Віртуальныя кніжныя тэндэнцыі, або Хто такі Жаўтун-Баўтун?
Чарнякевіч, Ю. Віртуальныя кніжныя тэндэнцыі, або Хто такі Жаўтун-Баўтун? / Юрый Чарнякевіч // Культура. – 2020. – 8 жніўня (№ 32). С. 11.
У Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме шмат увагі надаюць віртуальным праектам.
Віртуальныя кніжныя тэндэнцыі, або Хто такі Жаўтун-Баўтун?
Кніга, як вечная каштоўнасць — нават у эпоху інтэрнэту, — прыцягвала, прыцягвае і будзе прыцягваць да сябе людзей. Таму бібліятэкары Беларусі, як і год і дзесяць таму, усё так жа актыўна шчыруюць над новымі выставамі, арганізуюць разнастайныя мерапрыемствы і ладзяць адметныя акцыі. Гэтым бібліятэчным справам не перашкодзіў нават і каранавірус.
***
Крэатыўныя закладкі і «Нёманец»
Не адстаюць ад калег і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Так, напрыклад, у Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме сёння таксама шмат увагі надаюць віртуальным праектам.
— Скажам, бібліёграфы цэнтральнай раённай бібліятэкі нядаўна стварылі прэзентацыйны відэафільм «Працай уславілі край родны», — кажа дырэктар установы Ларыса Легацюк. — Прэзентацыя, як і выданне бібліяграфічнага даведніка «Па працы і пашана», з’яўляецца падвядзеннем вынікаў работы ў межах праекта «Славутыя імёны маёй малой радзімы». Гэты відэа-ролік, як і некаторыя іншыя, напрыклад, з апошнімі навінкамі літаратуры, можна паглядзець на нашым YouTube-канале.
Цікава, што ў рамках 75-годдзя Вялікай Перамогі да Дня горада бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі былі распрацаваны закладкі-банеры пад назвай «Вуліцы, авеяныя славай: гісторыя Вялікай Айчыннай у назвах вуліц Кобрына» і «Хроніка вызвалення Кобрына». Крэатыўныя закладкі змяшчаюць кароткую фактаграфічную інфармацыю, а адпаведны QR-код дазваляе зацікаўленаму чалавеку імгненна зайсці на сайт Кобрынскай РЦБС і атрымаць больш поўную інфармацыю па той або іншай тэме. Так што мясцовыя бібліятэкары з інтэрнэтам сябруюць даўно і вельмі паспяхова.
***
Што ж, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, бібліятэкары раённых «кніжніц» працягваюць актыўна пазіцыянаваць сябе і сваю дзейнасцю як у рэальным, так і ў віртуальным свеце, прыцягваючы для гэтага ўсе магчымыя сродкі. Асабліва ўражвае тое, што планы платных паслуг, якія, як казалі мае суразмоўцы, так і не былі пакуль што скарэктаваны ў бок змяншэння, усё адно выконваюцца бібліятэкарамі. Хоць, зразумела, цяпер магчымасцяў для гэтага значна меней, чым, скажам, у зімовыя месяцы, калі пра каранавірус і яго наступствы яшчэ мала хто ведаў, а бібліятэчныя ўстановы наведваліся і дарослымі і дзецьмі без асаблівых перашкод (калі не лічыць, магчыма, снегападаў ці кепскага надвор’я) і забаронаў на масавыя мерапрыемствы.
І яшчэ. Як бачна, многае сёння залежыць ад прафесіяналаў бібліятэчнай сферы. Менавіта яны, профі, вырашаюць, як актыўна пазіцыянаваць сваю дзейнасць з дапамогай сацыяльных сетак, як узаемадзейнічаць праз інтэрнэт са сваімі калегамі ў Беларусі і за мяжой, пераймаючы паспяховы вопыт і прапагандуючы ўласныя здабыткі ў бібліятэчнай сферы, а таксама ствараюць свае бібліятэчныя суполкі для абмеркавання тых або іншых праблем з калегамі або чытачамі і наведвальнікамі. І гэтая заўважная і яскравая тэндэнцыя віртуальнага жыцця, якое наўпрост уплывае на жыццё рэальнае, пагадзіцеся, не можа не радаваць.
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты «Культура»