Печать

Абітурыенту - 2013

Выбар прафесіі – выбар лёсу

 

      Для кожнага старшакласніка заўсёды актуальнымі былі пытанні «Кім быць?» и «Куды пайсці вучыцца?» Хачу звярнуцца да будучых абітурыентаў і пераканаць іх ў выбары прафесіі бібліятэкара.

           Напэўна, няма сёння прафесіі больш старажытнай і ў той жа час сучаснай, знаёмай і невядомай, чым прафесія бібліятэкара. Уяўленне аб ёй часцей за ўсё не адпавядае рэчаіснасці, і гэта нядзіўна, бо пісьменнікі, кінарэжысёры стварылі вобраз ціхіх і непрыкметных, сумных і непрыветлівых бібліятэкараў. Толькі той, хто ведае прафесію знутры, упэўнены, што гэта зусім не так.

         Сёння хачу развеяць існуючыя міфы аб прафесіі бібліятэкара.

         Ітак, міф першы: у бібліятэках можна знайсці толькі кнігі.

         Гэта не так. Сучасная бібліятэка захоўвае ў сваіх фондах не толькі кнігі, але і газеты, часопісы, а таксама электронныя носьбіты інфармацыі. А яшчэ бібліятэка - гэта месца дзелавых і асабістых сустрэч, месца для жывых зносін чытачоў самых розных узростаў і прафесій, якія патрабуюць увагі, падтрымкі ў пошуках адказаў на свае шматлікія пытанні. Бібліятэка таксама – цэнтр збору і захавання краязнаўчай інфармацыі, захавання лакальнай культуры

(а ў эпоху глабалізацыі пытанні самабытнасці і падтрымкі мясцовай культуры становяцца асабліва актуальнымі).

Міф другі: бібліятэкар - прафесія для няўдачнікаў.

      А вы ведаеце, што выдатны рускі байкапісец Іван Крылоў, сусветна вядомы сэрцаед Джакама Казанова па прафесіі былі бібліятэкарамі? У розны час бібліятэкарамі працавалі Міхаіл Ламаносаў, Леў Талстой, Мікалай Лабачэўскі, Ганна Ахматава, Іван Бунін, браты Грым, Іаган Вольфганг Гётэ, Імануіл Кант, Янка Купала, Ян Чачот. Спіс вядомых людзей, якіх аб’ядноўвае прафесія бібліятэкара, можна працягваць і далей. Узнікае пытанне: калі іх ведае увесь свет, ці можна назваць іх няўдачнікамі?

Міф трэці: бібліятэчная прафесія нецікавая.

Сучасны бібліятэкар - чалавек рознабакова развіты: ён педагог і псіхолаг, дыпламат і маркетолаг, артыст і спецыяліст па інфармацыйных тэхналогіях. Бібліятэкар сустракаецца з рознымі цікавымі людзьмі, працуе з электроннымі рэсурсамі, аўдыа- і відэа-матэрыяламі, кампакт-дыскамі, інтэрнэт-рэсурсамі.

Міф чацвёрты: прафесія бібліятэкара - гэта ўчарашні дзень.

Спецыяліст бібліятэчна-інфармацыйнай справы - прафесія будучыні. Бібліятэкар валодае важным уменнем, актуальнасць якога цяжка пераацаніць у наш інфармацыйны век, - гэта  пошук і сістэматызацыя інфармацыі. Таму, якія б сцэнарыі будучага бібліятэк ні малявалі скептыкі, іх прагнозы пакуль не спраўджваюцца. Як сказаў класік, не спяшайцеся пахаваць кнігі і бібліятэкі!

         Такім чынам, бібліятэчная прафесія - гэта сучасная адукацыя, гарантыя работы па спецыяльнасці, грунтоўныя веды ў галіне інфармацыйных тэхналогій.

         Паважаныя абітурыенты! Рабіце свой выбар і прыходзьце вучыцца ва ўстановы, дзе зможаце набыць прафесію бібліятэкара-бібліёграфа:

-         Мінскі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў;

-         Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава;

-         Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А.С. Пушкіна;

-         Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў.

      Жадаю абітурыентам 2013 не памыліцца пры выбары будучай прафессіі і памятаць аб тым, што ўнутраная гармонія - гэта не толькі матэрыяльны дабрабыт, але і работа, якая падабаецца і на якую ідзеш з ахвотай. Бо яшчэ мудры Канфуцый, маючы на ўвазе, што любімая справа прыносіць чалавеку радасць і задавальненне, сцвярджаў: "Знайдзі сабе прафесію па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці".

      

 

                                     Галоўны бібліёграф цэнтральнай        

                                             раённай    бібліятэкі

                                           Святлана Курачук