«СІТОМА»: час змяняецца – якасць застаецца»
30.07.2020 14:39
У межах Года малой радзімы да 60-годдзя з часу заснавання ААТ «Кобрынскі інструментальны завод «СІТОМА» бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі выдадзены бібліяграфічны паказальнік ««СІТОМА»: час змяняецца – якасць застаецца» з серыі «З гісторыі прадпрыемстваў Кобрына».
Гэта трэцяе выданне з серыі «З гісторыі прадпрыемстваў горада». Бібліяграфічны паказальнік выдадзены да 60-годдзя з часу заснавання ААТ «Кобрынскі інструментальны завод «СІТОМА». Завод заснаваны ў 1960 годзе і на працягу дзесяцігоддзяў спецыялізуецца на выпуску слясарна-мантажнай прылады. Змяняліся шыльды прадпрыемства і яго структура, але нязменным заставаўся асноўны кірунак вытворчасці – інструментальны. Сёння завод вырабляе больш за 140 найменняў ручной прылады, прызначанай для абслугоўвання любых тыпаў транспарту і абсталявання, дзясяткі мадыфікацый набораў, якія неабходны як у прамысловасці, так і ў быту.
Бібліяграфічны паказальнік мае наступную структуру:
Ад складальніка;
Гісторыка-эканамічны нарыс;
Спіс крыніц;
Спіс перыядычных выданняў, матэрыялы з якіх уключаны ў паказальнік.
Бібліяграфічны паказальнік прадстаўляе каля 200 крыніц. Уключае артыкулы з перыядычных выданняў, пачынаючы з 1970 года. Творы друку згрупаваны па відах: кнігі, брашуры, главы, раздзелы з кніг, энцыклапедычныя артыкулы; часопісныя і газетныя артыкулы; найбольш стабільныя электронныя рэсурсы. Кнігі размешчаны ў алфавіце аўтараў, назваў кніг, артыкулы – па гадах у зваротнай храналогіі, унутры года – у алфавіце аўтараў, загалоўкаў.
Выдадзены ў Год малой радзімы, паказальнік адрасаваны ўсім, хто займаецца вывучэннем роднага краю, цікавіцца яго гісторыяй, эканомікай, культурай.