Вялікая сіла слова

Печать

Бакун, А. Вялікая сіла слова / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. – 2018. - 25 красавіка. – С. 5.

Суполка залескіх ветэранаў - актыўныя чытачы мясцовай бібліятэкі.


Вялікая сіла слова


Сярод шэрагу ветэранскіх "пярвічак", якія актыўна дзейнічаюць на прадпрыемствах горада і ў сельскіх населеных пунктах Кобрыншчыны, вылучаецца суполка залескіх ветэранаў, якіх аб'яднала вакол сябе Людміла Рымарук. Вось ужо сем гадоў гэтая руплівая, няўрымслівая жанчына, былы настаўнік рускай мовы і літаратуры, як і калісьці ў школе, не ведае спакою за грамадскімі справамі і жыве інтарэсамі людзей, якім патрэбна дапамога.

- Так, у нашай вёсцы калгаса ўжо няма, але ж жывуць пенсіянеры, якія працавалі ў свой час яшчэ і ў калгасе, і саўгасе, у школе, магазіне і іншых прадпрыемствах населенага пункта ды і ў Кобрыне таксама, - расказвае Людміла Міхайлаўна. - Іх нельга пакідаць без увагі, бо сваёй сумленнай працай яны заслужылі пашану. Галоўная наша зброя - добрае слова, якое дапамагае і лечыць ветэранаў яшчэ больш, чым матэрыяльная падтрымка.
На тэрыторыі Залескага сельскага Савета пражывае 480 пенсіянераў. Вялікую дапамогу аказваюць Людміле Міхайлаўне Ніна Купрыянюк і Валянціна Вакуліч, якія ўзначальваюць ветэранскія падраздзяленні ў вёсках Закросніца і Турная, і, безумоўна, Аляксандра Бура, якая 17 гадоў выконвае абавязкі старасты Залесся і ведае праблемы жыхароў больш, чым хто іншы.
Дапамога ў арганізацыі якаснага медыцынскага абслугоўвання, у забеспячэнні прадуктамі харчавання, вырашэнні праблем з палівам, з забеспячэннем транспартам, з апрацоўкай агарода, запрашэнні на святочныя мерапрыемствы, віншаванні з нагоды дзён нараджэння... Пералік добрых спраў, якія не патрабуюць фінансавых затрат і тым не менш вырашаюць шэраг праблем пенсіянера, можна працягваць.
Пенсіянеры таксама не сядзяць склаўшы рукі. Яны актыўна ўключаюцца ў грамадскае жыццё на карысць сваёй вёскі, клапоцяцца, каб быў парадак на могілках, каб былі дагледжаны крыжы-захавальнікі. А яшчэ яны актыўныя чытачы мясцовай бібліятэкі, супрацоўнікі якой стараюцца ўлічыць усе пажаданні сваіх наведвальнікаў: выпісваюць часопісы і газеты, якія карыста- юцца найбольшай папулярнасцю, прывозяць з Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі кнігі "пад заказ". Пра творчыя таленты, умелыя рукі і шырокую душу залесаўчан раскажуць усім іх вырабы - саматканыя дываны і ручнікі, вышытыя сурвэткі, вязаныя сукенкі, якія яны дастаюць са сваіх шаф, каб аздобіць імі выставы, што арганізоўваюць для пенсіянераў супрацоўнікі Залескага цэнтра культуры і вольнага часу напярэдадні вялікіх святаў.
За любой справай, накіраванай на дапамогу ветеранам, хаваецца і работа падрастаючага пакалення. Як старшыня ветэранскай суполкі і кіраўнік нядзельнай школы, што дзейнічае ў Залессі ад Свята-Петрапаўлаўскай царквы, Людміла Рымарук лічыць сваім абавязкам з малога выхоўваць у дзяцей дабрыню, міласэрнасць, павагу да пажылых людзей. I ёй, нераўнадушнаму да чужога болю чапавеку, гэта ўдаецца. Чаканымі гасцямі святочных мерапрыемстваў для ветэранаў заўсёды з'яўляюцца выхаванцы нядзельнай школы, якія рыхтуюць для сваіх самых удзячных слухачоў незабыўныя імпрэзы, напоўненыя вялікай цеплынёй і удзячнасцю, святлом і любоўю да блізкіх.


Алена БАКУН.