам яго публікацый. Выданне ілюстравана. Біябібліяграфічны паказальнік прызначаны шырокаму колу карыстальнікаў, усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, дасягненнямі людзей, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё краю, чый жыццёвы і працоўны шлях - яркі прыклад працавітасці, самаадданасці, сумленнасці.

Немагчыма ўявіць наш горад без устаноў, якія з’явіліся пры непасрэдным удзеле і намаганнях А. М. Мартынава. Гэта гарадская бібліятэка, якая была арганізавана пад кіраўніцтвам Аляксея Міхайлавіча ў 1939 г. і адноўлена пасля вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; вузел сувязі, у станаўленні якога ен прымаў самы актыўны ўдзел. Па ініцыятыве Мартынава ў 1948 г. быў заснаваны парк культуры і адпачынку імя А. В. Суворава. У 1960 г. ен арганізаваў раённае аддзяленне таварыства аховы прыроды, помнікаў гісторыі і культуры. Але, безумоўна, самым значным дасягненнем нашага земляка было стварэнне ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, які стаў справай усяго яго жыцця. Буклет «Стаяў у вытокаў…: аб установах г. Кобрына, да якіх меў дачыненне А. М. Мартынаў», красамоўна расказвае пра гэты ўклад нашага героя ў станаўленне і развіцце Кобрыншчыны.

Біябібліяграфічны даведнік «Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю» прысвечаны людзям, якія ўпісалі яркую старонку ў гісторыю нашага горада, раёна і якія былі ўзнагароджаны званнем «Ганаровы грамадзянін». За шматгадовы ўдзел у культурна-асветніцкай рабоце, вялікі ўклад у вывучэнне і прапаганду гістарычнай спадчыны Кобрыншчыны, актыўную жыццёвую пазіцыю і ў сувязі з 710-годдзем горада Кобрына Аляксей Міхайлавіч Мартынаў у 1997 г. удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына». Заслугі А. М. Мартынава высока ацэнены. За актыўную краязнаўчую работу ен узнагароджаны медалём імя Н. К. Крупскай, мноствам грамат, імяннымі падарункамі. На доме, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка. Імем Мартынава названа адна з новых вуліц горада.

У 2014 годзе грамадскасць Кобрыншчыны адзначыла 110-годдзе з дня нараджэння Аляксея Міхайлавіча Мартынава. У Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава адбылося святочнае мерапрыемства «У нагу з ХХ стагоддзем», прысвечанае гэтай даце. Ушанаваць памяць неардынарнага чалавека, захавальніка гісторыі Кобрыншчыны прыйшлі людзі, якія ведалі яго асабіста, прыхільнікі яго дзейнасці. Успаміналі юбіляра і ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе да асобы А. Мартынава ставяцца з асаблівай павагай. На базе СШ № 1 г. Кобрын адбылася важная падзея для краязнаўцаў Кобрыншчыны - раённыя краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя знакамітаму земляку. Аляксей Міхайлавіч і яго сям’я ў свой час мелі самае прамое дачыненне да гэтай установы: тут у свой час працаваў яго бацька, тут вучыўся ён сам і яго будучая жонка. Менавіта гэтым падзеям прысвечаны Каляндар урачыстасцяў пад назвай «Краязнаўцу і гісторыку прысвячаецца».

Кобрынская зямля багата на таленавітых людзей, якія даследуюць, запісваюць і захоўваюць для будучых пакаленняў сотні і тысячы імёнаў, значныя гістарычныя факты, услаўляюць, любяць свой край, сваю малую радзіму. Нарыс «Каб не абарвалася нітка памяці…» прысвечаны менавіта такім апантаным краязнаўцам Кобрыншчыны. І, безумоўна, першыя старонкі нарыса прысвечаны асобе А. М. Мартынава.

Шматгадовая карпатлівая праца ў архівах, уласныя назіранні, зносіны са старажыламі, шырокія веды ў вобласці лінгвістыкі зрабілі вынікі яго краязнаўчых даследаванняў цікавымі, пазнавальнымі і карыснымі. Пяру А. М. Мартынава былі падуладны ўсе тэмы гісторыі Кобрыншчыны, пачынаючы з падзеяў першых летапісаў і заканчваючы рэаліямі сучаснага жыцця. Яго публікацыі ў друку гістарычна аргументаваны, заснаваны на пэўных крыніцах, і ў гэтым іх вялікая каштоўнасць. Невыпадкова гэтыя матэрыялы сталі першакрыніцамі па вывучэнні і асэнсаванні мінулага роднага краю, па іх сучаснікі адкрываюць для сябе гісторыю нашага горада, вучацца любіць і паважаць сваю малую радзіму.

На жаль, да 115–гадовага юбілею А. М. Мартынава так і не атрымалася выданне асобнай кнігай літаратурных і публіцыстычных твораў нашага таленавітага земляка. Работы Мартынава запатрабаваны, і неабходнасць у гэтым выданні існуе, бо такі зборнік уяўляе цікавасць як дапаможнік па краязнаўстве.

Спробай неяк кампенсаваць гэты прабел з’явілася выданне бібліеграфамі цэнтральнай бібліятэкі тэматычных зборнікаў публікацый А. М. Мартынава. Адзін з іх - зборнік артыкулаў «Летапісец кобрынскага музея». Кобрынскі музей у той цяжкі пасляваенны час (1946 г.) быў адзіным музеем у Брэсцкай вобласці. Гэта сапраўды мартынаўскае дзецішча. Дзякуючы яго дзейнасці музей стаў прывабным турыстычным аб'ектам міжнароднага значэння, на працягу многіх дзесяцігоддзяў лічыцца візітнай карткай не толькі горада Кобрына, але і ўсёй Беларусі. Аляксей Міхайлавіч 32 гады працаваў дырэктарам музея, непасрэдна ім сабрана большасць экспанатаў з многіх музеяў былога Савецкага Саюза. Зборнік уключае артыкулы А. М. Мартынава, прысвечаныя кобрынскаму музею, з газет і часопісаў розных гадоў выдання.

Аб падзеях Вялікай Айчыннай на Кобрыншчыне напісана нямала. Але найбольш дасканалыя, падрабязныя матэрыялы, у якіх выкарыстаны асабістыя ўспаміны, сведчанні іншых землякоў, архіўныя дадзеныя, змешчаны ў артыкулах Аляксея Мартынава. Ён перажыў дзве сусветныя вайны, у гады Вялікай Айчыннай быў звязаны з партызанамі атрада імя Чапаева, затым мабілізаваны ў Чырвоную армію. Да 30-годдзя вызвалення Беларусі па ініцыятыве А. М. Мартынава і пры яго непасрэдным удзеле былі ўстаноўлены 24 абеліскі з мемарыяльнымі дошкамі, прысвечанымі падзеям Вялікай Айчыннай. Работы А. М. Мартынава пра вайну заслугоўваюць асаблівай увагі. У яго ёсць шэраг артыкулаў, прысвечаных пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 1122 дням акупацыі Кобрынскага раёна, трагічнаму лёсу спаленых вёсак і кобрынскага яўрэйства, баявым дзеянням партызан і ўсенароднай барацьбе з гітлераўцамі ў глыбокім тыле ворага, вызваленню Кобрына. Зборнік «Памяць сэрца: тэма Вялікай Айчыннай вайны ў публікацыях А. М. Мартынава» змяшчае артыкулы, якія былі надрукаваны ў раённай газеце «Камуністычная праца» («Кобрынскі веснік») у розныя гады. Зборнік асабліва актуальны ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Асобнай кніжкай пад назвай «Кобрынскія бібліятэкі» выдадзены ўспаміны А. М. Мартынава. Бібліятэкары ніколі не забываюць аб тым, што менавіта пад кіраўніцтвам Аляксея Міхайлавіча была арганізавана і адноўлена ў пасляваенны час гарадская бібліятэка. Мы, супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі, непасрэдныя сведкі таго, якую цікавасць выклікае асоба А. М. Мартынава ў маладога пакалення і многіх іншых людзей, як запатрабаваны яго публіцыстычныя працы. Ушаноўваючы памяць пра свайго паважанага калегу, зберагаем яго каштоўныя гістарычныя матэрыялы для нашчадкаў, даследуем іх. Дарэчы, сам Аляксей Міхайлавіч на працягу многіх дзесяцігоддзяў быў актыўным чытачом цэнтральнай бібліятэкі, неаднаразова ўдзельнічаў у бібліятэчных мерапрыемствах, быў ганаровым госцем на нашых юбілейных святах. Апошняя сустрэча бібліятэкараў са знакамітым калегам адбылася ў дзень 60-годдзя бібліятэкі.

У гісторыка-краязнаўчым цэнтры бібліятэкі сфарміравана папка інфармацыйна-бібліяграфічных выданняў на аснове публікацый А. М. Мартынава пад назвай «У адной фігуры – цэлая эпоха», аформлены фотаальбом «Фрагменты памяці, фрагменты жыцця…».

Да 115-годдзя з дня нараджэння А. М. Мартынава ў гісторыка-краязнаўчым цэнтры цэнтральнай раённай бібліятэкі пачала дзейнічаць юбілейная выстаўка-дасье «Асоба ў гісторыі малой радзімы».

Краязнавец з вялікай літары - такі тытул па праве носіць даследчык Кобрыншчыны А. М. Мартынаў, які пакінуў багатую спадчыну, глыбокі след у гісторыі горада і ў сэрцах кабрынчан. На такіх неабыякавых людзях, якія заўсёды знахозяцца ў пошуку, трымаецца наша зямля.

 

Святлана Курачук,

галоўны бібліёграф

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 

 

Яндекс.Метрика