Праваслаўе - падмурак беларускай нацыі
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Праваслаўе - падмурак беларускай нацыі / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2022. – 30 красавіка (№ 32). – С. 12 : фат.

У рамках 1030-годдзя Праваслаўя на беларускай зямлі Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка праводзіць разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на духоўна-маральную асвету праз кнігу і чытанне.


Праваслаўе - падмурак беларускай нацыі


Значнай падзеі ў гістарычнай памяці нашага народа - 1030-годдзю Праваслаўя на беларускай зямлі - прысвечаны 2022 год. У рамках гэтага знамянальнага юбілею Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка праводзіць разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на духоўна-маральную асвету праз кнігу і чытанне.
1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях можна лічыць адной з вызначальных падзей Года гістарычнай памяці. Гісторыя праваслаўнай царквы непарыўна звязана з лёсам беларускага народа. Праваслаўе адносіцца да найбуйнейшай рэлігійнай канфесіі ў Беларусі, з якой людзі звязваюць духоўную стабільнасць, парадак і адраджэнне гістарычных традыцый. Адлік праваслаўя на беларускіх землях вядзецца з моманту стварэння Полацкай епархіі ў 992 годзе. У 1992 годзе ўрачыста было адзначана яе 1000-годдзе. Але і сучасны юбілей, датай святкавання якога вызначана 7 верасня 2022 года, мае вялікае значэнне. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі Веніямін аб юбілеі беларускага праваслаўя гаворыць так: «Менавіта з праваслаўем звязана станаўленне народа з разрозненых плямёнаў. Праваслаўная вера забяспечыла духоўнае сталенне, вызначыла маральныя асновы народа і ў прынцыпе прадвызначыла гістарычны шлях развіцця. І сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што праваслаўе з’яўляецца асновай нашых каштоўнасных арыенціраў». Характэрна, што ў склад аргкамітэта па падрыхтоўцы да святкавання ўвайшлі нашы землякі: протаіерэй Сергій Гардун (ураджэнец Дзівіна), першы прарэктар ДУА «Інстытут Тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і Іван Аляксеевіч Чарота (ураджэнец в. Лышчыкі), доктар філалагічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Духоўнасць. Мараль. Рэлігія. У рамках святкавання 1030-годдзя праваслаўя на беларускай землі бібліятэкамі Кобрынскай РЦБС запланавана шмат разнастайных мерапрыемстваў, сярод якіх афармленне выставак, кніжных паліц, правядзенне духоўна-асветніцкіх чытанняў, урокаў духоўнасці, завочных падарожжаў па святых мясцінах Беларусі, Кобрыншчыны, арганізацыя мерапрыемстваў з запрашэннем святароў, якія ўжо сталі традыцыйнымі ў бібліятэках.
Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка запрашае азнаёміцца з выставай-экспазіцыяй «Праваслаўе як падмурак беларускай нацыі», якая прымеркавана да свята Вялікадня і 1030-годдзя прысутнасці Праваслаўя на беларускіх землях. Прадстаўленыя на выстаўцы выданні адлюстроўваюць шлях Беларускай праваслаўнай царквы, гісторыю і лёс яе храмаў і святынь, жыццё вялікіх беларускіх падзвіжнікаў і святых. Экспануюцца кнігі, артыкулы з перыядычных выданняў, фотаматэрыялы, якія адлюстроўваюць рэлігійна-культавыя помнікі архітэктуры Кобрыншчыны; прадстаўлены краязнаўчыя выданні бібліятэкі, у прыватнасці буклеты серыі «Праваслаўныя святыні Кобрыншчыны» і інш. У дадатак да асноўнай экспазіцыі – маляўніча аформленая выстаўка-рэцэпт «Пасхальные фантазии», якая прапануе шматлікія рэцэпты традыцыйных страў велікоднай трапезы і ідэі для іх упрыгожвання.
Бібліятэка вядзе работу па фарміраванні інфармацыйных рэсурсаў духоўна-маральнай накіраванасці. Створаны паўнатэкставыя электронныя рэсурсы па праваслаўным краязнаўстве: «Галоўная праваслаўная святыня Кобрына - Сабор Аляксандра Неўскага», «Царква ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла г. Кобрына», «Цэнтр праваслаўнай духоўнасці - Усеміласцівага Спасу жаночы манастыр». Асновай рэсурсу з’яўляецца тэкставая база, якая змяшчае поўныя тэксты дакументаў або іх частак, уключае масіў паўнатэкставай, бібліяграфічнай, фактаграфічнай інфармацыі. Пры гэтым тэкставая інфармацыя дапоўнена ілюстрацыйным матэрыялам. Сёння БД змяшчаюць больш за 300 алічбаваных дакументаў. Да кожнага інфармацыйнага рэсурсу прадстаўлена гісторыка-архітэктурная даведка на беларускай і рускай мовах.
Напярэдадні Вялікадня праваслаўны інфармацыйны рэсурс кобрынскай бібліятэкі папоўніўся інфармацыяй у выглядзе пашыраных юбілейных тэматычных даведак з бібліяграфічнымі спісамі да 140-годдзя царквы Прападобнай Параскевы Сербскай у в. Балоты (1882) і да 120-годдзя Свята-Прачысценскай царквы ў аг. Дзівін (1902). Бягучы год таксама юбілейны для Свята-Пакроўскай царквы ў в. Акцябр (1937), Свята-Троіцкай царквы ў в. Казішча (1927), Царквы ў імя святога апостала і евангеліста Лукі ў аг. Лука (2007). У чарадзе грандыёзных падзей у рамках 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях юбілеі гэтых храмаў Кобрыншчыны - даволі сціплыя, але важныя ў жыцці Кобрынскага раёна даты.
Здзейсніць завочнае падарожжа па храмах Кобрына дазволіць віртуальная экскурсія «Там, дзе жыве вечнасць», складзеная бібліёграфамі цэнтральнай бібліятэкі.
Літаратура для душы. «Чытанне духоўных кніг адукоўвае наш розум і паказвае шлях да выратавання, сілкуе душу так, як фізічная ежа сілкуе цела», - сказаў старац прападобны Макарый Опцінскі. Сярод чытачоў кобрынскай бібліятэкі духоўная літаратура запатрабаваная. На абанеменце бібліятэкі выдзелены фонд праваслаўнай літаратуры, які ўключае духоўна-асветніцкія выданні, катэхізічную літаратуру, кнігі па царкоўнай гісторыі, праваслаўныя мастацкія творы. Фонд перыядычных выданняў прадстаўлены праваслаўнымі часопісамі і газетамі, якія выходзяць як у Беларусі, так і на тэрыторыі Расіі: «Фома», «Врата небесные», «Православные храмы», «Православные монастыри».
Немагчыма быць патрыётам, калі не ведаеш духоўных правіл свайго народа. У Год гістарычнай памяці, які арыентаваны на фарміраванне аб'ектыўных адносінаў грамадства да гістарычнага мінулага, важна асэнсаванне ролі праваслаўнай царквы ў гістарычным лёсе беларускага народа, разуменне сваіх духоўных вытокаў.


Святлана Курачук, галоўны бібліёграф
аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Яндекс.Метрика