Страсці-мардасці, або…
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Страсці-мардасці, або…

PDF Печать E-mail

Кандрашук, Н. Страсці-мардасці, або… / Наталля Кандрашук // Культура. – 2022. – 29 студзеня (№ 5). – С. 12 : фат.

Адбылася чарговая прэм’ера тэатра-студыі «Піражок», які працуе пры Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.


Страсці-мардасці, або…

Так назвалі свой чацвёрты спектакль удзельнікі самадзейнага тэатра-студыі «Піражок», які працуе пры Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Кожны спектакль «Піражка» ўнікальны тым, што сцэнарыстамі з’яўляюцца самі артысты. Збіраючыся ў інфармацыйна-сэрвісным цэнтры бібліятэкі, яны абмяркоўваюць ідэю будучай пастаноўкі, пішуць сцэнарый, размяркоўваюць ролі і, канешне, тут жа рэпеціруюць. Дарэчы, і прэм’еры таксама праходзяць у сценах бібліятэкі.
Так, на чарговую прэм’еру, якая адбылася 14 студзеня, сабраліся прыхільнікі артыстычнага таленту ўдзельнікаў «Піражка», іх сябры і супрацоўнікі бібліятэкі. Такім чынам, стары Новы год вызначыўся новым гумарыстычным спектаклем.
Усе пастаноўкі самадзейнага тэатра — гэта не проста гумар. У кожнай з іх узнімаецца цікавая тэма, якая падаецца з сатырычнай афарбоўкай. У гэты раз артысты прапанавалі ўвазе гледачоў тэму кахання.
Дзеянне адбываецца ў сяле, у якім засталося не так шмат жыхароў, і тыя ў асноўным жанчыны. Пры гэтым вёсачка славіцца варажбіткай — Ведай Вевіянаўнай, у простанароддзі Кацькай, якую вельмі добра сыграла Людміла Новік. Менавіта яна прадракае жыхаркам мужоў, з якімі тыя не змогуць ужыцца. Перад гледачом паўстаюць яскравыя вобразы мужчын: п’яніца і забулдыга, які не жадае працаваць; узорны кулінар і «хатні гаспадар»; танцор-рамантык; лавелас, які здраджвае жонцы; ідэальны муж, які абяцае райскае жыццё. I ўсе яны не змаглі зрабіць шчаслівымі сваіх жонак. Кожная міні-гісторыя закончылася разводам.
Як заўсёды, у спектаклі шмат песень. Мікалай Крывагуз спявае пад гітару свае творы, напісаныя спецыяльна для пастаноўкі. Астатнія песні напісаны або перакладзены на матыў вядомых шлягераў Віктарам Бордзюгам.
Дарэчы, большасць мужчынскіх роляў выконваў таксама ён. Так атрымалася, што ў тэатры ўсяго два мужчыны, таму ім неаднойчы на працягу адной пастаноўкі даводзіцца пераўвасабляцца ў розных герояў. Гэта надае асаблівы шарм дзеянню на імправізаванай сцэне, бо калі бачыш, як адзін і той жа артыст іграе дыяметральна процілеглых персанажаў, то ўспрымаеш яго з большай цікавасцю.
Надзею Пракаповіч, Джаану Бордзюг, Ангеліну Шаўчук, Вольгу Квашніну, Валянціну Хурсіну і іншых, успамянутых раней, артыстаў «Піражка» можна назваць шматфункцыянальнымі, бо яны самі сабе і сцэнарысты, і мадэльерьі, і дэкаратары. Асабістымі сіламі робяць усё — і касцюмы, і рэквізіт. Так, часам не хапае сапраўдных тэатральных дэкарацый. Але падчас спектакля гэта зусім не заўважаецца.
— У нас ужо ёсць задумкі новага сцэнарыя, але гэта пакуль тайна,—дзеліцца планамі рэжысёр Віктар Бордзюг.
Застаецца пажадаць удзельнікам «Піражка» натхнення, новых прэм’ер і ўдзячных гледачоў.


Наталля Кандрашук

Яндекс.Метрика