Курачук, С. Асоба ў гісторыі малой радзімы ці Краязнаўца з вялікай літары / Святлана Курачук // Краязнаўчая газета. – 2019. – № 26 (763). – С. 3.
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

223

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Асоба ў гісторыі малой радзімы ці Краязнаўца з вялікай літары / Святлана Курачук // Краязнаўчая газета. – 2019. – № 26 (763). – С. 3.

У Кобрынскай цэнтральнай раеннай бібліятэцы сабраны шэраг матэрыялаў-даследаванняў на папяровых і электронных носьбітах пра А. М. Мартынава.

Асоба ў гісторыі малой радзімы ці Краязнаўца з вялікай літары

Да 115-годдзя з дня нараджэння Аляксея Мартынава

Да 80-годдзя з дня заснавання Кобрынскай

цэнтральнай раённай бібліятэкі

 

2019 год – юбілейны для Аляксея Міхайлавіча Мартынава, краязнаўцы, гісторыка, публіцыста, грамадскага дзеяча, ганаровага грамадзяніна горада Кобрына. Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка, першым загадчыкам якой быў А. М. Мартынаў, таксама ў бягучым годзе адзначае юбілей – 80 гадоў з дня заснавання бібліятэкі. Гэтыя дзве падзеі і сталі нагодай для артыкула.

У шматлікіх гарадах і сёлах нашай Беларусі заўсёды былі, ёсць і, безумоўна, будуць людзі, бязмежна ўлюбёныя ў свой родны край. Яны скрупулёзна вывучаюць і захоўваюць гісторыю малой радзімы, выяўляюць новыя духоўныя і матэрыяльныя помнікі культуры свайго рэгіёна. Менавіта такім чалавекам - краязнаўцам з вялікай літары, сапраўдным патрыётам быў Аляксей Мартынаў. У бібліятэцы сабраны шэраг матэрыялаў-даследаванняў на папяровых і электронных носьбітах пра гэтага ўнікальнага чалавека.

Створана электронная паўнатэкставая база дадзеных «Асоба ў гісторыі Кобрыншчыны. А. М. Мартынаў», якая ўключае яго работы, літаратуру аб яго жыцці і дзейнасці, фонд фотаздымкаў, бібліяграфічныя выданні цэнтральнай бібліятэкі. Алічбавана звыш 200 артыкулаў з перыёдыкі, раздзелаў кніг. База падтрымліваецца ў актуальным стане, своечасова папаўняецца новымі публікацыямі.

Бібліёграфамі бібліятэкі выдадзены шэраг бібліяграфічных выданняў. Сярод іх - біябібліяграфічны паказальнік «Краязнавец з Вялікай літары», прысвечаны жыццю і дзейнасці А. Мартынава. Ен змяшчае біяграфічныя звесткі, а таксама бібліяграфічныя матэрыялы (працы А. М. Мартынава па тэмах, літаратуру аб яго жыцці і дзейнасці).

Немагчыма ўявіць наш горад без устаноў, якія з’явіліся пры непасрэдным удзеле і намаганнях А. Мартынава. Гэта гарадская бібліятэка, арганізаваная пад кіраўніцтвам Аляксея Міхайлавіча ў 1939 г. і адноўленая пасля вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; вузел сувязі, у станаўленні якога ен прымаў самы актыўны ўдзел. У 1960 г. ён арганізаваў раённае аддзяленне таварыства аховы прыроды, помнікаў гісторыі і культуры. Але, безумоўна, самым значным дасягненнем нашага земляка было стварэнне ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, які стаў справай усяго яго жыцця.

Біябібліяграфічны даведнік «Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю» прысвечаны людзям, якія ўпісалі яркую старонку ў гісторыю нашага горада, раёна і якія былі ўзнагароджаны званнем «Ганаровы грамадзянін». За шматгадовы ўдзел у культурна-асветніцкай рабоце, вялікі ўклад у вывучэнне і прапаганду гістарычнай спадчыны Кобрыншчыны, актыўную жыццёвую пазіцыю і ў сувязі з 710-годдзем горада Кобрына А. Мартынаў у 1997 г. удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына». Заслугі А. Мартынава высока ацэнены. За актыўную краязнаўчую работу ен узнагароджаны медалём імя Н. К. Крупскай, мноствам грамат, імяннымі падарункамі. На доме, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка. Імем А. Мартынава названа адна з новых вуліц горада.

У 2014 годзе грамадскасць Кобрыншчыны адзначыла 110-годдзе з дня нараджэння А. Мартынава. У Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава адбылося святочнае мерапрыемства «У нагу з ХХ стагоддзем», прысвечанае гэтай даце. На базе СШ № 1 г. Кобрын адбылася важная падзея для краязнаўцаў Кобрыншчыны - раённыя краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя знакамітаму земляку. Аляксей Міхайлавіч і яго сям’я ў свой час мелі самае прамое дачыненне да гэтай установы: тут у свой час працаваў яго бацька, тут вучыўся ён сам і яго будучая жонка. Менавіта гэтым падзеям прысвечаны Каляндар урачыстасцяў «Краязнаўцу і гісторыку прысвячаецца».

Кобрынская зямля багата на таленавітых людзей, якія даследуюць, запісваюць і захоўваюць для будучых пакаленняў сотні і тысячы імёнаў, значныя гістарычныя факты, услаўляюць, любяць свой край, сваю малую радзіму. Нарыс «Каб не абарвалася нітка памяці…» прысвечаны менавіта такім апантаным краязнаўцам Кобрыншчыны. І, безумоўна, першыя старонкі нарыса прысвечаны асобе А. Мартынава.

Шматгадовая карпатлівая праца ў архівах, уласныя назіранні, зносіны са старажыламі, шырокія веды ў вобласці лінгвістыкі зрабілі вынікі яго краязнаўчых даследаванняў цікавымі, спазнаваўчымі і карыснымі. Пяру А. Мартынава былі падуладны ўсе тэмы гісторыі Кобрыншчыны, пачынаючы з падзеяў першых летапісаў і заканчваючы рэаліямі сучаснага жыцця. Яго публікацыі ў друку гістарычна аргументаваныя, заснаваныя на пэўных крыніцах, і ў гэтым іх вялікая каштоўнасць. Невыпадкова гэтыя матэрыялы сталі першакрыніцамі па вывучэнні і асэнсаванні мінулага роднага краю, па іх сучаснікі адкрываюць для сябе гісторыю нашага горада, вучацца любіць і паважаць сваю малую радзіму.

На жаль, да 115–гадовага юбілею А. Мартынава так і не атрымалася выданне асобнай кнігай літаратурных і публіцыстычных твораў нашага таленавітага земляка. Працы А. Мартынава запатрабаваныя, і неабходнасць у гэтым выданні існуе, бо такі зборнік уяўляе цікавасць як дапаможнік па краязнаўстве.

Пра падзеяі Вялікай Айчыннай на Кобрыншчыне напісана нямала. Але найбольш дасканалыя, падрабязныя матэрыялы, у якіх выкарыстаны асабістыя ўспаміны, сведчанні іншых землякоў, архіўныя дадзеныя, змешчаны ў артыкулах А. Мартынава. Ён перажыў дзве сусветныя вайны, у гады Вялікай Айчыннай быў звязаны з партызанамі атрада імя В. І. Чапаева, затым мабілізаваны ў Чырвоную армію. Да 30-годдзя вызвалення Беларусі па ініцыятыве А. Мартынава і пры яго непасрэдным удзеле былі ўстаноўлены 24 абеліскі з мемарыяльнымі дошкамі. Працы А. Мартынава пра вайну заслугоўваюць асаблівай увагі. У яго ёсць шэраг артыкулаў, прысвечаных пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 1122 дням акупацыі Кобрынскага раёна, трагічнаму лёсу спаленых вёсак і кобрынскага яўрэйства, баявым дзеянням партызан і ўсенароднай барацьбе з гітлераўцамі ў глыбокім тыле ворага, вызваленню Кобрына. Зборнік «Памяць сэрца: тэма Вялікай Айчыннай вайны ў публікацыях А. М. Мартынава» змяшчае артыкулы, што былі надрукаваны ў раённай газеце «Камуністычная праца» («Кобрынскі веснік») у розныя гады. Зборнік асабліва актуальны ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Асобнай кніжкай пад назвай «Кобрынскія бібліятэкі» выдадзены ўспаміны А. М. Мартынава. Бібліятэкары ніколі не забываюць аб тым, што менавіта пад кіраўніцтвам Аляксея Міхайлавіча была арганізаваная і адноўленая ў пасляваенны час гарадская бібліятэка. Мы, супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі, непасрэдныя сведкі таго, якую цікавасць выклікае асоба А. М. Мартынава ў маладога пакалення і многіх іншых людзей, як запатрабаваныя яго публіцыстычныя працы. Ушаноўваючы памяць пра свайго паважанага калегу, зберагаем яго каштоўныя гістарычныя матэрыялы для нашчадкаў, даследуем іх. Дарэчы, сам Аляксей Міхайлавіч на працягу многіх дзесяцігоддзяў быў актыўным чытачом нашай бібліятэкі, неаднаразова ўдзельнічаў у бібліятэчных мерапрыемствах, быў ганаровым госцем на нашых юбілейных святах. Апошняя сустрэча бібліятэкараў са знакамітым калегам адбылася ў дзень 60-годдзя бібліятэкі.

У гісторыка-краязнаўчым цэнтры бібліятэкі сфарміраваная папка інфармацыйна-бібліяграфічных выданняў на аснове публікацый А. Мартынава пад назвай «У адной фігуры – цэлая эпоха», аформлены фотаальбом «Фрагменты памяці, фрагменты жыцця…».

Да 115-годдзя з дня нараджэння А. М. Мартынава ў гісторыка-краязнаўчым цэнтры цэнтральнай раённай бібліятэкі пачала дзейнічаць юбілейная выстаўка-дасье «Асоба ў гісторыі малой радзімы».

Краязнавец з вялікай літары - такі тытул па праве носіць даследчык Кобрыншчыны А. Мартынаў, які пакінуў багатую спадчыну, глыбокі след у гісторыі горада і ў сэрцах кабрынчанаў. На такіх неабыякавых людзях, якія заўсёды знахозяцца ў пошуку, трымаецца наша зямля. Пажадаем жа, каб і наступныя пакаленні любілі і вывучалі наш край, як А. Мартынаў.

 

Святлана Курачук,

галоўны бібліёграф

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Яндекс.Метрика