Печать

 

Курачук, С. Таленты роднага краю. Г. П. Давідзюк / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. - 2017. - 5 жніўня. – С. 4.

Чарговы сумесны з карэспандэнтам «КВ» артыкул у межах першага этапа праекта цэнтральнай раённай бібліятэкі аб славутых людзях Кобрыншчыны «Людзі навукі нашага краю» - пра беларускага сацыёлага, доктара філасофскіх навук, прафесара Г. П. Давідзюка.

      

 

У ГОД НАВУКІ

ТАЛЕНТЫ РОДНАГА КРАЮ

 

Працягваем сумесныя з карэспандэнтам «КВ» публікацыі пра навукоўцаў-ураджэнцаў Кобрыншчыны, падрыхтаваныя бібліёграфамі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ў межах першага этапа праекта аб славутых людзях Кобрыншчыны «Людзі навукі нашага краю».

На гэты раз размова пойдзе пра чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускай сацыялагічнай школы, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны кіраваў партызанскім атрадам.

Георгій Давідзюк нарадзіўся 5 ліпеня 1923 года ў вёсцы Камень-Шляхцінскі Кобрынскага павета (цяпер Акцябр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Скончыў 2 класы гімназіі ў г. Кобрыне. А пасля была вайна... Юнак пайшоў на фронт. У 1942 годзе Георгій Пятровіч узначаліў адзяленне партызанаў, атрымаў першае раненне ў адкрытым баі з нямецкай ротай пад Ганцавічамі. У маі 1943 года быў прыняты ў партыю. У гэтым жа годзе стаў камандзірам партызанскага атрада імя Мікалая Шыша Пінскага злучэння. У 1944 годзе ў час штурму пераправы ў в. Зарэчча атрымаў сур'ёзнае раненне і быў спісаны з фронту.

Затым былі гады вучобы і пошуку месца ў жыцці, свайго прызвання. Георгій Давідзюк працаваў у адміністрацыйных установах, у тым ліку быў загадчыкам аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе ў педінстытуце.

Пасля паспяховага заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага ў 1952 годзе Георгій Пятровіч працаваў у партыйных структурах Брэсцкай вобласці, ЦК КП Беларусі. Затым прадоўжыў адукацыю ў Акадэміі грамадскіх навук у Маскве, працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР. У 1959 годзе Георгій Пятровіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, а праз дзесяць гадоў атрымаў ступень доктара філасофскіх навук. 3 1970 года- прафесар.

Георгій Давідзюк па праве лічыцца роданачальнікам беларускай сацыялагічнай школы. У 1968 годзе арганізаваў сектар, а затым - аддзел сацыяльных даследаванняў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР, які стаў базай для стварэння ў будучым (1990 г.) Інстытута сацыялогіі АН БССР. У 1962-1973 гг. Георгій Давідзюк займаў пасаду загадчыка аддзела сацыялагічных даследаванняў Інстытута філасофіі і права АН БССР.

Новы этап у яго жыцці пачынаецца з переходам у 1973 годзе ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). Тут Георгій Давідзюк у розныя гады ўзначальваў кафедру філасофіі гуманітарных факультэтаў, кіраваў Праблемнай навукова-даследчай лабараторыяй сацыялагічных даследа- ванняў. У апошнія гады ён быў прафесарам кафедры сацыялогіі. У 1989 годзе ва ўніверсітэце было адкрыта аддзяленне сацыялогіі.

Пад навуковым кіраўніцтвам Георгія Пятровіча 48 аспірантаў абаранілі кандыдацкія, а 12 з іх - доктарскія дысертацыі па сацыялогіі. У розныя гады ён чытаў лекцыі ў Іенскім і Білефельдскім (Германія), Люблінскім (Славенія), Кракаўскім (Польшча) універсітэтах. Прымаў удзел у міжнародных сацыялагічных канферэнцыях.

Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны і выдадзены ў 1975 годзе «Метадычныя ўказанні па распрацоўцы плана эканамічнага і сацыяльнага развіцця Мінска на 1976-1980 гады». За гэтую працу наш зямляк узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР. На аснове багатага фактычнага матэрыялу, атрыманага ў час шматлікіх даследаванняў, пад рэ- дакцыяй прафесара Георгія Давідзюка была падрыхтавана цэлая серыя кніг па актуальных праблемах развіцця грамадства, выдадзены шэраг кніг, падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ. Усяго Георгій Пятровіч надрукаваў 150 навуковых прац, у тым ліку 13 – у замежных выданнях.

Навуковая добрасумленнасць, высокая адказнасць за свае рэкамендацыі, адвага ў адстойванні навуковых высноў набылі Георгію Пятровічу заслужаны аўтарытэт сярод навуковай грамадскасці краіны.

У сярэдзіне 1990-х гадоў Георгій Давідзюк завяршыў сваю актыўную навуковую і педагагічную дзейнасць і пайшоў на пенсію, аднак не страціў сувязі з родным універсітэтам і кафедрай сацыялогіі. Першым на факультэце ён быў удастоены высокага звання - «Заслужаны работнік БДУ».

 

Святлана КУРАЧУК,

галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі ДУК "Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма";

Ксенія ПАЛЬТО, карэспандэнт.