Елізарава, Ж. Слова класіка ў сэрцах / Жанна Елізарава // Кобрынскі веснік. – 2026. – 31 студзеня (№ 5). – С. 13 : фот.
Слова класіка ў сэрцах
ЗАЛЕССЕ Да 30 студзеня, з нагоды 105-годдзя з дня нараджэння вядомага грамадскага дзеяча, вучонага, педагога, народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна філіял «Залеская сельская бібліятэка» і бібліятэка Залескай сярэдняй школы наладзілі відэамарафон «Чытаем Шамякіна разам», да ўдзелу ў якім запрасілі ўсіх жадаючых. «Відэамарафон – гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца з творамі выдатнага мастака беларускага слова, апынуцца разам з яго героямі і не застацца абыякавымі да іх лёсу», – сцвярджае адна з арганізатараў падзеі Ірына Пакалюк, якая пранікліва прачытала ўнутраны маналог Антона Яраша з рамана «Сэрца на далоні». Удзельнікамі сталі выканаўцы розных узростаў.
Сярод дарослых вызначыліся бібліятэкар школы Наталля Якаўчук і Людміла Рымарук, якіх найбольш узрушыў раман «Вазьму твой боль». Актыўна ўдзельнічалі ў запісе відэа вучні пачатковых класаў, якія разам са сваім кіраўніком Святланай Ігнацюк напярэдадні пазнаёміліся з творчасцю пісьменніка і зацікавіліся яго творамі.«Відэамарафон «Чытаем Шамякіна разам» – гэта даніна памяці славутаму земляку – класіку беларускай літаратуры XX стагоддзя і сучасны фармат знаёмства з творчасцю народнага пісьменніка ў лічбавай прасторы», – заўважаюць удзельнікі. І малыя, і дарослыя чакаюць, калі іх відэа будуць змешчаны ў Інтэрнэце.
Жанна ЕЛІЗАРАВА



