Бібліяграфія малых форм. Прыгожа і інфарматыўна
16.07.2020 14:34
У рамках 75-годдзя Вялікай Перамогі да Дня горада бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі распрацаваны закладкі-банэры пад назвай «Вуліцы, авеяныя славай: гісторыя Вялікай Айчыннай у назвах вуліц Кобрына» і «Хроніка вызвалення Кобрына».
Крэатыўныя закладкі змяшчаюць кароткую фактаграфічную інфармацыю, а адпаведны QR-код дазваляе зацікаўленаму чалавеку імгненна зайсці на сайт Кобрынскай РЦБС і атрымаць больш поўную інфармацыю па тэме.
Закладка «Вуліцы, авеяныя славай» накіроўвае да даведнікаў па вуліцах «Думаць пра жывых, памятаць пра загінўшых», «Імёны тваіх вуліц, горад Кобрын», дзе можна падрабязна пазнаёміцца з вуліцамі Кобрына, якія носяць імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Кабрынчане свята шануюць і захоўваюць памяць аб тых, хто загінуў у баях з ворагам, і бясконца ўдзячныя ім за мужнасць, нязменную веру ў перамогу. 19 вуліц Кобрына носяць імёны герояў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Імёны тых, хто загінуў вызваляючы Кобрын, хто мужна змагаўся пры абароне яго і праявіў гераізм, прысвоены 8 вуліцам нашага горада.
Закладка-банэр «Хроніка вызвалення Кобрына» дае адсылку да бібліяграфічнага летапісу «Яны вызвалялі наш горад» - выдання, якое змяшчае хроніку вызвалення Кобрына, дазваляе даведацца пра тых, хто прымаў удзел у вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 20 ліпеня 1944 г. назаўжды ўпісана ў гісторыю нашага горада - у гэты дзень прыйшло доўгачаканае вызваленне ад фашысцкай акупацыі. Невыпадкова сёння дату 20 ліпеня мы святкуем як Дзень горада, не забываючы ўшаноўваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і паважаць памяць загінуўшых.