Партрэт горада: падзеі, людзі, юбілеі
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Партрэт горада: падзеі, людзі, юбілеі

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Партрэт горада: падзеі, людзі, юбілеі / Святлана Курачук // Краязнаўчая газета. – 2022. – Ліпень (№ 27). – С. 6.

Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка рыхтуе і выдае разнастайную краязнаўчую літаратуру, з дапамогай якой можна ўзбагаціць свае веды пра Кобрын.


Партрэт горада: падзеі, людзі, юбілеі


Любоў да малой радзімы, Бацькаўшчыны прыходзіць праз веданне яе гісторыі. Каб выхаваць у нашчадкаў павагу да роднага горада, да спадчыны продкаў, паказаць Кобрын ва ўсёй яго прыгажосці, супрацоўнікі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі выкарыстоўваюць розныя формы работы. Адна з іх – выдавецкая дзейнасць. Бібліятэка рыхтуе і выдае разнастайную краязнаўчую літаратуру, з дапамогай якой можна ўзбагаціць свае веды пра Кобрын.
Сёлета спаўняецца 735 гадоў з часу першай пісьмовай згадкі пра Кобрын. Наш горад уваходзіць у лік найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Ён слаўны сваёй гісторыяй, помнікамі, традыцыямі, людзьмі. Гістарычныя падзеі, знакамітыя асобы, цікавыя факты знаходзяцца ў цэнтры ўвагі выданняў бібліятэкі аб Кобрыне. Бібліёграфамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі падрыхтаваны шэраг краязнаўчых выданняў серыі «Ведай і любі свой горад».


Горад багатай спадчыны

Кобрын - прывабны для турыстаў і падарожнікаў горад. Дайджэст-інфарміна славутасцяў горада «Сем цудаў Кобрына» знаёміць з самымі адметнымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі, сімваламі горада, яго гонарам і славай. Аднак кабрынчане лічаць, што цудаў у нас значна больш чым сем, і спіс іх можна працягваць… Пацвярджаюць гэта турыстычна-бібліяграфічны даведнік «Захавальнікі гісторыі роднага краю», гісторыка-краязнаўчая памятка і краязнаўчая закладка-круіз пад аднайменнай назвай «Мы гаворым Кобрын, маем на ўвазе …», галоўная мэта якіх – даць магчымасць пазнаёміцца з рознымі аспектамі мінулага і сучаснага выдатных мясцін, помнікаў, славутасцяў нашай малой радзімы. Маляўніча аформленае рэкламнае выданне «Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны» змяшчае пералік усіх гісторыка-культурных каштоўнасцяў горада і раёна, уключаных ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а плакат-карта «Дапамагаем адкрываць родны край» прадстаўляе культурна-гістарычныя аб’екты Кобрыншчыны са спасылкамі на сайты ўстаноў, што займаюцца краязнаўчай дзейнасцю. Кобрын расце, маладзее і разам з тым беражліва захоўвае сваю гістарычную спадчыну. Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што паказаць!

Хроніка вызвалення: Вялікая Айчынная ў імёнах і датах

20 ліпеня 1944 г. Кобрын быў вызвалены ад акупацыі. Гісторыка-бібліяграфічны летапіс «Яны вызвалялі наш горад» вяртае нас да гэтай памятнай даты, змяшчае хроніку вызвалення Кобрына і інфармацыю пра тых, хто гэта рабіў. А закладка-банер «Хроніка вызвалення Кобрына» змяшчае кароткую інфармацыю, а таксама дае спасылку праз QR-код да сайта бібліятэкі. 19 вуліц горада носяць імёны герояў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Даведнік «Думаць пра жывых, памятаць пра загінуўшых» - пра тых, хто вызваляў Кобрын, хто мужна змагаўся пры яго абароне, чыімі імёнамі названы вуліцы горада. Інфармацыйная закладка «Вуліцы, авеяныя славай: гісторыя Вялікай Айчыннай у назвах вуліц Кобрына» прадстаўляе фактаграфічныя звесткі, а адпаведны QR-код дазваляе зацікаўленаму чалавеку імгненна зайсці на сайт бібліятэкі.

Гісторыя і сучаснасць

Інфармацыйна-бібліяграфічныя выданні «Воінскай славай авеяны», «Помнік рускай славы: лёс галоўнага помніка горада» прысвечаны падзеям Айчыннай вайны 1812 г., а менавіта Кобрынскаму бою, у якім рускія войскі атрымалі першую значную перамогу. У яго гонар у 1912 г. у Кобрыне быў усталяваны помнік.
Значныя змены ў знешні выгляд і інфраструктуру прыйшлі ў сувязі са святкаваннем рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», які ў 2009 г. прымаў Кобрын. Аб 17-і новых аб’ектах, многія з якіх сёння фарміруюць сучасны воблік Кобрына, краязнаўчы каляндар-фоталетапіс «Другая маладосць старажытнага горада».
Даведнік-тур па вуліцах «Імёны тваіх вуліц, горад Кобрын» дае цікавую, карысную інфармацыю пра назвы вуліц горада ў мінулым і сучасным, шырока прадстаўляе іх фотагалерэю розных часоў. З года ў год Кобрын расце, але захоўвае свае непаўторнае гістарычнае аблічча. Інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік «Візітная картка Кобрына» выдадзены з нагоды 75-годдзя з часу заснавання Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава.
Да трох знакавых дат Кобрынскага парку імя А. В. Суворава — 250-годдзя з часу заснавання, 70-годдзя ў статусе парку культуры і адпачынку, 55-годдзя з часу прысваення статуса помніка садова-паркавага мастацтва — прымеркаваны інфармацыйна-пазнавальны даведнік «Зялёная жамчужына Кобрына». Старажытны і прыгожы парк з’яўляецца любімым месцам адпачынку гараджан.
Цыкл «Праваслаўныя святыні Кобрыншчыны» прадстаўлены інфармацыйнымі буклетамі «Манастыр у імя Усяміласцівага Спаса» і «Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла», зробленымі ў фармаце «Акенца».

Іх лёсы звязаны з Кобрынам

Многія землякі пакінулі ў гісторыі Кобрына значны след. Біябібліяграфічны паказальнік «Краязнавец з вялікай літары» з серыі «Асоба ў гісторыі малой радзімы» прысвечаны краязнаўцу, гісторыку, выдатнаму кіраўніку, публіцысту, Ганароваму грамадзяніну горада Аляксею Мартынаву; паказальнік «Залатая зорка Кобрына» - Герою Савецкага Саюза, ваеннаму дзеячу, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, Ганароваму грамадзяніну горада Уладзіміру Кірмановічу.

Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны» прадстаўлена трыма выданнямі: «Імі ганарыцца Кобрыншчына», «Па працы – пашана», «Людзі навукі нашага краю», якія даюць магчымасць доступу да інфармацыі пра вядомых землякоў, што пакінулі прыкметны след у гісторыі Кобрыншчыны. Цыкл імянных закладак «Славутыя імёны маёй малой радзімы» змяшчае кароткую інфармацыю аб вядомых земляках і адсылае праз QR-код да краязнаўчага блока сайта бібліятэкі. Інфармацыйныя закладкі прысвечаны ўраджэнцам Кобрына О. Зарыскаму, У. Кірмановічу, А. Мартынаву, А. Стральчонку і інш. Цікавы дызайн, сучаснае афармленне, інфарматыўнасць робяць іх цікавымі для любога карыстальніка.

Ведай і любі свой горад

Аб багатай падзеямі гісторыі, баявых і працоўных традыцыях, аб славутасцях і памятных мясцінах Кобрына напісана шмат. Рэкамендацыйны бібліяграфічны паказальнік «Улюбіць у родны горад цэлы свет: што чытаць аб Кобрыне» дае кароткі, але змястоўны агляд кніг, энцыклапедычных выданняў, даведнікаў, фотаальбомаў, прысвечаных нашаму гораду. Сёлета серыя бібліяграфічных паказальнікаў «Ведай і любі свой горад» папоўнілася інфармацыйна-бібліяграфічным спісам «Кобрыну - 735», што ўключае амаль 300 выданняў пра Кобрын.
Цікавым будзе знаёмства з тэматычным зборнікам вершаў мясцовых паэтаў «І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай», а таксама зборнікам вершаў і песень пад назвай «Свой родны край у вершах славім».
Краязнаўчая віктарына-круіз «Я ў гэтым горадзе жыву, я гэты горад ведаю» ўключае 62 пытанні. А такія малыя формы інфармацыі, як віктарына-красворд «Гарадская мазаіка: скульптурна-архітэктурныя аб’екты Кобрына» ў выглядзе мастацкага плаката, ілюстраваная кніжная закладка-памятка «Кобрын: храналогія асноўных дат» адрозніваюцца мабільнасцю, аператыўнасцю, зручнасцю ў выкарыстанні і дапамагаюць хутка данесці да чытача інфармацыю.
Вялікім попытам у чытачоў карыстаюцца штогадовы «Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны», які змяшчае звесткі аб знамянальных падзеях горада і раёна на бягучы год, бібліяграфічны дапаможнік «Новая літаратура аб Кобрыне і Кобрынскім раёне».
Кобрын - горад з багатай гісторыяй, гераічным мінулым і самабытнай сучаснасцю. Ён варты таго, каб яго ведалі, любілі і ганарыліся ім. Слаўны горад святкуе сёлета свой чарговы юбілей, а бібліятэка працягвае працаваць над стварэннем дакументнага інфармацыйнага банка дадзеных аб горадзе.

Святлана КУРАЧУК, бібліёграф
Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Яндекс.Метрика