САЛЕА-Кобрын
03.03.2020 16:22
У межах Года малой радзімы да 80-годдзя з часу заснавання ААТ «САЛЕА-Кобрын» бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі выдадзены бібліяграфічны паказальнік ««САЛЕА-Кобрын»: стаўка на экспарт і мадэрнізацыю» з серыі «З гісторыі прадпрыемстваў Кобрына».
2020 год стаў юбілейным для аднаго са старэйшых прадпрыемстваў нашага горада і раёна, буйнейшага прадпрыемства регіёна ў галіне машынабудавання, якое змагло за апошнія гады выйсці на якасна новы ўзровень сваёй дзейнасці. Ветэран прамысловасці Кобрыншчыны «САЛЕА-Кобрын» (Кобрынскі рамонтны завод, ААТ «Гідрамаш») адлік сваёй біяграфіі вядзе ад маленькіх майстэрняў па рамонце машын і сельскагаспадарчай тэхнікі, створаных 11 лютага 1940 года. Сёння гэта сучаснае прадпрыемства - адно з вядучых аб’ектаў прамысловай інфраструктуры Кобрына, якое займае трывалыя пазіцыі на рынку збыту і будуе грандыёзныя планы.
Бібліяграфічны паказальнік мае наступную структуру:
Ад складальніка;
Гісторыка-эканамічны нарыс:
Вытокі: ад майстэрні да завода
Дзень сённяшні: новы профіль завода
Каманда, накіраваная на вынік;
Спіс крыніц;
Спіс перыядычных выданняў, матэрыялы з якіх уключаны ў паказальнік.
Выданне прадстаўляе каля 200 крыніц. Уключае артыкулы з перыядычных выданняў, пачынаючы з 1964 года. Творы друку згрупаваны па відах: кнігі, брашуры, главы, раздзелы з кніг, энцыклапедычныя артыкулы; часопісныя і газетныя артыкулы; найбольш стабільныя электронныя рэсурсы. Кнігі размешчаны ў алфавіце аўтараў, назваў кніг, артыкулы – па гадах у зваротнай храналогіі, унутры года – у алфавіце аўтараў, загалоўкаў. Для раскрыцця зместу пры неабходнасці да запісаў даюцца кароткія даведачныя анатацыі. Даведачны апарат прадстаўлены алфавітным спісам перыядычных выданняў, матэрыялы з якіх уключаны ў паказальнік.
Выдадзены ў Год малой радзімы, паказальнік адрасаваны ўсім, хто займаецца вывучэннем роднага краю, цікавіцца яго гісторыяй, эканомікай, культурай.