РОЛЯ БІБЛІЯТЭКІ Ў ФАРМІРАВАННІ І ПРАСОЎВАННІ КРАЯЗНАЎЧЫХ ІНФАРМАЦЫЙНЫХ РЭСУРСАЎ
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

223

PDF Печать E-mail

 

Курачук, С. Д. Роля бібліятэкі ў фарміраванні і прасоўванні краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў / С. Д. Курачук // Бібліяпанарама / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага, аддзел бібліятэказнаўства. – Мінск, 2019. – Вып. 22. - С. 65-71.

 

 

РОЛЯ БІБЛІЯТЭКІ Ў ФАРМІРАВАННІ І ПРАСОЎВАННІ

КРАЯЗНАЎЧЫХ ІНФАРМАЦЫЙНЫХ РЭСУРСАЎ

 

С. Д. КУРАЧУК,

галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання

і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі

УК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная

бібліятэчная сістэма»

 

 

Цікавасць да пазнання сваёй малой радзімы, вывучэнне мясцовасці ў гістарычным, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці - тэндэнцыя сучаснасці. Цяперашні час характарызуецца ўсплескам краязнаўства, якое перажывае працэс пошуку новых форм, дазваляе найбольш эфектыўна рэалізоўваць задачы краязнаўчай дзейнасці ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. У адпаведнасці з павевамі часу фарміраванне краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў (далей – КІР) прызначана забяспечыць запатрабаванасць бібліятэкі ў інфармацыйнай прасторы свайго рэгіёна, выкарыстоўваючы традыцыйныя і ўкараняючы новыя тэхналогіі.

Краязнаўства заўсёды з'яўлялася адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Абвяшчэнне ў Беларусі Года малой радзімы (2018-2020 гг.) надае новы імпульс дзейнасці ў гэтым напрамку. Перад бібліятэкай стаяць дзве ўзаемазвязаныя мэты. Першая - забяспечыць карыстальнікаў краязнаўчай інфармацыяй, якая магла б найбольш поўна задаволіць іх патрэбнасці; другая - распаўсюджванне інфармацыі аб краязнаўчых і мясцовых дакументах сярод насельніцтва, рэкламаванне краязнаўчых збораў і інфармацыйных магчымасцей бібліятэкі. Есць яшчэ і камерцыйная мэта - павялічыць збыт уласных інфармацыйна-бібліяграфічных прадуктаў, атрымаць прыбытак ад іх рэалізацыі. Безумоўна, для бібліятэкі прыярытэтнымі з'яўляюцца першыя дзве, але ж у рынкавых умовах, у сувязі з пашырэннем асартыменту платных паслуг бібліятэка не адмаўляцца і ад пастаноўкі гэтай мэты.

Краязнаўчыя рэсурсы змяшчаюць велізарны патэнцыял, з’яўляюцца інфармацыйнай асновай навуковай, вытворчай, адукацыйнай дзейнасці, так ці інакш злучанай з краем; дазваляюць захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне багатую культурную спадчыну рэгіёнаў. Бібліятэка з’яўляецца не толькі захавальнікам назапашаных краязнаўчых дакументаў, але і іх стваральнікам. У мэтах забеспячэння аператыўнага доступу карыстальнікаў да інфармацыі, шматаспектнага раскрыцця фондаў бібліятэка стварае ўласныя краязнаўчыя электронныя рэсурсы. Трэба адзначыць, што сёння назіраецца актыўнае спажыванне як друкаваных, так і электронных рэсурсаў, якія паралельна існуюць і ўзаемадапаўняюць адзін аднаго.

Захоўваюць свае значэнне карткавыя і друкаваныя формы КІР. У бібліятэцы сфарміраваны і сістэматычна папаўняецца краязнаўчы дакументны фонд, які ўключае такія рэсурсы, як:

краязнаўчая картачная картатэка;

краязнаўчы кніжны фонд;

фонд даведачных і бібліяграфічных выданняў;

фонд папак газетна-часопісных артыкулаў, папак-дасье;

фонд архіўных матэрыялаў;

рукапісныя матэрыялы краязнаўцаў;

фонд карт, плакатаў, схем горада і раёна;

фонд альбомаў, адкрытак, фотаздымкаў;

фонд краязнаўчых бібліяграфічных паказальнікаў, падрыхтаваных і выдадзеных цэнтральнай бібліятэкай.

Адметнасцю краязнаўчай картатэкі з’яўляецца шырокае адлюстраванне матэрыялаў з мясцовай перыёдыкі і іншых рэгіянальных выданняў. Паўната адлюстравання дакументаў у картатэцы дасягаецца сістэматычнай работай па іх выяўленні з бягучых паступленняў, шляхам прагляду крыніц за мінулыя гады. Каб пашырыць інфарматыўнасць краязнаўчай картатэкі, некаторыя яе раздзелы дапаўняюцца фактаграфічнымі падраздзеламі, што дае магчымасць стварыць своеасаблівы банк краязнаўчай інфармацыі. Напрыклад, кароткія фактаграфічныя звесткі адзначаны на картках аб вядомых людзях краю, установах на тэрыторыі горада і раёна, памятных мясцінах, помніках і г. д. Картачная краязнаўчая картатэка вядзецца ў нашай бібліятэцы з 1970 г. і змяшчае больш за 45 тыс. картак (ёсць карткі з крыніцамі за 1948 г.). Сёння картачная картатэка захоўвае сваё значэнне ў якасці сродку доступу да краязнаўчых рэсурсаў, складання спісаў бібліяграфічных крыніц за мінулыя гады.

Багаты фактаграфічны матэрыял прадстаўлены ў папках газетна-часопісных артыкулаў, тэматычных папках, папках-дасье. Тэматыка іх самая разнастайная, але ўсе яны складзены на мясцовым матэрыяле, утрымоўваюць значны інфармацыйны патэнцыял па пытаннях гісторыі, эканомікі, экалогіі, грамадскага, літаратурнага, культурнага жыцця горада і раёна і папаўняюцца па меры пошуку матэрыялаў. Дарэчы, колькасць краязнаўчых папак складае больш за 80, і, нягледзячы на электронныя рэсурсы, яны актуальныя і запатрабаваныя.

Карты, плакаты, схемы горада і раёна, фотаздымкі – гэты рэсурс шырока выкарыстоўваецца пры афармленні выстаў, адкрытых праглядаў літаратуры, падрыхтоўцы выдавецкай прадукцыі. Вялікая ўвага заўсёды надавалася пошуку, апрацоўцы разнастайнага ілюстрацыйнага матэрыялу, у т. л. унікальных даваенных фотаздымкаў, у выніку сфарміравана вялікая папка «Фотаархіў».

Краязнаўчая выдавецкая прадукцыя Кобрынскай ЦРБ добра вядома і набыла папулярнасць сярод карыстальнікаў бібліятэкі, жыхароў горада і раёна. У бібліятэцы актыўна вядзецца работа па стварэнні краязнаўчых бібліяграфічных паказальнікаў, закліканых арыентаваць у краязнаўчай інфармацыі і садзейнічаць стварэнню дакументнага інфармацыйнага банка даных пра край. У цэлым, уся краязнаўчая выдавецкая дзейнасць бібліятэкі накіравана на стварэнне станоўчага іміджу, павышэнне рэйтынгу бібліятэчных паслуг і адрасуюцца ўсім, хто цікавіцца мінулым і сённяшнім днём роднага краю ці выкарыстоўвае краязнаўчыя звесткі ў прафесійнай дзейнасці. Паказальнікі не прэтэндуюць на паўнату, але імкнуцца даць максімум інфармацыі, а іх электронныя варыянты забяспечваюць магчымасць раздрукоўкі па запытах карыстальнікаў. Мы прапануем буклеты, календары, дайджэсты, інфармацыйна-краязнаўчыя нарысы, біябліяграфічныя паказальнікі, рэкамендацыйныя спісы, даведнікі, летапісы, інфармацыйныя бюлетэні і інш. Ёсць серыйныя выданні: «Па весках нашага краю», «Ведай і любі свой горад», «Імёны на карце Кобрыншчыны», «Па старонках календара нашай памяці», «З гісторыі прадпрыемстваў горада». Выдадзены шэраг біябібліяграфічных выданняў, прысвечаных вядомым ураджэнцам Кобрыншчыны. Традыцыйна на працягу многіх гадоў выдаюцца бягучы бібліяграфічны паказальнік «Новая літаратура аб Кобрыне і Кобрынскім раёне за…год» (з 1991 г.); краязнаўча-бібліяграфічны каляндар «Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны на…год» (з 2010 г.). Ёсць выданні, падрыхтоўка якіх, улічваючы аб’ём і абмежаваную колькасць укладальнікаў, патрабавала і часу, і прагляду мноства крыніц. Сярод іх: біябібліяграфічныя даведнікі «Людзі навукі нашага краю», «Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю» з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны»; турыстычна-бібліяграфічны даведнік «Захавальнікі гісторыі роднага краю», які дае інфармацыю пра розныя аспекты мінулага і сучаснага выдатных мясцін, помнікаў, славутасцей горада Кобрына і Кобрынскага раёна; даведнік-тур «Імёны тваіх вуліц, горад Кобрын», які змяшчае цікавую і карысную інфармацыю пра назвы вуліц горада ў мінулым і сучасным; інфармацыйна-пазнавальны даведнік «Зяленая жамчужына горада», прысвечаны кобрынскаму парку, і інш.

На жаль, сучаснае эканамічнае становішча бібліятэкі не дазваляе забяспечыць дастатковае тыражыраванне і высокі паліграфічны ўзровень выданняў. Але мы не плануем адмаўляцца ад падрыхтоўкі паказальнікаў у друкаваным выглядзе. Выданне краязнаўчых бібліяграфічных дапаможнікаў дазваляе рэкламаваць магчымасці бібліятэкі, выкарыстоўваць іх пры арганізацыі выстаў, адкрытых праглядаў літаратуры, асабліва выяздных выстаў-панарам. Краязнаўчая прадукцыя бібліятэкі карыстаецца вялікім попытам у настаўнікаў, студэнтаў, вучняў, экскурсаводаў, краязнаўцаў, а таксама віртуальных наведвальнікаў.

Вынікам уплыву рыначных эканамічных умоў, інфармацыйных тэхналогій на краязнаўчую дзейнасць бібліятэк стала стварэнне электронных краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў. Спажыўцу ў наш час патрэбна не толькі паўната інфармацыі, але і аператыўнасць яе атрымання. Аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў дала прынцыпова новыя магчымасці як у выкарыстанні картачных каталогаў, картатэк і стварэнні іх аналагаў у электроннай форме, так і ў фарміраванні новых інфармацыйных рэсурсаў. Выкарыстанне ў дзейнасці бібліятэкі электронных рэсурсаў дазволіла зрабіць краязнаўчую інфармацыю больш аператыўнай, адкрытай, даступнай і прывабнай.

Бібліятэка мае наступныя электронныя рэсурсы:

электронны краязнаўчы каталог;

краязнаўчы блок на сайце ЦБС, які ўключае:

звесткі пра краязнаўчую дзейнасць і рэсурсы бібліятэкі,

электронны фонд паўнатэкставых дакументаў, баз даных,

электронныя версіі краязнаўчай выдавецкай прадукцыі цэнтральнай раеннай бібліятэцы,

электронныя версіі друкаваных сцэнарыяў краязнаўчых мерапрыемстваў цэнтральнай раеннай бібліятэцы,

фонд відэапрэзентацый, відэафільмаў краязнаўчай тэматыцы;

электронную версію кнігі «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна» і іншых кніг, цалкам прысвечаных Кобрыну, Кобрынскаму раену;

фонд радыёаглядаў «Бібліёграф у мікрафона»;

электронны краязнаўчы фотаархіў;

электронную версію раённай газеты «Кобрынскі веснік» у рэжыме PDF (з 2013 г.).

З 1999 года адкрыты электронны каталог (ЭК), які, па-першае, аб'яднаў магчымасці каталогаў і бібліяграфічных картатэк, а па-другое, забяспечыў шматаспектны пошук. Гэты інфармацыйны рэсурс сканцэнтраваны на галоўнай старонцы сайта. База «Краязнаўства» ўніверсальная па змесце, адлюстроўвае ўвесь масіў наяўнай краязнаўчай бібліяграфічнай інфармацыі, з'яўляецца найбольш поўнай крыніцай звестак па пытаннях вывучэння краю. Налічвае больш за 16 тыс. бібліяграфічных запісаў (на момант напісання артыкула), штогадовы прырост БД - звыш 1,5 тыс. запісаў, актуалізацыя інфармацыі штодзённая. Такім чынам, электронны каталог бібліятэкі - аснова для далейшага стварэння ўсіх краязнаўчых электронных рэсурсаў. На дадзены момант ідзе работа па падрыхтоўцы базы «Краязнаўства» да загрузкі ў Рэгіянальны зводны электронны каталог.

Найбольш значным інфармацыйна-камунікацыйным рэсурсам у віртуальным электронным асяроддзі становяцца інтэрнэт-сайты бібліятэк. З 2012 г. Кобрынская ЦБС мае сайт www.krcls.by і актыўна нарошчвае прысутнасць свайго інфармацыйнага патэнцыялу ў Інтэрнэце і ў сацыяльных сетках. Сайт служыць інструментам аператыўнага прасоўвання ведаў пра бібліятэку, яе рэсурсы і паслугі сярод розных катэгорый аддаленых карыстальнікаў. На сайце Кобрынскай РЦБС арганізаваны ўмовы работы з краязнаўчымі рэсурсамі. Штогод на сайце з'яўляюцца новыя раздзелы, рубрыкі краязнаўчай тэматыкі.

Зручным сродкам прадстаўлення тэматычных і іншых краязнаўчых матэрыялаў на сайце бібліятэкі сталі паўнатэкставыя рэсурсы, створаныя адмыслова для сайта. Гэта арыгінальныя комплексныя рэсурсы, дзе тэксты і бібліяграфія злучаны ў адзіны блок.

Цікавы прыклад комплекснага тэматычнага рэсурсу – рубрыка «У календары нашай памяці», прадстаўленая пашыранымі тэматычнымі даведкамі з бiблiяграфiчнымi спiсамi аб грамадска-палiтычных дзеячах, асобах культуры i мастацтва, якiя маюць дачыненне да Кобрына, Кобрынскага раёна месцам нараджэння альбо дзейнасцi. Таксама сабраны даведкi аб прадпрыемствах, установах i арганiзацыях, памятных мясцiнах, гiстарычных падзеях i з’явах Кобрыншчыны з даўніх часоў да сучаснасці. Гэты рэсурс сфарміраваны ў 2015 г., папаўняецца рэгулярна на падставе звестак «Календара дат і падзей Кобрыншчыны» за бягучы год і вельмі запатрабаваны аддаленнымі карыстальнікамі. У бягучым годзе прадстаўлена 16 тэматычных даведак з бiблiяграфiчнымi спiсамi.

На сучасным этапе ў мэтах захавання краязнаўчых дакументаў і забеспячэння даступнасці да іх актыўна ствараюцца і выкарыстоўваюцца краязнаўчыя паўнатэкставыя рэсурсы. На сённяшні час бібліёграфамі Кобрынскай ЦРБ складзены дзевяць уласных краязнаўчых рэсурсаў, агульная колькасць дакументаў у якіх складае каля 7 тыс. Сярод іх: «Хатыні вогненныя сёстры: трагедыя спаленых вёсак Кобрыншчыны»; «Кобрынскі край у гады Вялікай Айчыннай вайны»; «З любоўю да традыцый – з душою да людзей: Аграэкатурызм на Кобрыншчыне»; «Галоўная праваслаўная святыня Кобрына – Сабор Аляксандра Неўскага»; «Кобрынскі парк імя А. В. Суворава – унікальны куток горада»; «Людзі навукі нашага краю»; «Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю» і інш. Пералічаныя вышэй інфармацыйныя рэсурсы даюць магчымасць больш якасна задаволіць фактаграфічныя і тэматычныя запыты карыстальнікаў, яны актуалізаваны, сістэматычна і аператыўна дапаўняцца новымі матэрыяламі.

Распрацоўка бібліятэчных праектаў адкрывае новыя перспектывы. У рамках краязнаўчага турыстычна-бібліяграфічнага праекта «Помнікі, памятныя мясціны роднага краю» сабраны звесткі пра помнікі, памятныя мясціны, размешчаныя на тэрыторыі Кобрына і Кобрынскага раена. Рэсурс уключае багаты ілюстрацыйны матэрыял, відэаматэрыялы. Дарэчы, за распрацоўку і рэалізацыю гэтага праекта на XXV рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» К;обрынская ЦРБ атрымала другое месца ў намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы».

У межах краязнаўчага біябібліяграфічнага праекта «Славутыя імёны маёй малой радзімы плануецца стварыць рэсурс, у які ўвойдуць матэрыялы пра людзей, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі сваёй малой радзімы, праявілі сябе ў розных галінах навукі, культуры, мастацтва, грамадскай дзейнасці. Гэты рэсурс дае шырокай аўдыторыі карыстальнікаў магчымасць аператыўнага доступу да значнага масіву краязнаўчай інфармацыі пра вядомых землякоў, а нам, супрацоўнікам бібліятэкі, – задавальненне ад адкрыцця новых імен, ад карысных зносін, цесных сувязей з многімі героямі нашага праекта, іх сваякамі.

Унікальным краязнаўчым рэсурсам з'яўляюцца відэаматэрыялы на сайце. На сучасным этапе актуальна пытанне фарміравання і прасоўвання турыстычнага прадукту, пабудовы станоўчага іміджу свайго краю. Турыстычныя маршруты, віртуальныя падарожжы, краязнаўчыя экскурсіі, экспедыцыі, распрацаваныя бібліятэкай, прадстаўлены ў рубрыцы «Відэафільмы» краязнаўчага блока. Віртуальнае падарожжа «Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны: каштоўнасці рэспубліканскага значэння» аб'ядноўвае фактаграфічны, бібліяграфічны і візуальны матэрыял аб выдатных мясцінах, помніках нашага краю. Краязнаўчая віртуальная экскурсія «Там, дзе жыве вечнасць. Храмы Кобрына» апавядае пра дзесяць культавых устаноў горада розных канфесій. Экскурс-рэпартаж «Лёс галоўнага помніка горада» знаеміць з помнікам першай перамогі рускіх войскаў 1812 г. У шматлікіх людзей наш горад асацыіруецца з імем генералісімуса А. В. Суворава, з якім злучана гісторыя Кобрыншчыны, - аб гэтым гісторыка-турыстычны маршрут «Сувораўскія памятныя мясціны». Падзеям Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны маршрут краязнаўчай экспедыцыі «Трагічныя старонкі гісторыі: вогненныя вескі Кобрыншчыны», слайд-падарожжа «Помнікі Вялікай Айчыннай расказваюць». Абраны фармат - эфектыўная форма прыцягнення ўвагі як рэальных, так і віртуальных чытачоў. Відовішчная інфармацыя добра ўспрымаецца аўдыторыяй, павялічвае іх прыток.

Сканкопіі публікацый (найбольш цікавых, грунтоўных) з раённай газеты і іншых друкаваных крыніц таксама з’яўляюцца каштоўнымі краязнаўчымі дакументамі.

Да важных краязнаўчых рэсурсаў можна аднесці спасылкі на стабільныя інтэрнэт-рэсурсы іншых сайтаў, на якіх прадстаўлена краязнаўчая інфармацыя. Так, на сайце Кобрынскай РЦБС ёсць прамыя спасылкі на рэсурсы сайтаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, 17 цэнтральных бібліятэк Брэсцкай вобласці, Кобрынскага райвыканкама, раённай газеты «Кобрынскі веснік», Кобрынскага Палаца культуры, Кобрынскага музея імя А. В. Суворава, Кобрынскага парку імя А. В. Суворава, «Турыстычны Кобрын».

Такім чынам, выкарыстанне ў дзейнасці бібліятэкі сучасных інфармацыйных тэхналогій дазваляе развіваць і ўдасканальваць метады краязнаўчай працы, увасабляць краязнаўчыя рэсурсы ў новых формах. Каталогі, краязнаўчыя праекты, выданні, ствараемыя бібліятэкай, - унікальныя каштоўныя дакументы, якія з’яўляюцца нашай інтэлектуальнай уласнасцю. Менавіта яны найболей запатрабаваны на сайце бібліятэкі.

Ёсць правілы, якіх мы прытрымваемся пры фарміраванні краязнаўчых рэсурсаў. Першае і галоўнае з іх - прыярытэт беларускай мовы: усе паўнатэкставыя дакументы, краязнаўчыя бібліяграфічныя паказальнікі, іншыя матэрыялы рыхтуюцца і выдаюцца на беларускай мове. Другое правіла - традыцыйна асноўная частка краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў – гэта бібліяграфія: спісы крыніц уключаюць вялікую колькасць дакументаў за шматлікі перыяд. Трэцяе правіла – аператыўнасць, актуальнасць інфармацыі, бо патрэбнасць у абнаўленні - падцверджаны факт паводзін карыстальніка, якога прываблівае ўсё новае, актуальнае.

Папулярызацыя лакальнай гісторыі і далучэнне карыстальнікаў да комплекснай інфармацыі пра свой край, раскрыццё фонду краязнаўчых дакументаў і мясцовых выданняў ажыццяўляецца як традыцыйнымі, так і інавацыйнымі формамі і метадамі. Бібліятэкары вядуць планамерную і мэтанакіраваную работу па распаўсюджванні аб’ектыўных і дакладных ведаў аб сваёй тэрыторыі і рэгіёне, выкарыстоўваючы формы, разлічаныя на жыхароў горада і раена, аддаленых карыстальнікаў.

Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, супрацоўнікі бібліятэкі бяруць на ўзбраенне сучасныя метады PR-тэхналогій. Магутным сродкам прасоўвання да спажыўца КІР з'яўляецца бібліятэчна-бібліяграфічная рэклама, у функцыі якой уваходзяць інфармаванне пра краязнаўчыя рэсурсы бібліятэкі з мэтай прыцягнення да іх выкарыстання рэальных і патэнцыяльных спажыўцоў; стымуляванне, фарміраванне попыту на інфармацыйныя рэсурсы бібліятэкі; папулярызацыя новых бібліятэчна-бібліяграфічных прадуктаў.

Партнёрскія адносіны склаліся са сродкамі масавай інфармацыі горада: газетамі, радыё, тэлевізійным каналам. Актыўна выкарыстоўваем рэкламу ў мясцовым перыядычным друку. Краязнаўчая работа бібліятэкі знаходзіць шырокае адлюстраванне на старонках раённай газеты «Кобрынскі веснік», штотыднёвай рэгіянальнай газеты «Кобрин-Информ». Артыкулы журналістаў, супрацоўнікаў бібліятэкі заўседы актуальныя і атрымліваюць зваротную рэакцыю.

Ужываем і такія традыцыйныя спосабы, як афішы, аб'явы і інш., якія павялічваюць эфект прасоўвання.

Сёння бібліятэка актыўна асвойвае інтэрнет-рэкламу. Перавага - яе інтэрактыўнасць, высокая хуткасць распаўсюджвання інфармацыі, аператыўнасць. Са з'яўленнем інтэрнэт-тэхналогій адкрыліся новыя магчымасці для даследчай працы і каардынацыі дзейнасці па зборы, захаванні і прымнажэнні, вывучэнні і распаўсюджванні культурнага рэсурсу краю. Вэб-сайт бібліятэкі, электронная пошта з'яўляюцца папулярными і эфектыўными спосабамі нарошчвання трафіку (прыцягнення наведвальнікаў) сайта. Адбываецца рэгулярнае абнаўленне стужкі навін сайта, напаўненне раздзелаў паўнатэкставых рэсурсаў.

Актыўна супрацоўнічаем з распрацоўшчыкамі сайта «Туристический Кобрин», электроннага навінавага партала горада Кобрына (Kobrin City.by), на якіх праходзяць прэзентацыі нашых краязнаўчых рэсурсаў.

Дзейнасць бібліятэкі па фарміраванні і прасоўванні КІР заснавана на прынцыпах карпаратыўнасці. Партнёрскія адносіны з арганізацыямі і ўстановамі, якія займаюцца краязнаўчай работай і маюць краязнаўчыя фонды, усталяванне карпаратыўных сувязяў з раённымі бібліятэкамі суседніх рэгіёнаў, гістарычна злучаных з Кобрынскім раёнам, дазволілі весці працу па выяўленні і акумуляванні краязнаўчых рэсурсаў больш якасна. Новыя крыніцы краязнаўчай інфармацыі атрымліваем у выніку ўзаемавыгаднай працы з нашымі партнерамі, якімі на працягу доўгага часу з’яўляюцца: ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава; цэнтр дзіцячага турызму і краязнаўства Кобрынскага раёна; Дзяржаўны занальны архіў Кобрынскага раёна; бібліятэкі іншых ведамстваў, школ; аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага; краязнаўцы горада і раёна; мясцовыя літаратары; кіраўнікі школьных краязнаўчых музеяў горада, раёна.

Плённыя сувязі, якія спрыяюць стварэнню дакументнай базы кобрынскага краю, склаліся з вядомымі землякамі, іх сваякамі. Так, у рамках работы над праектам «Славутыя імёны маёй малой радзімы» завязаліся цесныя сувязі з землякамі-навукоўцамі, ганаровымі грамадзянамі Кобрына, Кобрынскага раёна, заслужанымі работнікамі. Карыснымі ў вывучэнні, папаўненні інфармацыі сталі непасрэдныя творчыя сустрэчы са знакамітымі землякамі. Як прыклад, вучоны-гісторык, картограф, пісьменнік, ураджэнец в. Літвінкі Кобрынскага раёна Л. Р. Казлоў неаднаразова быў госцем нашай бібліятэкі, падараваў мноства сваіх прац, цэнных матэрыялаў. Завязалася перапіска (працягваецца і сення) з вядомым беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам, перакладчыкам, прафесарам, аўтарам вялікай колькасці перакладаў, навуковых прац, ураджэнцам в. Лышчыкі Кобрынскага раёна І. А. Чаротам. І таксама краязнаўчы дакументны фонд папоўніўся новымі матэрыяламі.

Як бы добра ні была арганізавана работа па прасоўванні, у аснове поспеху ляжыць якасць самой прадукцыі - КІР. Таму супрацоўнікі бібліятэкі арыентуецца на вывучэнне інфармацыйных патрэбнасцей карыстальнікаў, пастаянна ўдасканальваюць сваю дзейнасць, пашыраюць наменклатуру інфармацыйных прадуктаў, павышаюць узровень дзелавых зносін. У выніку самым надзейным сродкам прасоўвання, не патрабуючым дадатковых фінансавых затрат, стала вусная рэклама - рэкамендацыі пастаянных карыстальнікаў КІР. Неаднойчы атрымліваем падзякі нашых чытачоў за якасны краязнаўчы прадукт у вуснай форме і на старонках сайта, электроннай пошты.

Такім чынам, у нас ужо ёсць пэўны вопыт па стварэнні і прасоўванні электронных рэсурсаў, забеспячэнні даступнасці, аператыўнасці, паўнаты КІР, але есць над чым працаваць і што ўдасканальваць. Лічым, што арганізацыя шматаспектнага доступу да краязнаўчых рэсурсаў на сайце бібліятэкі - перспектыўны шлях для далейшага развіцця гэтага кірунку працы. Кобрынскія бібліятэкары ставяць перад сабой задачу максімальнага раскрыцця для карыстальнікаў значэння свайго роднага краю, асаблівасцей яго развіцця. Умелае выкарыстанне традыцыйных і інавацыйных формаў работы будзе спрыяць фарміраванню вобразу бібліятэкі як інфармацыйнага, адукацыйнага цэнтра і, што асабліва важна, цэнтра грамадскага жыцця мясцовай супольнасці.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

Краязнаўчая дзейнасць сельскай бібліятэкі : метадычныя рэкамендацыі / Кобрынская РЦБС, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. гал. бібліёграф С. Д. Курачук. – Кобрын, 2018. – 64 с.

       Саітава, В. І. Напрамкі ўдасканалення даступнасці краязнаўчых бібліяграфічных рэсурсаў публічных бібліятэк Беларусі / В. І. Саітава // Бібліятэкі і музеі ў сістэме інавацыйнай дзейнасці : матэрыялы навукова-практычнай канферцыі (Мінск, 21-22 кастр. 2009 г.). - Мінск, 2010. - С. 148-153.

Современная краеведческая деятельность библиотеки в цифровом формате : материалы межрегион. науч.-практ. конф., 25 сент. 2015 г., Челябинск / М-во культуры Челяб. обл., Рос. библ. ассоциация, Рос. нац. б-ка, Президент.б-ка им. Б. Н. Ельцина, Челяб. обл. универс. науч. б-ка. – Челябинск, 2015. – 180 с.

Яндекс.Метрика