Кніга працоўнай славы землякоў
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

223

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Кніга працоўнай славы землякоў / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2020. – 3 чэрвеня (№ 42). – С. 5.

У межах праекта «Славутыя імёны маёй малой радзімы» Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай выдадзены біябібліяграфічны даведнік «Па працы і пашана».


Кніга працоўнай славы землякоў

Хачу пазнаёміць нашых чытачоў з біябібліяграфічным даведнікам «Па працы і пашана», выдадзеным Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай у межах праекта «Славутыя імёны маёй малой радзімы». Даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» прысвечаны асобам, якія ўдастоены дзяржаўных працоўных узнагарод Беларускай ССР і сучаснай Беларусі, а таксама маюць званне «Заслужаны работнік» у розных галінах дзейнасці, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі.
Лёсы гэтых людзей розныя, не падобныя адзін на аднаго, але іх аб'ядноўвае бязмежная любоў да сваёй малой радзімы, якую яны паказвалі шчырай працай. Многія з іх аддалі роднаму прадпрыемству, арганізацыі лепшыя гады жыцця, шчодра дзяліліся сакрэтамі прафесійнага майстэрства з моладдзю, на асабістым прыкладзе выхоўвалі годную змену. Сярод іх – прадстаўнікі розных прафесій і сфер дзейнасці: педагогі, медыкі, работнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры, гандлю…
Пачынаецца даведнік раздзелам «Героі Сацыялістычнай Працы», бо гэтае высокае званне з’яўляецца найвышэйшай ступенню працоўнай адзнакі. У Кобрынскім раёне тры Героі Сацыялістычнай Працы. Фёдар Канстанцінавіч Валасюк - першы Герой Сацыялістычнай Працы Кобрыншчыны (1966), кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і многіх іншых узнагарод, былы старшыня калгаса «XXI з’езд КПСС» (сёння ТАА «КантрыМілк»), 27 гадоў узначальваў гаспадарку. Дарэчы, на адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства ў вёсцы Пескі-2 адкрыта мемарыяльная ў гонар яго працоўнай славы. І яшчэ два Героі з адной гаспадаркі – калгаса «Зара» (цяпер СВК «Узыходзячая зара») – Міхаіл Калістратавіч Дубінка і Таццяна Антонаўна Сакалюк. Іх перамогі - высокія вытворчыя паказчыкі і самаадданая праца, а іх жыццё - прыклад таго, як трэба жыць і працаваць.
У раздзеле «Ардэнаносцы» даецца інфармацыя пра людзей, узнагароджаных працоўнымі ордэнамі, перш за ўсё кавалераў ордэна Леніна, а таксама кавалераў ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Працоўнай Славы, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнаў Пашаны, ордэнаў Айчыны. Гэта самы вялікі раздзел даведніка, які апавядае пра 293 асобы.
Ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь – гэта форма ўзнагароды, прызнання заслуг і заахвочвання выдатных дзеячаў працы. Сярод нашых землякоў ёсць заслужаныя работнікі Беларускай ССР, Рэспублікі Беларусь. У нас 30 заслужаных настаўнікаў. Есць заслужаныя работнікі: аховы здароўя, гандлю і грамадскага харчавання, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, культуры, сацыяльнай абароны.
Прыемна, што ўраджэнцы Кобрыншчыны з’яўляюцца заслужанымі работнікамі іншых дзяржаў.
Біябібліяграфічны даведнік уключае звесткі пра 362 землякоў, узнагароджаных дзяржаўнымі працоўнымі ўзнагародамі, удастоеных звання «Заслужаны работнік» у многіх прафесіях. Артыкулы ў кожным раздзеле размешчаны ў алфавіце прозвішчаў асоб. Біяграфічныя даведкі напісаны на аснове фонду кобрынскай бібліятэкі, архіўных матэрыялаў, дакументаў кадравых служб прадпрыемстваў і арганізацый, дзе ў свой час працавалі героі працы, аўтабіяграфій, успамінаў і іншых крыніц. Тэксты дапоўнены фотапартрэтамі. Адбор крыніц завершаны ў студзені 2020 года. Даведачна-дапаможны апарат выдання ўключае імянны, геаграфічны паказальнікі, што значна аблягчае знаходжанне неабходнай інфармацыі.
Біябібліяграфічны даведнік «Па працы і пашана» адрасаваны шырокаму колу карыстальнікаў: настаўнікам, студэнтам, вучням, бібліятэкарам, краязнаўцам, экскурсаводам, наогул усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, дасягненнямі людзей, якія ўнеслі асабісты ўклад у развіццё нашай малой радзімы, чые імёны сёння — нашая гісторыя і наш гонар.
Выказваем шчырую падзяку раённаму аб'яднанню ветэранаў, аддзелу кадраў райвыканкама, сельскім выканаўчым камітэтам, архіву, іншым арганізацыям і ўстановам, асобным людзям, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы, дапаўненні і ўдакладненні матэрыялаў гэтай кнігі. Больш падрабязную інфармацыю аб выданні вы зможаце атрымаць на сайце Кобрынскай РЦБС (www.krcls.by) у рубрыцы «Краязнаўства. Краязнаўчыя выданні», а таксама ў гісторыка-краязнаўчым цэнтры бібліятэкі.


Святлана КУРАЧУК,
галоўны бібліёграф
аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Яндекс.Метрика