Малой радзімы частка біяграфіі
Курачук, С. Малой радзімы частка біяграфіі / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2020. – 22 студзеня. - С. 5 : фат.
У рамках Года малой радзімы напярэдадні 80-годдзя Кобрынскага раёна бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтаваны і выдадзены інфармацыйна-бібліяграфічны нарыс «Малой радзімы частка біяграфіі».
Малой радзімы частка біяграфіі
У рамках Года малой радзімы напярэдадні 80-годдзя Кобрынскага раёна бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтаваны і выдадзены інфармацыйна-бібліяграфічны нарыс «Малой радзімы частка біяграфіі».
Малая радзіма ў падзеях і асобах. Інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік «Малой радзімы частка біяграфіі» дае магчымасць у кароткім, лаканічным выкладзе ўспомніць 80-гадовы гістарычны шлях Кобрынскага раёна. Структура выдання ўключае некалькі раздзелаў, адзін з якіх - «Кобрынскі раён: факты, падзеі, людзі» - дае звесткі пра геаграфічнае становішча, кліматычныя ўмовы, біярэсурсы раёна, а таксама аб эканамічным, турыстычным патэнцыяле нашага краю. Кобрыншчына - край унікальны, з багатымі гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, з непаўторнай на падзеі гісторыяй.Шмат старонак выдання прысвечана гісторыі раёна, пачынаючы з 15 студзеня 1940 года. Гэтым днём датаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб стварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР», паводле якога былі скасаваны паветы і ўсталявана новае адміністрацыйнае дзяленне на раёны. У Брэсцкай вобласці сярод іншых былі створаны Антопальскі, Дзівінскі і Кобрынскі раёны, у склад якіх увайшла тэрыторыя сучаснага Кобрынскага раёна.
Юбілей раёна супаў з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вайна пакінула свой жорсткі адбітак у гісторыі нашага краю. Ніколі не сатруцца з памяці цяжкія гады вайны і ніколі не будуць забыты тыя, хто аддаў сваё жыццё за радзіму. Цяжкі, гераічны перыяд Вялікай Айчыннай у гісторыі раёна таксама знайшоў адлюстраванне ў выданні.
Малая радзіма вялікіх людзей. Гісторыя кожнага рэгіёна захоўвае імёны тых, хто пакінуў пра сябе добрую памяць, чыё жыццё было адданае служэнню айчыне, людзям і справе. Безумоўна, галоўнае багацце нашага раёна - гэта людзі - добрыя, працавітыя, таленавітыя. Мы ганарымся знакамітымі землякамі, якія сваёй працай, талентам заслужылі гонар і памяць нашчадкаў: ваенным дзеячам, генерал-лейтэнантам, ураджэнцам в. Мацы М. А. Антанюком; доктарам навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук, заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь, ураджэнцам в. Дзявяткі М. І. Дземчуком; філосафам, прафесарам, членам-карэспандэнта АН СССР, ураджэнцам в. Завужоўе М. Т. Іаўчуком; доктарам філалагічных навук, прафесарам, лінгвістам, педагогам, журналістам, ураджэнцам в. Хадынічы В. І. Іўчанкавым; Героем Савецкага Саюза, Ганаровым грамадзянінам горада Кобрына, ураджэнцам г. Кобрына У. М. Кірмановічам; краязнаўцам, гісторыкам, публіцыстам, Ганаровым грамадзянінам горада Кобрына, ураджэнцам г. Кобрына А. М. Мартынавым; беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам, перакладчыкам, прафесарам, ураджэнцам в. Лышчыкі І. А. Чаротам і многімі іншымі.
З глыбіні стагоддзяў да нашых дзён. Датай афіцыйнага юбілею – 80-годдзя з дня заснавання Кобрынскага раёна ў складзе Брэсцкай вобласці – з’яўляецца 15 студзеня 1940 года. Але, безумоўна, гісторыя станаўлення раёна, развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры Кобрыншчыны, звязаная з гісторыяй усёй нашай краіны, пачынаецца значна раней. Раздзел «Кобрынскі раён: хроніка гісторыі ў датах» прадстаўляе асноўныя даты гісторыі Кобрыншчыны з глыбіні стагоддзяў да нашых дзён.
Выданне змяшчае спіс крыніц (каля 100 бібліяграфічных запісаў) з кніг, энцыклапедычных выданняў, уключае артыкулы з перыядычных выданняў, пачынаючы з 1967 года; ёсць спасылкі на найбольш стабільныя інтэрнэт-рэсурсы іншых сайтаў.
Пазнаёміцца з выданнем, прысвечаным 80-годдзю Кобрынскага раёна, дапаможа зварот на афіцыйны сайт Кобрынскай РЦБС (рубрыка «Краязнаўства») і ў гісторыка-краязнаўчы цэнтр бібліятэкі.
Святлана КУРАЧУК,
галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі