Яны вызвалялі Кобрыншчыну
05.07.2024 16:49
Напярэдадні Дня горада бібліёграфы цэнтральнай раённай бібліятэкі прапануюць прэзентацыйны відэафільм - відэа-парад да 80-годдзя вызвалення г. Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Яны вызвалялі Кобрыншчыну».
Тры гады пакутаваў Кобрын пад ярмом фашысцкай акупацыі. Захоплены гітлераўцамі ў ліку першых і вызвалены ў ліку апошніх, горад знаходзіўся пад фашысцкім прыгнётам 1142 дня. У горадзе і ў раёне загінула каля 13 тысяч мірных жыхароў.
Доўгачаканае вызваленне прыйшло 20 ліпеня 1944 года. У вызваленні Кобрына ўдзельнічалі воіны 12 гвардзейскай Пінскай Чырванасцяжнай і 212 Крычаўскай стралковых дывізій. 12-ці воінскім часцям 61-й арміі I Беларускага фронту, якія асабліва вызначыліся ў баях за горад, было прысвоена ганаровае найменне «Кобрынскіх».
«Аб вайне ў імя жыцця», «Хроніка вызвалення», «Светлы дзень вызвалення», «Час вымяраецца памяццю», «Жыве Перамога ў пакаленнях» - гэтыя і іншыя слайды яскрава сведчаць пра тыя памятныя падзеі вызвалення Кобрына і заклікаюць памятаць, якой цаной дасталася перамога.