Курачук, С. Мы славім тых, хто падарыў нам мір / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2023. – 22 красавіка (№ 30). – С. 8 : фат.
Курачук, С. Мы славім тых, хто падарыў нам мір / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2023. – 22 красавіка (№ 30). – С. 8 : фат.
Краязнаўчы паўнатэкставы інфармацыйны рэсурс «Салдаты Перамогі. Ветэраны Вялікай Айчыннай», які сфарміраваны ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, прысвечаны ўдзельнікам ваеннага ліхалецця, у тым ліку І. А. Заморыну.
Салдаты Перамогі
Мы славім тых, хто падарыў нам мір
З кожным годам усё больш аддаляецца ад нас у часе Вялікая Айчынная вайна і ўсё менш застаецца тых, хто памятае вайну не па чутках, а таму, што перажыў яе сам. Краязнаўчы паўнатэкставы інфармацыйны рэсурс «Салдаты Перамогі. Ветэраны Вялікай Айчыннай», які сфарміраваны ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы і на сённяшні час налічвае 967 папак-персаналій, прысвечаны ўдзельнікам ваеннага ліхалецця, страшнай трагедыі мінулага стагоддзя. Шмат нашых землякоў прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, ёсць сярод іх ураджэнцы Кобрыншчыны, а таксама тыя, хто звязаў свой лёс з кобрынскім краем, жыў тут і працаваў. Час не ўладны аддаць забыццю, зменшыць веліч подзвігаў герояў вайны.
Прыбліжэнне свята Перамогі і 105-гадовы юбілей удзельніка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ваеннага лётчыка, кавалера 9-ці ордэнаў СССР і 2-х Францыі Івана Аляксандравіча Заморына - цудоўная нагода ўзгадаць некаторыя старонкі гераічнага лёсу чалавека, частка жыцця якога назаўжды злучана з Кобрынам.
Іван Заморын нарадзіўся 10 красавіка 1918 года ў в. Касценка Магілёўскай губерні. Скончыў 7 класаў сярэдняй школы. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у 13 гадоў матарыстам на швейнай фабрыцы імя Валадарскага ў Магілёве. Яшчэ са школы Іван марыў аб прафесіі лётчыка, таму пачаў наведваць Магілёўскі аэраклуб. У 19 гадоў закончыў вучобу ў аэраклубе, затым быў залічаны ў Барысаглебскую Чырванасцяжную ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў імя В. П. Чкалава. З 1938 года ў Чырвонай арміі. У 1941 годзе прайшоў 4-х месячныя курсы камандзіраў звенняў пры 29-й авіядывізіі Далёкаўсходняга фронту.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны малодшы лейтэнант Іван Заморын у дзеючай арміі. Да чэрвеня 1942 года ваяваў у складзе 168-га знішчальнага авіяцыйнага палка, з чэрвеня 1942 года па студзень 1944 года камандаваў 2-й эскадрылляй 18-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка. 18-ы полк праславіўся тым, што ваяваў разам са славутым французскім авіяпалком «Нармандыя – Нёман». Нашаму герою давялося правесці шмат паветраных баёў разам з французскімі лётчыкамі, поплеч з імі змагацца супраць фашысцкіх захопнікаў. Не раз асабісты прыклад лётчыка-знішчальніка Заморына станавіўся ўрокам вядзення паветранага бою для французаў. Ужо адзін факт дачынення Івана Заморына да вядомага палку робіць яго асобу легендарнай. Імя І. А. Заморына згадвае французскі пісьменнік Франсуа дэ Жофр у сваёй пасляваеннай кнізе ўспамінаў, якая выдавалася і ў СССР; а ў тытрах дакументальна-мастацкага фільма «Нармандыя – Нёман» паказана: «Лётчык Іван Заморын – артыст Зыкаў».
Іван Заморын віртуозна валодаў тэхнікай пілатавання, страляў па-снайперску, у баі дзейнічаў разважліва. Лятаць з ім лічылася вялікім гонарам і добрай школай. За час вайны ён асвоіў некалькі тыпаў баявых самалётаў, у тым ліку і нямецкі Ме-109. Усяго за гады вайны лётчык-знішчальнік Іван Заморын правёў 342 паспяховых баявых вылетаў, 9 варожых самалётаў было збіта ім асабіста і 12 – у групе. Па словах камандзіра 303-й знішчальнай дывізіі Героя Савецкага Саюза генерал-маёра авіяцыі Г. Н. Захарава, лётчык Заморын меў каля 20 асабістых перамог, але з-за сваёй сціпласці ніколі не настайваў на занясенні многіх збітых самалётаў праціўніка на свой асабісты рахунак. У пытаннях асабістага рахунку лётчык быў да крайнасці педантычны: лічыў збітымі толькі тыя самалёты, што ўпалі на яго вачах і чыё месца падзення ён мог бы дакладна паказаць на карце.
У жніўні 1942 года ў адным з цяжкіх баёў самалёт Івана Заморына быў падбіты, лётчыка напаўжывым выцягнулі з самалёта, ён атрымаў вялікія апёкі твару, рук і ног. Некалькі месяцаў правёў у шпіталях. Медыцынская камісія хацела спісаць яго з лётнай работы, аднак І. А. Заморын настойліва, пераадольваючы боль, распрацоўваў свае пашкоджаныя рукі і дабіўся свайго. Праз некалькі месяцаў вярнуўся ў свой полк, на новых баявых машынах зноў падняўся ў неба і правёў яшчэ шмат выдатных паветраных баёў. Дарэчы, многія паветраныя баі, праведзеныя з удзелам лётчыка Заморына, увайшлі ў летапіс гісторыі савецкай авіяцыі.
Знакамітага лётчыка Івана Заморына двойчы прадстаўлялі да прысваення звання Героя Савецкага Саюза, якое ён так і не атрымаў. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў паветраных баях на Курскай дузе, капітан І. А. Заморын быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак на другі дзень у адным з баявых вылетаў загінуў першы камандзір французскай эскадрыллі Жан Цюлян (камандаваў сумесным палётам Іван Заморын). З-за гібелі Жана Цюляна прадстаўленне не адбылося. Другі раз аб узнагароджанні Івана Заморына высокім званнем хадайнічаў камандзір палка падпалкоўнік А. Голубаў, а хадайніцтва падтрымалі камандзір дывізіі генерал-маёр Г. Захараў, камандуючы 1-й паветранай арміі генерал-лейтэнант М. Громаў, камандуючы Заходнім фронтам генерал арміі В. Сакалоўскі. Аднак і на гэты раз І. А. Заморыну не пашанцавала. Гісторыя – амаль аналагічная той, што была з французамі. Толькі цяпер загінуў Леанід Хрушчоў – сын члена Палітбюро Мікіты Хрушчова.
Закончыў вайну І. А. Заморын падпалкоўнікам, камандзірам 523-га знішчальнага Аршанскага Чырванасцяжнага ордэнаў Суворава, Кутузава і Аляксандра Неўскага авіяцыйнага палка. Пасля вайны да самага пенсійнага ўзросту Іван Аляксандравіч служыў у авіяцыі.
Выхадзец з Магілёўскай вобласці, упершыню лётчык Заморын апынуўся ў нашым горадзе пасля вайны, калі 523-ці знішчальны авіяцыйны полк 303-й знішчальнай авіядывізіі дыслацыраваўся ў Кобрыне. У Кобрыне Іван Аляксандравіч правёў і два апошнія дзесяцігоддзі свайго жыцця. Падцягнуты, ветлівы, сціплы і нешматслоўны – не кожны з першага погляду прызнаваў у гэтым чалавеку героя Вялікай Айчыннай вайны. I толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках, калі Іван Аляксандравіч апранаў парадны мундзір палкоўніка авіяцыі, кожны жыхар нашага горада, заўважыўшы шматлікія ўзнагароды ветэрана і сляды апёкаў на яго твары і руках, разумеў, што гэты чалавек многае перажыў і перанёс шмат суровых выпрабаванняў. На пенсіі легендарны лётчык займаўся патрыятычна-выхаваўчай работай, за што атрымаў Ганаровую грамату Савецкага камітэта ветэранаў. Ён сустракаўся з моладдзю, часта бываў у школах, дзе расказваў падрастаючаму пакаленню аб былых баях, вучыў іх быць патрыётамі сваёй Радзімы.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях у гады Вялікай Айчыннай вайны І. А. Заморын узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамi Чырвонага Сцяга, ордэнамі Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны ІІ ступені, Айчыннай вайны І ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Пасля вайны беларускі лётчык Іван Заморын быў узнагароджаны французскім «Ваенным крыжом» і ўдастоены ордэна Ганаровага легіёна – вышэйшай узнагароды Францыі. Яе Івану Аляксандравічу асабіста ўручыў прэзідэнт Францыі Франсуа Мітэран у Крамлі ў азнаменаванне 40-годдзя Перамогі ў Другой сусветнай вайне.
Іван Аляксандравіч Заморын памёр 4 студзеня 1993 года, пахаваны на гарадскіх могілках. Легендарны лётчык знайшоў вечны спакой на кобрынскай зямлі, назаўжды ўпісаўшы свае слаўнае імя ў яе гісторыю. 8 мая 2005 года на доме № 1 па вул. Пушкіна, дзе з 1974-га па 1993 год жыў І. А. Заморын, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Ініцыятарам увекавечання памяці славутага франтавога лётчыка стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны А. М. Сушчук.
… Па меры таго, як час няўмольна бяжыць наперад, і мінулае сыходзіць усё далей, важна захоўваць памяць аб вялікім патрыятызме і подзвігу пакалення пераможцаў. Памяць пра іх і бясконцая ўдзячнасць ім назаўжды павінна застацца ў сэрцах нашчадкаў, якія жывуць пад мірным небам. Гераічныя прыклады гісторыі краю павінны стаць трывалым падмуркам патрыятычнага выхавання моладзі. Работа над базай даных «Салдаты Перамогі. Ветэраны Вялікай Айчыннай» у кобрынскай бібліятэцы працягваецца.
Святлана КУРАЧУК,
бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі