Па працы - пашана
Па працы - пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2020. - 165 с. : фат. – (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).
Зберажэнне гістарычнай памяці, веданне сваёй духоўнай спадчыны вяртаюць нас да памяці аб тых, хто праславіў родную зямлю сваімі справамі, сваёй добрасумленнай працай. Іх жыццёвы шлях, адданасць справе выклікаюць бясконцую павагу і заслугоўваюць асаблівай падзякі землякоў. Лёсы іх розныя, не падобныя адзін на аднаго, але іх аб'ядноўвае вынік дзейнасці на карысць развіцця нашай малой радзімы.
Біябібліяграфічны даведнік «Па працы і пашана» з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» прысвечаны асобам, якія ўдастоены высокага звання «Герой Сацыялістычнай Працы», узнагароджаны дзяржаўнымі працоўнымі ўзнагародамі, удастоены звання «Заслужаны работнік» у розных галінах дзейнасці. Можна сказаць, што ў нейкім сэнсе даведнік - гэта кніга працоўнай славы нашых землякоў.
Матэрыял выдання згрупаваны ў наступныя раздзелы: Героі Сацыялістычнай Працы; Ардэнаносцы; Заслужаныя работнікі Беларускай ССР, Рэспублікі Беларусь; Заслужаныя работнікі-землякі іншых дзяржаў; Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі; Даведачна-дапаможны апарат.
Артыкулы ў кожным раздзеле размешчаны ў алфавіце прозвішчаў асоб. Біяграфічныя даведкі напісаны на аснове фонду Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, архіўных дакументаў, аўтабіяграфій, успамінаў і іншых крыніц. Тэкст дапоўнены фотапартрэтамі. Размяшчэнне бібліяграфічных запісаў унутры раздзелаў - алфавітнае (для кніг, артыкулаў з даведачных выданняў, зборнікаў); храналагічнае (для газетных і часопісных артыкулаў), у межах года - у зваротнай храналогіі публікацый. Прадстаўлены бібліяграфічныя выданні цэнтральнай раённай бібліятэкі, найбольш значныя электронныя рэсурсы. Адбор крыніц завершаны ў студзені 2020 года.
Даведачна-дапаможны апарат выдання ўключае імянны, геаграфічны паказальнікі; алфавітны спіс перыядычных выданняў, матэрыялы з якіх уключаны ў выданне.
Біябібліяграфічны даведнік уключае звесткі пра 362 землякоў, узнагароджаных дзяржаўнымі працоўнымі ўзнагародамі, удастоеных звання «Заслужаны работнік» у многіх прафесіях. Прызначаны шырокаму колу карыстальнікаў: настаўнікам, студэнтам, навучэнцам, бібліятэкарам, краязнаўцам, экскурсаводам, наогул усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, дасягненнямі людзей, якія ўнеслі асабісты ўклад у развіццё нашай малой радзімы. Асаблівую актуальнасць даведніку надае той факт, што ён выдадзены ў Год малой радзімы ў Беларусі.