Творчая сустрэча з Зінаідай Дудзюк
18.06.2025 09:55
Творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, брэстчанкай Зінаідай Дудзюк адбылася ў дзіцячай бібліятэцы ў Кобрыне.
Мерапрыемства наведалі выхаванцы лагера Кобрынскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства.
Прысутныя з задавальненнем слухалі, як Зінаіда Іосіфаўна расказвала пра сябе, свой жыццёвы і творчы шлях, прэзентавала некаторыя кнігі, напісаныя для дзяцей, чытала вершы і загадвала загадкі. Дзеці, якія першымі правільна адказвалі на загадкі і пытанні, атрымлівалі ў падарунак кніжныя закладкі з дзіцячымі творамі яшчэ адной госці – члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, кабрынчанкі Наталлі Кандрашук.
Пасля заканчэння сустрэчы дзеці абступілі Зінаіду Дудзюк і наўзахваткі прасілі ў яе аўтографы.