Малой радзімы частка біяграфіі
Малой радзімы частка біяграфіі : інфармацыйна-бібліяграфічны нарыс да 80-годдзя з часу ўтварэння Кобрынскага раёна як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў Брэсцкай вобласці / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. Святлана Курачук. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2020. - 40 с.
15 студзеня 1940 года – дата, ад якой Кобрынскі раён вядзе свой адлік як адміністрацыйная адзінка Брэсцкай вобласці. Наш раён - адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.
Інфармацыйна-бібліяграфічны нарыс «Малой радзімы частка біяграфіі» ўключае некалькі раздзелаў. Адзін з іх - «Кобрынскі раён: факты, падзеі, людзі» - апавядае пра геаграфічнае становішча, кліматычныя ўмовы, біярэсурсы раёна, а таксама аб эканамічным, турыстычным патэнцыяле нашага краю. Кобрыншчына - край унікальны, з багатымі гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, з непаўторнай на падзеі гісторыяй. Найбольш старонак выдання прысвечана гісторыі Кобрынскага раёна, пачынаючы з 15 студзеня 1940 года. Гэтым днём датаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб стварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР». У Брэсцкай вобласці сярод іншых былі створаны Антопальскі, Дзівінскі і Кобрынскі раёны, у склад якіх увайшла тэрыторыя сучаснага Кобрынскага раёна.
Гісторыя кожнага рэгіёна захоўвае імёны тых, хто пакінуў пра сябе добрую памяць, чыё жыццё было адданае служэнню айчыне, людзям і справе. Мы ганарымся нашымі знакамітымі землякамі.
Датай афіцыйнага юбілею – 80-годдзя з дня заснавання Кобрынскага раёна ў складзе Брэсцкай вобласці – з’яўляецца 15 студзеня 1940 года. Але, безумоўна, гісторыя станаўлення раёна, развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры Кобрыншчыны, непарыўна звязаная з гісторыяй усёй нашай краіны, пачынаецца значна раней. Раздзел «Кобрынскі раён: хроніка гісторыі ў датах» прадстаўляе асноўныя даты гісторыі Кобрыншчыны з глыбіні стагоддзяў да нашых дзён.
Выданне прадстаўляе спіс крыніц (каля 100 бібліяграфічных запісаў) з кніг, энцыклапедычных выданняў, уключае артыкулы з перыядычных выданняў, пачынаючы з 1967 года; ёсць спасылкі на найбольш стабільныя інтэрнэт-рэсурсы іншых сайтаў.