Курачук, С. Асоба ў гісторыі малой радзімы / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2021. – 2 чэрвеня (№ 43). – С. 5.
Курачук, С. Асоба ў гісторыі малой радзімы / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2021. – 2 чэрвеня (№ 43). – С. 5. 28 мая спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Дземчука, славутага земляка, чалавека, імем якога названа адна з вуліц Кобрына.
Асоба ў гісторыі малой радзімы
Навуковец, кіраўнік, дзяржаўны дзеяч
Мы жывем у горадзе з багатым гістарычным мінулым і па праве ганарымся яго гісторыяй. Ганарымся нашымі выдатнымі землякамі, якія ўнеслі значны ўклад у летапіс роднага краю, сталі яго гонарам і славай. Іх імёны назаўжды застануцца ў назвах вуліц і завулкаў.
28 мая спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Іванавіча Дземчука, нашага славутага земляка, чалавека, імем якога названа адна з вуліц Кобрына. Вядомы дзяржаўны дзеяч, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік шэрагу міжнародных акадэмій навук, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё пра яго, Міхаіла Дземчука, ураджэнца в. Дзявяткі Кобрынскага раёна. Ён прайшоў шлях, характэрны для многіх таленавітых і мэтанакіраваных людзей. І на кожнай ступені росту і прызнання ніколі не забываў пра родны кут, сваю малую радзіму.
Міхаіл Дзямчук нарадзіўся 28 мая 1946 года ў звычайнай сялянскай сям’і. Закончыў сем класаў у школе ў в. Рынкі Кобрынскага раёна. Потым вучыўся ў сярэдняй школе № 2 г. Кобрына. Велізарнае жаданне дасягнуць поспеху, пастаянная і карпатлівая праца, мэтанакіраванасць дазволілі юнаку закончыць школу з залатым медалём і паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.
Вучоба і работа ў Беларускім дзяржаўным універсітэце
У 1963 годзе Міхаіл Іванавіч паступіў на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, пасля заканчэння якога ў 1968 годзе атрымаў дыплом з адзнакай. Пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1970 годзе Міхаіл Дзямчук 15 гадоў працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1970 – 1976 гг. быў малодшым, пазней старшым навуковым супрацоўнікам. З 1976 па 1984 год ён узначальваў лабараторыю паўправадніковай электронікі Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем, а затым у 1983 – 1985 гг. быў загадчыкам кафедры аўтаматызацыі навуковых даследаванняў факультэта радыёфізікі і электронікі і сакратаром парткама Белдзяржуніверсітэта. Доктар фізіка-матэматычных навук (1983 г.), прафесар (1985 г.). Творчы талент Міхаіла Дземчука праявіўся ў навуковых даследаваннях. Ён развіў новы напрамак у эксперыментальнай і тэхнічнай фізіцы, у аснове якога стварэнне сістэмы арыгінальных метадаў і прэцызійных оптаэлектронных сродкаў часава-імпульснага аналізу інтэнсіўнасці светлавога выпраменьвання.
Праца ва ўрадзе БССР, Рэспублікі Беларусь
У 1982 годзе Міхаіл Іванавіч Дзямчук абараніў доктарскую дысертацыю і, працягваючы навуковую працу, уключыўся ў актыўную дзейнасць па арганізацыі сучаснай галіны навукі і адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З 1985 года ён працаваў загадчыкам аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ, з 1988 года - міністрам народнай адукацыі БССР.
Арганізацыйная дзейнасць Міхаіла Дземчука выйшла на новы ўзровень, калі ў 1991 годзе ён быў прызначаны намеснікам Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, курыраваў пытанні адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя. Міхаіл Іванавіч прымаў самы непасрэдны ўдзел у стварэнні новых органаў дзяржаўнага кіравання: Камітэта па навуцы і тэхналогіях, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Дэпартамента патэнтазнаўства, Агенцтва па аўтарскіх правах і інш.
У 2000 годзе Міхаіл Дзямчук прызначаны намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь. На гэтай дзяржаўнай пасадзе ён працягваў стратэгічную лінію распрацоўкі навукова-тэхналагічнага і кадравага забеспячэння працэсу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
Рэктар Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі
З ліпеня 1994 года прафесар Дзямчук узначаліў адну з буйнейшых вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі - Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (сёння - Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) і паспеў шмат зрабіць для таго, каб працэс навучання адпавядаў патрабаванням часу. Назапашаны вопыт арганізатара навукі і адукацыі Міхаіл Іванавіч у поўнай меры рэалізаваў на пасадзе рэктара БДПА, якую ён узначальваў па 2000 год. У гэты перыяд кіраўнік ініцыяваў мадэрнізацыю вышэйшай тэхнічнай адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі міжнароднымі нормамі, выступаў распрацоўшчыкам шэрагу праектаў і праграм, накіраваных на стварэнне новых эфектыўных навукова-вытворчых комплексаў.
Работа ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы
На працягу 2002 - 2014 гг. Міхаіл Дзямчук працаваў рэктарам Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўлялася дзейнасць па мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з сусветным вопытам і задачамі фарміравання інавацыйнай эканомікі і інфармацыйнага грамадства.
Сваю дзейнасць у Республіканскім інстытуце вышэйшай школы Міхаіл Дзямчук працягваў да канца сваіх дзён. У якасці прарэктара па інфармацыйна-аналітычнай рабоце ўзначальваў групу спецыялістаў, якая ажыццяўляла прафесійную ацэнку вопыту мадэрнізацыі сістэм адукацыі краін свету і распрацоўвала адпаведныя стратэгіі і палітыку.
У апошнія гады ў сферы навуковых інтарэсаў Міхаіла Дземчука былі праблемы адукацыі і развіцця навукі ў рэспубліцы. Ён кіраваў шэрагам праектаў і праграм па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы адукацыі, распрацоўцы новых адукацыйных тэхналогій і фарміраванні навучальных устаноў інтэграванага тыпу - сучасных ліцэяў, гімназій, каледжаў.
Прызнанне і высокая ацэнка
Навуковая і грамадская дзейнасць прафесара Міхаіла Дземчука высока адзначана дзяржавай. Ён лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі 1979 года і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і тэхнікі 1986 года. Узнагароджаны значком «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». У 1996 годзе за значны ўклад у развіццё беларускай навукі, падрыхтоўку навуковых і інжынерных кадраў яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь».
Міхаіл Іванавіч Дзямчук - член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986 г.), акадэмік Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук (1994 г.), Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы (1993 г.), Беларускай інжынернай тэхналагічнай акадэміі (1995 г.), старшыня Прэзідыума Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі (1995 г.). Прафесар Дзямчук з'яўляўся арганізатарам і кіраўніком Навукова-педагагічнай школы сістэмнага аналізу. Яго вучні працуюць выкладчыкамі ўніверсітэтаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, супрацоўнікамі розных навуковых лабараторый і цэнтраў. Падрыхтаваў 7 дактароў і кандыдатаў навук. Ён аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій і 40 вынаходстваў.
Сувязь з землякамі
Міхаіл Дзямчук увесь час падтрымліваў цесную сувязь з працаўнікамі Кобрынскага раёна. Пры актыўнай дапамозе вядомага земляка пабудавана бальніца ў в. Тэўлі, рэканструявана школа ў в. Рынкі, аказвалася дапамога іншым школам раёна ў забеспячэнні падручнікамі, нагляднымі дапаможнікамі, а таксама тэхнічная дапамога шэрагу гаспадарак - калгасам і саўгасам.
У 1995 годзе М. І. Дзямчук выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета па Кобрынскай сельскай выбарчай акрузе № 24. На пытанне, чаму ён вырашыў балаціравацца кандыдатам у дэпутаты менавіта па Кобрынскаму раёну, Міхаіл Іванавіч адказваў: «Справа ў тым, што тут, у вёсцы Дзявяткі, я нарадзіўся і вырас, атрымаў адукацыю. На Кобрыншчыне жыве мая маці, родныя і блізкія, мае сябры. …Я не магу заставацца безудзельным да тых праблем, якія хвалююць іх, ды і ўсіх працаўнікоў вёскі. Лічу сваім абавязкам зрабіць усё магчымае, каб палепшыць жыццё вяскоўцаў, каб у кожнай хаце быў мір і дабрабыт». Яго праграма прадугледжвала вырашэнне набалелых эканамічных і сацыяльных праблем раёна.
З асаблівай цеплынёй успамінаюць землякі свайго суайчынніка - сціплага, добрага, клапатлівага і таленавітага чалавека, надзейнага сябра. Кобрыншчыне ёсць чым ганарыцца: Міхаіл Дзямчук нарадзіўся на нашай зямлі, і менавіта з нашай зямлі сышоў у вялікую навуку.
26 ліпеня 2016 года на 71-м годзе Міхаіл Іванавіч Дзямчук раптоўна пайшоў з жыцця. Пахаваны на ўсходнім могілках у Мінску. Светлая памяць пра таленавітага сына Беларусі, нашага знакамітага земляка, чалавека з вялікім асабістым абаяннем назаўжды застанецца ў людской памяці. І ў назве вуліцы ...
Біябібліяграфічны паказальнік з серыі «Асоба ў гісторыі малой радзімы»
Да 75-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Іванавіча Дземчука Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай падрыхтаваны і выдадзены біябібліяграфічны паказальнік «Навуковец, кіраўнік, дзяржаўны дзеяч» з серыі «Асоба ў гісторыі малой радзімы». Паказальнік пачынаецца невялікім нарысам жыцця і дзейнасці нашага земляка, бібліяграфічную частку складаюць спіс прац навукоўца і літаратуры аб яго жыцці і дзейнасці. Каштоўнасць выданню надаюць копіі асабістых дакументаў Міхаіла Дземчука: атэстат аб сярэдняй адукацыі, розныя дыпломы, пасведчанні і інш. Паказальнік уключае фотаздымкі з архіваў Рынкаўскай базавай школы, Тэвельскай публічнай бібліятэкі, а таксама з сямейных фотаархіваў сябра Міхаіла Дземчука Уладзіміра Кузіча і стрыечнай сястры Надзеі Шчочкінай. Выказваем усім шчырую падзяку за дапамогу падчас працы над біябібліяграфічным паказальнікам. Выданне адрасавана тым, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, дасягненнямі людзей, якія ўнеслі асабісты ўклад у развіццё малой радзімы. Больш падрабязна пра біябібліяграфічны паказальнік «Навуковец, кіраўнік, дзяржаўны дзеяч» можна даведацца на сайце Кобрынскай РЦБС (раздзел «Краязнаўства» - Краязнаўчыя выдання) і ў краязнаўчым інфармацыйным цэнтры бібліятэкі.
Святлана КУРАЧУК,
галоўны бібліёграф
Кобрынскай цэнтральнай
раённай бібліятэкі.