Курачук, С. Натхнёныя малой радзімай / Святлана Курачук // Краязнаўчая газета. – 2023. - № 38 (кастрычнік). – С. 7 : фат. ; Кобрынскі веснік. – 2023. – 21 кастрычніка (№ 64). – С. 16 : фат.
Курачук, С. Натхнёныя малой радзімай / Святлана Курачук // Краязнаўчая газета. – 2023. - № 38 (кастрычнік). – С. 7 : фат. ; Кобрынскі веснік. – 2023. – 21 кастрычніка (№ 64). – С. 16 : фат.
Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік «Малая радзіма вялікіх людзей» - чарговае выданне з серыі «Па вёсках нашага краю».
Натхнёныя малой радзімай
Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала інфармацыйна-бібліяграфічны паказаль-нік «Малая радзіма вялікіх людзей» - чарговае выданне з серыі «Па вёсках нашага краю».
Каб любіць сваю малую радзіму, трэба дасканала яе ведаць. Менавіта гэтым кіраваліся супрацоўнікі бібліятэкі, калі пачалі працаваць над серыяй выданняў пад назвай «Па вёсках нашага краю». Першым у серыі стаў нфармацыйна-аналітычны нарыс «Хидры – первый агрогородок на Кобринщине», прысвечаны вёсцы з найбольш развітай сацыяльнай і вытворчай інфраструктурай. Да 450-годдзя першай згадкі шматлікіх вёсак Кобрыншчыны, першакрыніцай якіх з’явілася «Рэвізія Кобрынскай эканоміі, складзеная ў 1563 годзе каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегам», выдадзены рэкамендацыйны бібліяграфічны спіс «Сузор’е кобрынскіх вёсак». Інфармацыйна-пазнавальны даведнік «Скрозь памяць стагоддзяў» прысвечаны 500-гадоваму юбілею вёсак з самабытнымі народнымі традыцыямі - Балоты і Стрыгава. Гісторыка-краязнаўчы нарыс «Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні» выдадзены да 550-годдзя з часу першай згадкі ў гістарычных крыніцах вёскі Дзівін, аднаго з самых вялікіх паселішчаў у раёне. Нарыс «Летапіс роднай старонкі» быў прысвечаны вёсцы з 500-гадовай гісторыяй Імянін. Інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік «Малой радзімы прыцяжэнне» выдадзены да 475-годдзя з часу першага ўпамінання ўнікальных вёсак - Лелікава і Павіцце. 880-годдзю з часу першай згадкі ў гістарычных крыніцах адной са старэйшых вёсак Кобрыншчыны, што атрымала ў свой час магдэбургскае права, прысвечана выданне «Гарадзец – маленькі горад».
У новым выданні серыі распавядаецца пра вёску Мацы Кобрынскага раёна, якая ў 2023-м адзначае 460-годдзе з часу першай згадкі ў гістарычных крыніцах. Гэтая вёска знамянальная тым, што дала свету шмат цікавых, адораных, таленавітых людзей, якія праславілі сваю малую радзіму. Тут нарадзіўся Максім Антанюк - ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, Першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі. Уладзіслаў Малахоўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў, вынаходнік, інжынер, фотааматар, таксама з гэтых мясцін (нарадзіўся ў 1827 годзе ў маёнтку Маце).
Наогул, вёска Мацы незвычайная. У пасляваенны час сярод яе карэнных жыхароў (а гэта сем'і Карпукоў, Леванюкоў, Макарукоў, Пісарукоў, Прымачукоў) існаваў няпісаны закон: дзеці павінны абавязкова атрымаць вышэйшую адукацыю. Каля 30-і чалавек па вайне паступілі ў самыя розныя ВНУ Савецкага Саюза. Леанід Прымачук - вучоны-матэматык, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт (у жніўні, дарэчы, адзначыў 80-гадовы юбілей). Яго брат Іван - гісторык, прафесар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута, аўтар навуковых прац па гісторыі Беларусі, міжнароднай эканоміцы, палітычнай эканоміі. Віктар Прымачук – правадзейны член (акадэмік) МАІТ у вобласці інфармацыйных тэхналогій, заслужаны будаўнік Расіі. Яго старэйшы брат Васілій - майстар спорту СССР па вольнай барацьбе.
Выхадцы з Мацоў працуюць выкладчыкамі вышэйшых устаноў краіны, настаўнікамі, навуковымі супрацоўнікамі, ёсць сярод іх ваенныя дзеячы. Міхаіл Макарук - генерал-маёр авіяцыі, кандыдат ваенных навук, лётчык-інструктар I класа. Былы ваенна-марскі аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Іспаніі, Рэспубліцы Куба, ён і сёння актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Фёдар Пісарук - палкоўнік, заслужаны дзеяч культуры БССР.
З гэтым паселішчам звязана жыццё шэрага вучоных, якія сталі сапраўднымі аўтарытэтамі ў той ці іншай галіне навукі. Не без падставы ганарыцца вёска Георгіем Антанюком, доктарам філасофскіх навук, сацыёлагам, прафесарам кафедры філасофіі НАН Беларусі; Міхаілам Макаруком, вучоным у галіне ветэрынарыі, педагогам, дацэнтам Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
У інфармацыйна-бібліяграфічным паказальніку сабраны матэрыялы аб жыцці 13-і вядомых ураджэнцах вёскі Мацы. Але выданне не з'яўляецца вычарпальным і, напэўна, не ўключае ўсіх, чые імёны вартыя застацца ў памяці наступных пакаленняў. Пошукавая работа працягваецца… Вывучаючы гісторыю вёскі Мацы і яе жыхароў, не раз лавіла сябе на думцы, што калі зямля нараджае такіх выдатных людзей, яна мае вялікую сілу. Зямля, якая дала свету такую колькасць таленавітых, адораных людзей, дабраслаўлёная! А талент нараджаецца з любові да роднага краю. Нашы героі ніколі не забывалі пра сваю малую радзіму і заўсёды з радасцю прыязджалі.
У пошуку інфармацыі аб выдатных людях вёскі Мацы прымалі ўдзел многія людзі: і самі героі выдання, і іх сваякі, аднакласнікі, землякі. Выказваем шчырую падзяку за дапамогу, інтэрв’ю, прадастаўленыя матэрыялы Леаніду Прымачуку і Мікалаю Гарошку з Мінска, Ніне Якубец і Васілію Прымачуку з Кобрына, Валянціне Сыч і Іне Кузняцовай з тэвельскага краю, бібліятэкару Стрыгаўскай публічнай бібліятэкі Тамары Качан, калегам з Жабінкаўскай цэнтральнай бібліятэкі…
Завітвайце на наш сайт www.krcls.by (рубрыка «Краязнаўства. Краязнаўчыя выданні») і даведаецеся больш.
Святлана КУРАЧУК