Падзеі Вялікай Айчыннай на Кобрыншчыне, залічбаваныя і захаваныя
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

223

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Падзеі Вялікай Айчыннай на Кобрыншчыне, залічбаваныя і захаваныя / Святлана Курачук // Краязнаўчая газета. – 2020. - № 18-19 (май). – С. 8.

У Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы створаны чатыры краязнаўчых поўнатэкставых рэсурсы па гісторыі Кобрыншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


Падзеі Вялікай Айчыннай на Кобрыншчыне, залічбаваныя і захаваныя

Тэма Вялікай Айчыннай вайны з года ў год застаецца дамінантнай ў дзейнасці Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Абудзіць цікавасць да гісторыі Беларусі, выхаваць пачуццё гонару за гераічнае мінулае, актывізаваць працу ў патрыятычным выхаванні, а таксама пазнаёміць з літаратурай, якая ёсць у фондзе бібліятэкі па ваеннай тэматыцы, – мэта і задачы бібліятэкі.

Центральная бібліятэка шмат гадоў працуе па зборы дакаментаў, на запашванні інфармацыі і распаўсюджванні сярод чытачоў матэрыялаў на розных носьбітах па гісторыі Кобрыншчыны ў гады Вялікай Айчыннай.
Традыцыйна, выконваючы краязнаўчыя запыты па ваеннай тэматыцы, супрацоўнікі бібліятэкі звяртаюцца да краязнаўчага фонду і тэматычных папак. Але ў сучасных умовах таксама шырока выкарыстоўваюцца тэхнічныя магчымасці: электронныя дакументы не замяняюць традыцыйныя, а дапаўняюць іх, таму існуюць побач і знаходзяць свайго карыстальніка. У апошні час стварэнне паўнатэкставых інфармацыйных рэсурсаў стала адным з накірункаў працы бібліятэкі. Як вынік – чатыры дастаткова поўныя, змястоўныя краязнаўчыя рэсурсы.
У журботным спісе спаленых вёсак, падобна Хатыні, ёсць і вёскі Кобрынскага раёна. Інфармацыйны рэсурс «Хатыні вогненныя сёстры: трагедыя спаленых вёсак Кобрыншчыны», что налічвае на сённяшні дзень звыш 100 алічбаваных дакументаў, прадстаўлены ўступным артыкулам «Нацысцкая палітыка генацыду і «выпаленай зямлі» на Кобрыншчыне», раздзеламі з кніг, перыядычных выданняў, архіўнымі матэрыяламі, успамінамі, картамі, схемамі, матэрыяламі сайтаў, фотаздымкамі. У рубрыцы, что змяшчае ўспаміны сведак, знаходзіцца відэаролік запісу ўспамінаў жыхаркі в. Лука Марыі Якаўчыц. Яе ўжо няма, а запіс захаваўся. Добра, што мы паспелі… Матэрыял рэсурсу - гэта напамін аб чорным мінулым, якое не павінна паўтарыцца нідзе і ніколі.
«Залатая зорка Кобрына: У. М. Кірмановіч» – гэты рэсурс прысвечаны Уладзіміру Мікалаевічу Кірмановічу – чалавеку, які для горада назаўжды застаецца ганаровым грамадзянінам і адзіным мясцовым Героем Савецкага Саюза. З пакалення ў пакаленне ў раёне перадаецца памяць пра героя, які множыў славу нашай зямлі. Рэсурс прадстаўлены біяграфічным нарысам, паўнатэкставымі матэрыяламі з кніг, энцыклапедый, артыкуламі з газет і часопісаў аб нашым земляку, фатаграфіямі, спісам крыніц. Ён налічвае прыкладна 70 дакументаў.
З кожным годам усё менш на нашай зямлі застаецца ветэранаў Вялікай Айчыннай – жывых сведкаў ваеннага ліхалецця, самай страшнай трагедыі мінулага стагоддзя. Усё менш тых, хто памятае вайну не па чутках, хто перажыў яе сам і можа расказаць пра яе як пра асабістае гора. Менавіта таму вялікую каштоўнасць набываюць іх успаміны аб лёсавызначальных падзеях. Шмат нашых землякоў прымала ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, ёсць сярод іх ураджэнцы Кобрыншчыны, і тыя, хто звязаў свой лёс з нашым краем, жыў тут і працаваў. Паўнатэкставы рэсурс «Салдаты Перамогі. Ветэраны Вялікай Айчыннай» на сённяшні час уключае 520 папак-персаналіяў ветэранаў, напаўненне якіх складае больш за 2 тысячы дакументаў. Гэтая праца працягваецца…
«Кобрынскі край у гады Вялікай Айчыннай вайны» - самы аб’ёмны рэсурс ваеннай тэматыкі. Складаецца з 10-і частак, большасць якіх можна лічыць самастойнымі: «Край у пачатку Вялікай Айчыннай вайны»; «Акупацыйны рэжым на тэрыторыі краю»; «Народная барацьба на акупаванай тэрыторыі. Падпольны і партызанскі рух», «Вызваленне краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «Генералы – ураджэнцы краю на франтах Вялікай Айчыннай вайны» і інш. Алічбаваны артыкулы перыёдыкі, раздзелы кніг, мемуары, успаміны, ваенныя хронікі, фотаздымкі. У раздзеле «Бібліяграфічныя выданні Кобрынскай цэнтральнай бібліятэкі па тэме «Вялікая Айчынная на Кобрыншчыне» прадстаўлены паказальнік «Хатыні вогненныя сёстры», бібліяграфічны летапіс «Яны вызвалялі наш горад», даведнік «Думаць пра жывых, памятаць аб загінулых» - па вуліцах райцентра, якія носяць імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, тэматычны зборнік «Памяць сэрца: тэма Вялікай Айчыннай вайны ў публікацыях А. М. Мартынава».
Усе пералічаныя краязнаўчыя рэсурсы змяшчаюць матэрыялы, дзе адлюстраваныя асноўныя падзеі мінулай вайны на Кобрыншчыне, ваенныя вехі, праз якія прайшлі жыхары раёна; змешчаны матэрыялы аб тых, хто ваяваў на франтах, змагаўся з ворагам у падполлі і партызанскіх атрадах, героях, якія навечна ляжаць у нашай зямлі. Мова галоўнай старонкі, частак і падраздзелаў - беларуская. Тэксты прыводзяцца ў арыгінале. Раздзелы маюць ўступныя артыкулы, што дапамагаюць чытачам сістэматызаваць свае веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна. Бібліяграфічныя звесткі аб крыніцах у выпадку неінфарматыўнасці назвы дапоўненыя анатацыямі, каб арыентаваць у мностве матэрыялаў, што прапануюцца, і выбары неабходнай інфармацыі. Рэсурс увесь час падтрымліваецца ў актуальным стане, своечасова дапаўняецца новымі дакументамі.
Краязнаўчыя рэсурсы ваеннай тэматыкі цікавыя шырокаму колу чытачоў, адрасуюцца работнікам культуры, адукацыі, студэнтам, навучэнцам, краязнаўцам, ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.
Па меры таго, як час няўмольна бяжыць наперад, як мінулае сыходзіць усё далей, важна захаваць гістарычную памяць пра тыя падзеі, вялікі патрыятызм і подзвіг пакалення пераможцаў. Свет, што вакол нас, не дазваляе забыць мінулае. Памяць натхняе, вучыць новыя пакаленні, як трэба любіць і абараняць Радзіму.

Святлана КУРАЧУК,
галоўны бібліёграф Кобрынскай
цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 

Яндекс.Метрика